Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 2017

Эклезіясціка 48 Эклезіясціка 48 разьдзел

1 Затым з’явіўся Ілля прарок, як агонь, і слова яго гарэла, як светач.
2 Ён навёў на іх голад і сваёю руплівасцю зменшыў лік іх.
3 Словам Госпадавым зачыніў неба, і з неба тры разы скінуў агонь.
4 Як праславіўся ты, Ілля, сваімі цудамі! Ды хто можа з табою зраўнавацца ў славе?
5 Ты, што ўваскрэсіў памерлага ад смерці і з апраметнай словам Госпада;
6 ты, што давёў цароў да загубы і славутых скінуў з іх ложка і лёгка зламаў іх уладу;
7 ты, што пачуў на Сінаі прысуд пакарання, і на Гарэбе — прысуды помсты;
8 ты, што намасціў цароў на адплату і паставіў прарокаў, пераемнікаў па сабе;
9 ты, што схоплены быў віхорам агню і на павозцы з агністымі коньмі; —
10 пра цябе напісана, што ты прызначаны на часы, каб уцішыць гнеў Госпада перад абурэннем, каб павярнуць сэрца бацькі да сына, ды ўзнавіць пакаленне Якуба.
11 Шчасныя тыя, што цябе бачылі, ды якія ў прыязні тваёй паснулі;
12 Бо і мы жыць напэўна будзем, а па смерці не будзе імя наша такое.
13 А Ілля быў закрыты віхорам, і Элісэй быў напоўнены яго духам. У сваіх днях не баяўся кіраўніка, і ніхто не перамог яго ўладаю;
14 і не перамагло яго нічыё слова, і па смерці яго праракавала яго цела.
15 Пры жыцці сваім чыніў ён цуды, і ў смерці зрабіў ён дзіўныя рэчы.
16 Нягледзячы на ўсё гэта народ не навярнуўся і не адступіў ад грахоў сваіх, таму былі выкінуты з сваёй зямлі ды расцярушаны па ўсёй зямлі;
17 і засталося вельмі мала народа, і князь у доме Давіда.
18 Некаторыя з іх рабілі тое, што падабалася Богу; іншыя ж павялічвалі грахі.
19 Эзэхія ўмацаваў свой горад, і ўвёў у сярэдзіну яго ваду, і прабіў жалезам скалу, і пабудаваў вадаём.
20 У яго дні прыбыў Санхэрыб, і паслаў рабсацэна, і адышоў, і падняў руку сваю на Сіён, і стаўся пыхлівым у ганарыстасці сваёй.
21 Тады задрыжэлі сэрцы і рукі іх, і ахапіў іх боль, як нараджаючых жанчын,
22 і прызвалі міласэрнага Госпада, выцягваючы свае рукі да Яго, і Святы хутка выслухаў кліч іх.
23 І не помніў [Госпад] грахоў іх, і не аддаў іх ворагам іх, але ачысціў іх праз Ісаю, святога прарока.
24 Паразіў лагер асірыйцаў і выгубіў іх анёл Яго.
25 Бо Эзэкія рабіў тое, што падабалася Богу, ды пайшоў мужна дарогай Давіда, бацькі свайго, якую даручыў яму прарок Ісая, вялікі і верны ў сваім бачанні.
26 У яго дні сонца адступіла назад, і прадоўжыў цар жыццё.
27 Вялікім духам убачыў будучыню ды пацешыў сумуючых на Сіёне; абвясціў, што мае быць да канца вякоў,
28 ды таямніцы перад тым, як здзейсніліся.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Эклезіясціка (Мудрасць Ісуса, сына Сіраха), 48 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017