Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 2017

Эклезіясціка 7 Эклезіясціка 7 разьдзел

1 Не рабі блага, і благое цябе не апануе;
2 адыдзі ад ліхоты, і яна адыдзе ад цябе.
3 Сыне, не сей у барознах несправядлівасці ды не будзеш у сем разоў больш жаць з іх.
4 Не прасі ў Госпада ўлады ані ў цара пачэснага месца.
5 Не апраўдвайся перад Богам, бо Ён ёсць Знаўца сэрца нашага; і не жадай перад царом паказацца мудрым.
6 Не старайся быць суддзёю, калі не можаш дабрадзейнасцю знішчыць несправядлівасць, каб часам не забаяцца аблічча магната і не спатыкнуцца ў сваёй бесстароннасці.
7 Не грашы перад грамадствам горада і не зневажай сябе перад народам.
8 І не дадавай граху да граху, бо і за адзін не ўхілішся ад пакарання.
9 Не будзь маладушны ў сваім маленні;
10 маліся і не адцурайся ад падавання міласціны.
11 Не кажы: «Гляне Бог на мноства маіх дароў, калі буду іх складаць Богу Найвышэйшаму, і прыме іх».
12 Не насміхайся з чалавека, які ў горычы душы; бо ёсць Той, Хто паніжае і ўзвышае, — Наглядчык Бог.
13 Не выдумляй нічога лжывага супраць брата свайго, і не чыні нічога падобнага адносна прыяцеля.
14 Не жадай гаварыць ніякай хлусні, бо яе пастаянства не дае дабра.
15 На сходзе старэйшын не будзь лапатлівы ды мнагаслоўны — у сваім маленні.
16 Не цурайся цяжкай працы і зямляробства, створанага Узвышнім.
17 Не залічвай сябе да распусных;
18 памятай, што гнеў не будзе марудзіць.
19 Утаймоўвай моцна свой дух, бо кара для бязбожнага — агонь і чарвяк.
20 Не замяняй прыяцеля на грошы, ані найлюбімейшага брата — на золата Афіра.
21 Не пакідай разумнай і добрай жонкі, якую май у страху Госпадавым, бо годнасць сціпласці яе даражэй за золата.
22 Не крыўдзі слугі, які працуе ў праўдзе, ані найміта, адданага табе душой.
23 Хай разумны слуга будзе табе дарагі, як твая душа; і не падмані яго ў свабодзе ды не пакінь яго ў беднасці.
24 Маеш жывёлу? Даглядай яе, ды калі яна карысная — хай застаецца пры табе.
25 Маеш дзяцей? Гадуй іх і з маленства прыгінай каркі іх.
26 Маеш дачок? Беражы іх цела і не паказвай ім вясёлага аблічча свайго.
27 Аддавай замуж дачку — і зробіш вялікую справу, ды за разумнага чалавека аддай яе.
28 Калі жонка ў цябе па душы тваёй — не адкідай яе, але ненавіснай не давярай самога сябе.
29 Усім сэрцам сваім шануй бацьку свайго і не забывай стогнаў маці сваёй.
30 Памятай бо, што ты імі народжаны, і чым аддасі ім, як яны табе?
31 Усёй душой тваёй май страх Госпадаў ды паважай Яго святароў.
32 Усёю моцаю сваёй мілуй Таго, Хто цябе стварыў, ды не пакідай слуг Яго.
33 Паважай Бога ўсёй душой тваёй і шануй святароў.
34 Дай ім частку, як загадана табе, пяршыняў і ачышчэння за грэх і за нядбаласць,
35 і лапатку ў ахвяру, і ахвяру асвячэння, і пяршыні святога.
36 І працягні сваю руку ўбогаму, каб здзейснілася ласка і дабраславенне тваё.
37 Акажы ласку кожнаму, хто жыве, але і памерламу не адмаўляй у ласцы.
38 Не ўхіляйся ад суцяшэння тых, якія плачуць і з тымі, якія сумуюць, — ты сумуй.
39 Не лянуйся наведаць хворага, бо за гэта будуць цябе любіць.
40 Ва ўсіх справах сваіх памятай пра свой канец — і павек не зграшыш.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Эклезіясціка (Мудрасць Ісуса, сына Сіраха), 7 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017