Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 2017

Эклезіясціка 4 Эклезіясціка 4 разьдзел

1 Сыне, не адмаўляй у дапамозе бедным ды вачэй сваіх не адварочвай ад беднага.
2 Не засмучай душы галоднага і не засмучай беднага ў яго беднасці.
3 Не крыўдзі сэрца беднага ды не марудзь дапамагчы патрабуючаму.
4 Не адмаўляй беднаму, які просіць дапамогі, і не адварочвай аблічча свайго ад убогага.
5 Не адварочвай вачэй тваіх ад беднага, дзеля гневу, ды не дай яму магчымасці, каб у адказ ён праклінаў цябе;
6 бо мальба яго, праклінаючага цябе ў горычы душы, будзе выслухана; выслухае ж яго Той, Хто стварыў яго.
7 На сходзе старайся быць прыемным, і перад уладаю спакары душу сваю, ды перад магнатам схілі галаву сваю.
8 Нахілі без прыкрасці вуха сваё да ўбогага, і аддай доўг свой, ды адкажы яму спакойна і спагадліва.
9 Вызвалі пакрыўджанага з рукі крыўдзіцеля яго ды не адчувай незадавальнення ў душы сваёй, калі судзіш.
10 Будзь міласэрным, як бацька, да сірот і, быццам муж, — для іх маці;
11 і будзеш паслухмяным, як сын Узвышняга, і Ён злітуецца над табою больш, чым маці.
12 Мудрасць удыхнула жыццё ў сыноў сваіх і падтрымлівае шукаючых яе.
13 Хто яе любіць, любіць жыццё; ды хто дзеля яе рана ўстане, напоўніцца радасцю Госпадавай.
14 Хто трымаецца яе, атрымае ў спадчыну хвалу; і дзе яна ўвойдзе, там Госпад будзе дабраслаўляць.
15 Хто служыць ёй, будзе паслухмяны Святому; ды тых, што любяць яе, любіць Бог.
16 Хто слухае яе, будзе судзіць народы; ды хто беражэ яе, жыць будзе спакойна.
17 Хто будзе мець давер да яе, успадкаеміць яе; ды будуць мець яе яго пакаленні.
18 Бо ідзе яна з ім і спачатку ў прытворстве выпрабоўвае яго; навядзе на яго страх і трымценне
19 і будзе выпрабоўваць яго выпрабаваннем навукі сваёй, пакуль ён не ўбярэ яе ў сябе, у свае думкі, пакуль не ўмацуецца яна ў душы яго.
20 І вернецца простае да яго, і ўмацуе яго ды пацешыць яго,
21 ды адкрые яму свае таямніцы і ўзбагаціць яго ведамі і разуменнем справядлівасці.
22 А калі ён сыдзе з дарогі, Ён пакіне яго ды аддасць яго ў рукі ворага яго.
23 Сыне, глядзі на час і сцеражыся злога —
24 і не засаромеешся за душу сваю;
25 бо ёсць сорам, што вядзе да граху, і ёсць сорам, што вядзе да хвалы і ласкі.
26 Не крывадушнічай супраць сваёй душы ды не падманвай душы сваёй.
27 Не бойся блізкага твайго ў сваім падзенні
28 і не стрымлівай слова ў час патрэбы; ды не давай сваёй мудрасці напаказ.
29 Бо са слова пазнаецца мудрасць і розум — з адказу языка.
30 Ніякім чынам не супраціўся слову праўды і не саромейся дзеля сваёй невучонасці.
31 Не саромейся вызнаваць грахі свае і не слухайся ніводнага чалавека, дзе грэх.
32 Не праціўся чалавеку магутнаму і не праціўся цячэнню ракі.
33 Аж да смерці змагайся за справядлівасць, і Бог пераможа ворагаў тваіх за цябе.
34 Не спяшайся ў гаворцы сваёй і не будзь марудлівы і лянівы ў сваіх справах.
35 Не будзь, як леў, у сваім доме, разганяючы дамачадцаў сваіх ды крыўдзячы падпарадкаваных табе.
36 Хай не будзе працягнута рука твая да прымання і [хай не будзе] сціснута — да давання.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Эклезіясціка (Мудрасць Ісуса, сына Сіраха), 4 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017