Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 2017

Эклезіясціка 39 Эклезіясціка 39 разьдзел

1 Той жа, хто прыстасоўвае душу сваю да страху Божага і ў законе Узвышняга разважае, будзе шукаць мудрасці ўсіх даўнейшых людзей і аддасца прароцтвам.
2 Захавае ён апавяданне людзей знакамітых і паглыбляцца будзе ў таямніцы прыпавесцяў.
3 Выясняць будзе таямніцы прыказак, ды засяродзіцца на сакрэтах прыпавесцяў.
4 Будзе служыць між магнатаў і паказвацца на віду князёў.
5 Пяройдзе на зямлю чужаземных народаў; выпрабуе бо людзей адносна дабра і зла.
6 Прысвяціць сэрца сваё, каб ад світання звярнуцца да Госпада, што стварыў яго, і будзе маліцца перад Узвышнім.
7 Адчыніць вусны свае ў малітве і за злачынствы свае будзе перапрашаць.
8 Калі бо вялікі Госпад захоча, напоўніцца ён духам разумення.
9 Ён словы сваёй мудрасці, быццам дождж, сашле, ды ў мальбе будзе вызнаваць Госпада.
10 І Сам Ён пакіруе парадаю і розумам, і разважаць будзе ў яго таемных справах.
11 Ён зробіць уклад настаўленнем ведаў сваіх ды будзе ўслаўлены ў законе прымірэння Госпадавага.
12 Многія будуць хваліць мудрасць яго, і па спакон вякоў не будзе забыта.
13 Не знікне памяць аб ім, і імя яго будзе жыць з пакалення ў пакаленне;
14 пра яго мудрасць будуць расказваць народы, і хваліць яго будзе сход.
15 Пакуль будзе жыць, пакіне больш, чым імёнаў тысячу, і калі супачыне, яшчэ больш узрасце.
16 Яшчэ падумаю і раскажу; бо я перапоўнены, як месяц у дванаццаты дзень.
17 Паслухайце мяне, сыны пабожныя, і, як ружа, пасаджаная на беразе вады, хай цвіце цела вашае;
18 выдавайце пах мілы, як Лібан,
19 цвіціце, кветкі, як лілея. Падыміце голас і заспявайце песню, ды дабраслаўляйце Госпада ва ўсіх сваіх працах.
20 Дайце пахвалу імю Яго ды вызнавайце Яго хвалою Яго, і спевамі вуснаў, і гусляў; і так кажыце ў вызнанні:
21 «Усе справы Госпадавы вельмі добрыя, і ўсё, што Ён загадаў, у свой час збудзецца!» Не належыцца казаць: «Што гэта?» Або: «Чаму тое?»; бо ўсё ў свой час выявіцца.
22 Па слове Яго вада стала, як сцяна, і па слове вуснаў Яго — вадаёмы.
23 Бо па загадзе Яго станецца ўсё, што захоча, ды ніхто не зможа перашкодзіць, калі Ён ратуе.
24 Дзейнасць кожнага чалавека — на віду Яго, ды няма нічога, што скрылася б ад вачэй Яго.
25 Ён бачыць спакон вякоў, і нічога няма дзіўнага на віду ў Яго.
26 Не трэба казаць: «Што гэта!» Або: «Чаму тое?»; бо ўсё створана на карысць сваю.
27 Дабраславенне Яго, як рака, разлілося;
28 і, як патоп навадняе сушу, так яно знішчыць народы, якія не прытуліліся да Яго,
29 Які ваду ператварыў у салёнасць. Шляхі Яго простыя для святых, а для грэшнікаў дзеля гневу Яго — поўныя перашкодаў.
30 Як ад пачатку дабро створана для добрых, так для грэшнікаў — дабро і зло.
31 Найперш патрэбныя для жыцця людзей: вада, агонь і жалеза, соль, малако і хлеб з мукі пшанічнай, і мёд, і кроў вінаграду, і аліўкавы алей ды адзенне:
32 гэта ўсё святым на дабро, так і бязбожным, і грэшнікам абернуцца ў зло.
33 Ёсць вятры, створаныя дзеля помсты, і ў сваім абурэнні ўзмацнілі яны кары свае;
34 у час знішчэння выльюць моц і абурэнне Таго, Хто стварыў іх, упакораць яны:
35 агонь, град, голад і смерць — усё гэта створана для помсты.
36 Клыкі звяроў дзікіх, і скарпіёны, і гады, і меч двухбаковавостры на помсту, на гібель бязбожных:
37 яны будуць цешыцца з прыказанняў Яго, і прыгатаваныя яны будуць на зямлі на патрэбу, і ў свой час не размінуцца са словам Яго.
38 Дзеля гэтага я быў перакананы ад пачатку, і падумаў, і загадаў на пісьме:
39 «Дзеі Госпада ўсе добрыя, і ў свой час усім Ён будзе карыстацца».
40 Не трэба казаць: «Гэта за тое горшае», бо ўсё ў свой час будзе прызнана за добрае.
41 І цяпер усім сэрцам і вуснамі ўслаўляйце Яго і дабраслаўляйце імя Госпада.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Эклезіясціка (Мудрасць Ісуса, сына Сіраха), 39 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017