Езэкііля 25 разьдзел

Кніга прарока Езэкііля
Пераклад Чарняўскага 2017 → Біблія Скарыны (Бразгуноў)

 
 

І прамовіў да мяне Госпад гэтыя словы:
 

«Сын чалавечы, звярні твар свой да аманіцян і праракуй супраць іх,
 

і кажы аманіцянам: “Слухайце слова Госпада Бога. Гэта кажа Госпад Бог: “За тое, што ты крычаў “Ага”! на Маю святыню, бо яна была апаганена, і на зямлю Ізраэля, бо яна была спустошана, і на дом Юды, бо ён пайшоў у няволю, —
 

таму Я аддам цябе сынам Усходу ва ўласнасць, і яны раскінуць лагер свой у цябе, і паставяць у цябе палаткі свае: яны будуць есці збожжа тваё ды піць малако тваё.
 

І Я аддам Рабу на пашу вярблюдам, і аманіцян — на логавішча для статкаў, і даведаецеся, што Я — Госпад Бог”.
 

Гэта кажа Госпад Бог: “За тое, што ты пляскаў рукамі і тупаў нагамі, і ўсцешыўся ад усяе душы з зямлі Ізраэля,
 

вось таму Я выцягну Маю руку супраць цябе, і аддам цябе на рабунак народам, і выкарчую цябе паміж народаў, і вынішчу цябе пасярод земляў, і загублю, і даведаешся, што Я — Госпад!”
 

Гэта кажа Госпад Бог: “Дзеля таго, што Мааб і Сэір казалі: “Вось жа, дом Юды — такі самы, як усе іншыя народы,” —
 

вось таму Я адкрыю бок Мааба, пазбаўляючы яго гарадоў, гарадоў яго, — кажу Я, — ад межаў яго, ад аздобы зямлі гэтай: ад Бэт-Есімота, ад Баал-Мэона і Карыятаіма;
 

аддам іх разам з аманіцянамі ў спадчыну сынам Усходу, каб аб аманіцянах не было больш успаміну між народамі.
 

І Я ўчыню суд Маабу, і даведаюцца, што Я — Госпад”».
 

Вось што кажа Госпад Бог: «За тое, што Ідумея ўчыніла помсту, каб адпомсціць дому Юды, і, правініўшыся, зграшыла ды абрушыла на іх помсту, —
 

дзеля таго вось што кажа Госпад Бог: Я выцягну руку Маю супраць Ідумеі, ды вынішчу ў ёй людзей і жывёлу, і ператвару яе ў пустыню — ад Тэмана аж да Дэдана загінуць ад меча.
 

Я адпомшчу Ідумэі праз руку народа Майго Ізраэля, і зробяць яны з Эдомам паводле гневу Майго і абурэння Майго, і адчуюць яны помсту маю», — кажа Госпад Бог.
 

Вось што кажа Госпад Бог: «За тое, што філістынцы адпомсцілі і адпомсцілі ад усяе душы, забіваючы і павялічваючы спрадвечную нянавісць,
 

дзеля гэтага вось што кажа Госпад Бог: “Вось, Я выцягну руку Маю супраць філістынцаў, і выкарчую херэтаў, і знішчу астаткі зямлі прыморскай;
 

Я выканаю над імі вялікую помсту, удараючы ў абурэнні, і даведаюцца, што Я — Госпад, калі Я даканаю на іх помсту Маю”».