Беларускі пераклад Бібліі Сёмухі 39
Біблія беларуская ў перакладзе Васіля Сёмухі
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Васіля Сёмухі
Той жа, хто прыстасоўвае душу сваю да страху Божага і ў законе Узвышняга разважае, будзе шукаць мудрасці ўсіх даўнейшых людзей і аддасца прароцтвам.
Захавае ён апавяданне людзей знакамітых і паглыбляцца будзе ў таямніцы прыпавесцяў.
Выясняць будзе таямніцы прыказак, ды засяродзіцца на сакрэтах прыпавесцяў.
Будзе служыць між магнатаў і паказвацца на віду князёў.
Пяройдзе на зямлю чужаземных народаў; выпрабуе бо людзей адносна дабра і зла.
Прысвяціць сэрца сваё, каб ад світання звярнуцца да Госпада, што стварыў яго, і будзе маліцца перад Узвышнім.
Адчыніць вусны свае ў малітве і за злачынствы свае будзе перапрашаць.
Калі бо вялікі Госпад захоча, напоўніцца ён духам разумення.
Ён словы сваёй мудрасці, быццам дождж, сашле, ды ў мальбе будзе вызнаваць Госпада.
І Сам Ён пакіруе парадаю і розумам, і разважаць будзе ў яго таемных справах.
Ён зробіць уклад настаўленнем ведаў сваіх ды будзе ўслаўлены ў законе прымірэння Госпадавага.
Многія будуць хваліць мудрасць яго, і па спакон вякоў не будзе забыта.
Не знікне памяць аб ім, і імя яго будзе жыць з пакалення ў пакаленне;
пра яго мудрасць будуць расказваць народы, і хваліць яго будзе сход.
Пакуль будзе жыць, пакіне больш, чым імёнаў тысячу, і калі супачыне, яшчэ больш узрасце.
Яшчэ падумаю і раскажу; бо я перапоўнены, як месяц у дванаццаты дзень.
Паслухайце мяне, сыны пабожныя, і, як ружа, пасаджаная на беразе вады, хай цвіце цела вашае;
выдавайце пах мілы, як Лібан,
цвіціце, кветкі, як лілея. Падыміце голас і заспявайце песню, ды дабраслаўляйце Госпада ва ўсіх сваіх працах.
Дайце пахвалу імю Яго ды вызнавайце Яго хвалою Яго, і спевамі вуснаў, і гусляў; і так кажыце ў вызнанні:
«Усе справы Госпадавы вельмі добрыя, і ўсё, што Ён загадаў, у свой час збудзецца!» Не належыцца казаць: «Што гэта?» Або: «Чаму тое?»; бо ўсё ў свой час выявіцца.
Па слове Яго вада стала, як сцяна, і па слове вуснаў Яго — вадаёмы.
Бо па загадзе Яго станецца ўсё, што захоча, ды ніхто не зможа перашкодзіць, калі Ён ратуе.
Дзейнасць кожнага чалавека — на віду Яго, ды няма нічога, што скрылася б ад вачэй Яго.
Ён бачыць спакон вякоў, і нічога няма дзіўнага на віду ў Яго.
Не трэба казаць: «Што гэта!» Або: «Чаму тое?»; бо ўсё створана на карысць сваю.
Дабраславенне Яго, як рака, разлілося;
і, як патоп навадняе сушу, так яно знішчыць народы, якія не прытуліліся да Яго,
Які ваду ператварыў у салёнасць. Шляхі Яго простыя для святых, а для грэшнікаў дзеля гневу Яго — поўныя перашкодаў.
Як ад пачатку дабро створана для добрых, так для грэшнікаў — дабро і зло.
Найперш патрэбныя для жыцця людзей: вада, агонь і жалеза, соль, малако і хлеб з мукі пшанічнай, і мёд, і кроў вінаграду, і аліўкавы алей ды адзенне:
гэта ўсё святым на дабро, так і бязбожным, і грэшнікам абернуцца ў зло.
Ёсць вятры, створаныя дзеля помсты, і ў сваім абурэнні ўзмацнілі яны кары свае;
у час знішчэння выльюць моц і абурэнне Таго, Хто стварыў іх, упакораць яны:
агонь, град, голад і смерць — усё гэта створана для помсты.
Клыкі звяроў дзікіх, і скарпіёны, і гады, і меч двухбаковавостры на помсту, на гібель бязбожных:
яны будуць цешыцца з прыказанняў Яго, і прыгатаваныя яны будуць на зямлі на патрэбу, і ў свой час не размінуцца са словам Яго.
Дзеля гэтага я быў перакананы ад пачатку, і падумаў, і загадаў на пісьме:
«Дзеі Госпада ўсе добрыя, і ў свой час усім Ён будзе карыстацца».
Не трэба казаць: «Гэта за тое горшае», бо ўсё ў свой час будзе прызнана за добрае.
І цяпер усім сэрцам і вуснамі ўслаўляйце Яго і дабраслаўляйце імя Госпада.