Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 2017

Эклезіясціка 30 Эклезіясціка 30 разьдзел

1 Хто любіць свайго сына, той хай часта карыстаецца ў адносінах да яго розгай, каб мог цешыцца ім у пазнейшы час.
2 Хто ўзгадоўвае свайго сына, будзе мець пацеху ў ім і паміж хатніх праславіцца ў ім.
3 Хто аддае ў навуку сына свайго, той выклікае зайздрасць у ворага, і сярод прыяцеляў будзе ў ім мець славу.
4 Спыніў жыццё сваё бацька яго, і ён як быццам не памёр: бо пакінуў ён па сабе падобнага да сябе.
5 Пры жыцці сваім ён бачыў яго ды цешыўся ім, і пры адыходзе сваім не быў сумны. І не пасароміў сябе перад ворагамі:
6 пакінуў бо абаронцу сям’і ад ворагаў, які і прыяцелям акажа ўдзячнасць.
7 Хто песціць сына, будзе перавязваць раны яго, ды пры кожным голасе будзе трывожыцца нутро яго.
8 Неаб’езджаны конь бывае наравісты, і сын распушчаны бывае нястрыманы.
9 Патурай сыну, і ён будзе страшыць цябе, забаўляйся з ім, і ён стане прычынай смутку твайго.
10 Не смейся з ім, каб праз яго не цярпець і каб пазней не скрыгатаць сваімі зубамі.
11 Не давай яму ў маладосці волі ды не патурай у яго памылках.
12 Нагінай карак яго ў маладосці і лупцуй бакі яго, калі ён яшчэ дзіця, каб часам не зрабіўся цвёрдым і не адмовіўся цябе слухаць, ды каб не прычыніў ён табе болю душы.
13 Вучы свайго сына і прывучай яго да працы, каб не перажываць яго непрыстойных паводзін.
14 Лепш бедны, але здаровы і дужы, чым багаты, але кволы і церпячы целам сваім.
15 Чалавек са здаровым целам лепшы, чым маючы золата і срэбра, і здаровы дух лепшы, чым вялікае багацце.
16 Лепш за багацце цялеснае здароўе, ды няма радасці лепшай за радасць сэрца.
17 Лепш смерць, чым ліхое жыццё, і лепш вечны супачынак, чым доўгая хвароба.
18 Ласункі, пакладзеныя перад зачыненымі вуснамі, быццам кучы ежы, што ляжаць на магіле.
19 Чым паможа ідалу ахвяра? Ён бо не есць, ані нюхае:
20 так той, каго выпрабоўвае Госпад, які нясе плату за злачынства,
21 які глядзіць вачамі ды ўздыхае, як уздыхае еўнух, абдымаючы дзяўчыну.
22 Не давай душы сваёй сумаваць ды не мучай самога сябе думкамі сваімі.
23 Вясёлае сэрца — гэтакае і жыццё чалавека, і багацце без недахопу святасці, і радасць чалавека — гэта даўгалецце.
24 Клапаціся пра сваю душу і пацеш сваё сэрца, і сумаванне адгані ад сябе далёка.
25 Бо многіх загубіў смутак, ды няма з яго карысці;
26 зайздрасць і злосць скарачаюць дні, і заўчасная мітуслівасць прыводзіць да старасці.
27 Калі сэрца спакойнае — добры апетыт, а ежа за стараннасцю яго знойдзецца.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Эклезіясціка (Мудрасць Ісуса, сына Сіраха), 30 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017