Ісаі 42 разьдзел

Кніга прарока Ісаі
Пераклад Чарняўскага 2017 → Біблія Скарыны (Бразгуноў)

 
 

Вось жа слуга Мой, якога падтрымаю, выбраннік мой, у якім мае ўпадабанне душа Мая; спаслаў Я Духа Майго на яго, ён надасць закон народам.
 

Не будзе крычаць і не падыме голасу, не пачуецца голас яго на двары.
 

Трысціны надламанай не зломіць і кнота тлеючага не стушыць; надасць ён закон па праўдзе.
 

Не знеахвоціцца, ані заломіцца, пакуль не ўстановіць на зямлі закон, Яго закону чакаюць астравы».
 

Вось што кажа Госпад Бог, Які стварыў нябёсы і распасцёр іх, умацаваў зямлю і тое, што вырастае з яе, даў подых [жыцця] людзям, якія жывуць на ёй, і дух тым, якія ходзяць па ёй:
 

«Я, Госпад, паклікаў цябе ў справядлівасці, і ўхапіў цябе за руку; і ўфармаваў цябе, і ўстанавіў цябе, як пагадненне людзям, як святло для паганаў,
 

каб адкрыў ты вочы сляпым ды вывеў з заключэння вязня, з вязніцы — тых, якія сядзяць у цемры.
 

Я — Госпад: гэта імя Маё; і славы сваёй не аддам іншаму, і хвалы сваёй — ідалам.
 

Першыя падзеі, якія былі, — вось, збыліся, новыя ж — аб’яўляю таксама: перш, чым здзейсняцца, — дам вам пачуць».
 

Спявайце Госпаду песню новую, хвала Яго — з канцоў зямлі; вы, якія сыходзіце ў мора, і тое, што поўніць яго, астравы і іх жыхары.
 

Хай радуецца пустыня і яе гарады, пасяленні, якія абжывае Кедар! Жыхары Петры хай гамоняць радасна, з вяршыняў гор хай усклікаюць.
 

Хай аддаюць хвалу Госпаду і славу Яго абвяшчаюць на астравах!
 

Госпад выйдзе, як асілак, і, як ваяр, падтрымае запал; падасць Ён голас і пачне склікаць, перавысіць моцай ворагаў сваіх.
 

«Маўчаў заўсёды, трымаўся ціха, быў цярплівы; цяпер, як парадзіха, загаманю, буду стагнаць і крычаць разам.
 

Пустымі зраблю горы і ўзгоркі ды высушу ўсю зелень іх. Змяню рэкі ў астравы, а азёры асушу.
 

І павяду сляпых па дарозе, якой не ведаюць, ды па сцежках, якіх не спазналі, дам ім хадзіць, замяню цемру перад імі на святло, а крывое — на роўнае. Гэтыя словы споўню для іх ды не пакіну іх».
 

Павярнуліся яны назад; хай пасаромеюцца ад ганьбы тыя, хто вераць у ідалаў, якія кажуць літому балвану: «Вы — нашы багі».
 

«Глухія — слухайце! А сляпыя — углядайцеся, каб бачыць!
 

Хто сляпы, як слуга Мой, а глухі, як пасланец, якога выпраўлю? Хто сляпы, як той, хто збаўлены? І хто сляпы, як слуга Госпада?
 

Многа бачыў ты, а не беражэш; вушы адкрыў ты, а не чуеш».
 

Дзеля Сваёй справядлівасці Госпад захацеў узвялічыць закон і ўзвысіць.
 

Гэты ж народ абрабаваны і спустошаны, у падзямеллі замкнуты ўсе ды запёрты ў вязніцах. Зрабіліся здабычаю, і няма таго, хто ўратуе [аддадзеных] на рабункі, і няма таго, хто скажа: «Аддай!»
 

Хто з вас, калі пачуе гэта, узважыць і прыслухаецца да будучыні?
 

Хто выдаў Якуба на рабунак, а Ізраэля — на спусташэнне? Ці ж не Сам Госпад, перад Якім награшылі? І не хацелі хадзіць Яго дарогамі, ды не слухалі закону Яго.
 

Дык выліў на яго абурэнне гневу Свайго і моцную бітву і спаліў яго наўкола — і той не ўцяміў, і падпаліў яго, а ён не зразумеў.