Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 2017

Эклезіясціка 17 Эклезіясціка 17 разьдзел

1 Стварыў Бог чалавека з зямлі, і падобным да Сябе ўчыніў Ён яго;
2 ды зноў вярнуў яго на зямлю, і па Сабе надзяліў яго моцаю.
3 Вызначыў яму час і лік дзён, ды даў яму ўладу над тымі, што на зямлі.
4 Палажыў перад ім страх усяму жывому, каб валадарыў ён над звярамі і птушкамі.
5 Даў ім вольныя розум, і язык, і вочы, і вушы, ды даў ім сэрца да развагі і напоўніў іх здольнасцю розуму.
6 Даў ім веды духу, сэрца іх надзяліў разуменнем і паказаў ім, што добрае і што благое.
7 Уклаў у сэрцы іх страх перад Сабой, аб’яўляючы ім веліч твораў Сваіх,
8 і паказаў ім славу ў цудоўных творах Сваіх, каб славілі імя Яго святое і распавядалі пра веліч твораў Яго.
9 Дадаў ім ведаў ды даў ім у спадчыну закон жыцця.
10 Вечнае прымірэнне заключыў з імі ды аб’явіў ім справядлівасць і Свае законы.
11 І веліч высокасці Яго ўбачыла вока іх, ды годнасць голасу Яго пачулі іх вушы, і Ён сказаў ім: «Сцеражыцеся ўсякае ліхоты».
12 Ды загадаў ім кожнаму, што датычыць блізкага яго.
13 Перад Ім заўсёды шляхі іх: не скрытыя яны перад Яго вачамі.
14 Кожнаму народу вызначыў Ён правадыра,
15 і Ізраэль стаў удзелам Бога.
16 І ўсе стварэнні іх — як сонца перад абліччам Яго, і вочы Яго заўсёды на іх шляхах.
17 Не скрытыя іх злачынствы, ды ўсе іх грахі — на вачах Божых.
18 Міласціна чалавека ў Яго, як пячаць, а дабрадзейнасць чалавека зберажэ, як зрэнку вока.
19 І потым Ён устане і аддасць ім, і адплату верне кожнаму на галаву іх.
20 Тым, што пакутуюць, даў дарогу вяртання, ды ўмацаваў тых, якім не хапае цярплівасці, і прызначыў ім долю праўды.
21 Навярніся да Госпада і пакінь свае грахі;
22 маліся перад абліччам Госпада, і Ён зменшыць згаршэнні.
23 Вярніся да Узвышняга і адвярніся ад сваёй несправядлівасці, і мей праступак у вялікай нянавісці.
24 І пазнай справядлівасць і законы Бога, ды стой на баку волі і мальбы да Узвышняга Бога.
25 Хто ў пекле будзе хваліць Узвышняга замест тых, хто жыве і праслаўляе Бога?
26 Не трывай у граху бязбожных; вызнавай перад смерцю: ад памерлага, як ад таго, хто не існуе, няма пахвалы.
27 Хвалі жывучы, жывы і здаровы, хвалі Госпада, ды хвалі Бога і будзеш цешыцца з Яго літасцівасці.
28 О, якая вялікая міласэрнасць Госпада і прабачэнне Яго тым, што навяртаюцца да Яго!
29 Бо не ўсё можа быць у людзях, бо не ёсць несмяротны сын чалавечы.
30 Што яснейшае за сонца? І яно знікне. Або што горшае за тое, што думае цела і кроў? І яно будзе пакарана.
31 Ён сочыць за магуццем высокіх нябёсаў, і ўсе людзі — зямля і парахно.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Эклезіясціка (Мудрасць Ісуса, сына Сіраха), 17 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017