Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 2017

Эклезіясціка 13 Эклезіясціка 13 разьдзел

1 Хто дакранецца смалы, той забрудзіцца аб яе, і хто будзе вадзіцца з пыхліўцам, набудзе пыхлівасць.
2 Не падымай цяжару большага сваіх сіл, і не будзь сябрам багацейшаму і паважнейшаму за сябе.
3 Што за сяброўства гаршка з катлом? Бо калі стукнуцца яны, ён разаб’ецца.
4 Багаты скрыўдзіць — і абурацца будзе, а бедны сам будзе скрыўджаны — і сам папросіць прабачэння.
5 Калі будзеш яму карысны, выкарыстае цябе, а калі апынешся ў бядзе, дык пакіне цябе.
6 Калі будзеш мець, будзе баляваць з табой і абчысціць цябе, і сам не будзе шкадаваць цябе.
7 Калі будзеш патрэбны яму, пазабаўляе цябе, і, усміхаючыся табе, абнадзеіць, расказваючы табе нешта добрае, ды скажа: «Ці не трэба табе чаго?»
8 І засароміць цябе сваёй ежай, аж пакуль не абчысціць цябе два і тры разы, і наастатак абсмяе цябе; і затым, калі ўбачыць цябе, не зверне на цябе ўвагі, ды будзе ківаць галавой сваёю пры сустрэчы з табой.
9 Упакарыся перад Богам ды чакай Яго рук.
10 Глядзі, каб не ўпакорыцца табе, зведзенаму ў неразумнасць.
11 Не будзь пакорным у мудрасці тваёй, каб табе, паніжанаму, быць зведзенаму ў неразумнасць.
12 Запрошаны магутнейшым — ухіляйся, і тым настойлівей будзе цябе запрашаць.
13 Не пхайся сам, каб цябе не адпіхнулі; і не стой далёка ад яго, каб пра цябе не забыліся.
14 Не дазваляй сабе гаварыць з ім, як з роўным сабе, ды не вер многім яго словам; бо доўгімі размовамі будзе выпрабоўваць цябе, і, насміхаючыся, пранікне ў таямніцы твае.
15 Неміласцівая душа яго не зберажэ слоў тваіх і не ўсцеражэ ад бяды і ад путаў.
16 Будзь асцярожны і вельмі пільны ў размове сваёй, бо ходзіш ты пад пагрозай загубы.
17 А пачуўшы гэта, ад сну прачніся.
18 Ва ўсім жыцці сваім любі Бога ды прызывай Яго на сваё збаўленне.
19 Усё жывое любіць сабе падобнае: падобна і кожны чалавек — блізкага свайго.
20 Усякае цела злучыцца з падобным сабе, і кожны чалавек будзе сябраваць з падобным сабе.
21 Ці ж будзе сябраваць воўк з ягнём? Так і грэшнік з чалавекам справядлівым.
22 Які мір гіены з сабакам? Або якое спачуванне багатага да беднага?
23 Паляванне льву ў пустыні — дзікі асёл, так і здабыча багатым — бедныя.
24 І як агіднасць для пыхліўца — пакорлівасць, так агідны багатаму — бедны.
25 Калі багаты спатыкаецца, падтрымаюць яго прыяцелі яго, а калі бедны ўпадзе, адпіхнуць яго нават сябры.
26 Калі багаты трапіць у бяду, многа ў яго памагатых; калі скажа што дурное, будуць апраўдваць яго;
27 калі ж бедны пападзе ў бяду, то яшчэ ганіць яго будуць; скажа што разумнае, і не мае прызнання.
28 Калі багаты гаворыць — усе замоўкнуць, і яго прамову падымаць будуць аж пад аблокі;
29 калі бедны прамовіць, пытаюцца: «Хто гэта?» — і калі ён спатыкаецца, то зусім яго знішчаць.
30 Добрае багацце, якое не мае граху ў сумленні, а беднасць найгоршая ў вуснах бязбожнага.
31 Сэрца чалавека змяняе аблічча яго то на дабро, то на зло.
32 Знак сэрца добрага — аблічча вясёлае, і складанае ты прыдумваеш з цяжкасцю.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Эклезіясціка (Мудрасць Ісуса, сына Сіраха), 13 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017