Езэкііля 11 разьдзел
Кніга прарока Езэкііля
Пераклад Чарняўскага 2017 → Біблія Скарыны (Бразгуноў)
І падняў мяне дух, і занёс мяне да ўсходняй брамы святыні Госпада, звернутай на ўсход сонца; і вось, ля ўваходу ў браму знаходзілася дваццаць пяць мужоў, і сярод іх убачыў я Язанію, сына Азура, і Пэлцію, сына Банаі, кіраўнікоў народа.
І сказаў мне Госпад: «Сын чалавечы, вось мужы, у думках якіх злачыннасць і якія ў гэтым горадзе распаўсюджваюць найгоршыя парады,
гаворачы: “Ці не даўно пабудаваны дамы? Вось кацёл, а мы — мяса”.
Дзеля таго праракуй супраць іх, праракуй, сын чалавечы!»
І ў той час авалодаў мною Дух Госпада і сказаў мне: «Гавары: гэта кажа Госпад: “Такім спосабам кажаце вы, дом Ізраэля, і Я ведаю намеры сэрца вашага.
Вельмі многіх вы забілі ў гэтым горадзе, і вуліцы яго напоўнілі забітымі”.
Дзеля таго вось што кажа Госпад Бог: “Вашы забітыя, якіх вы паклалі ў сярэдзіне яго, — гэта мяса, і горад — кацёл, і Я выведу вас з сярэдзіны яго”.
“Баіцеся меча, і Я ўзвяду на вас меч, — кажа Госпад Бог.
І Я выганю вас з яго сярэдзіны, і аддам вас у рукі чужынцам, і правяду суд над вамі.
Вы будзеце падаць ад меча, і буду судзіць вас у межах Ізраэля, і даведаецеся, што Я — Госпад.
Ён не будзе для вас катлом, і вы не будзеце ў ім мясам; у межах Ізраэля буду судзіць вас;
і даведаецеся, што Я — Госпад, бо не жылі вы паводле прыказанняў Маіх і законаў Маіх не спаўнялі, але спаўнялі законы тых народаў, якія вас акружаюць навокал”».
І сталася, калі я толькі скончыў праракаваць, памёр Пэлція, сын Банаі; дык упаў я на твар мой, крычучы ўголас гэтыя словы: «О Госпадзе, Божа! Ты знішчаеш рэшту Ізраэля!»
І прамовіў да мяне Госпад, кажучы:
«Сын чалавечы, браты твае, браты твае, людзі блізкія твае і ўвесь дом Ізраэля, — усе, каму сказалі жыхары Ерузаліма: “Далёка вы ад Госпада, зямля гэтая дадзена нам ва ўласнасць”».
Таму гэта кажа Госпад Бог: «Таму што Я выгнаў іх да народаў і рассыпаў іх па зямлі, буду для іх святыняй невялікай ў тых землях, у якія прыбылі».
Дзеля таго гавары: «Гэта кажа Госпад Бог: “Я збяру вас з народаў, і пазбіраю з тых земляў, у якія вы былі выгнаны, ды дам вам зямлю Ізраэля.
І вернуцца яны туды, і выкараняць з яе ўсе злачынствы і агіднасці яе.
І дам ім другое сэрца ды духа новага дам у нутро іх; і выкіну сэрца скамянелае з цела іх, і дам ім сэрца цялеснае,
каб хадзілі паводле прыказанняў Маіх і закон Мой захоўвалі і спаўнялі яго, і будуць Мне народам, а Я буду іх Богам.
А чыё сэрца схіляецца да ідалаў і агіднасцей сваіх, на тыя галовы пакладу Я адказнасць за іх учынкі”, — кажа Госпад Бог».
І херубіны ўзнялі свае крылы, і адначасова з імі пайшлі колы, а слава Бога Ізраэля супачывала на іх угары;
І адышла слава Госпада з межаў горада, і затрымалася на гары, што на ўсход ад горада.
І дух падняў мяне, і прынёс у бачанні ў Божым духу да перасяленцаў у зямлю Халдэйскую; і спынілася ў мяне бачанне, якое я меў.
І расказаў я перасяленцам усе справы Госпада, якія Ён мне дазволіў бачыць.