Амоса 5 разьдзел

Кніга прарока Амоса
Пераклад Чарняўскага 2017 → Біблія Скарыны (Бразгуноў)

 
 

Слухайце слова гэтае, якое я ўздымаю над вамі, плач, о доме Ізраэля;
 

упала і не мае сілы падняцца дзяўчына Ізраэля; кінута на зямлю сваю, няма, хто б яе падняў.
 

Бо гэта кажа Госпад Бог: “Горад, з якога выходзіла тысяча, застанецца ў ім сто; ды з якога выходзіла сто, застанецца ў ім дзесяць перад домам Ізраэля”.
 

Бо вось што кажа Госпад дому Ізраэля: “Шукайце Мяне, і будзеце жыць;
 

ды не шукайце Бэтэль, і не ўваходзьце ў Галгал, і не наведвайце Бээр-Сэбы, бо Галгал пойдзе ў няволю, а Бэтэль будзе нічым”.
 

Шукайце Госпада і будзеце жыць; каб Ён часам не абрушыўся на дом Язэпа, як агонь, і не паглынуў яго, і не будзе каму яго загасіць у Бэтэлі.
 

О вы, якія закон пераварочваеце ў палын, а справядлівасць топчаце па зямлі
 

Гэта, вось, Той, Хто стварыў зоркі Пляяды і Арыёна, Хто перамяняе цемру ў раніцу, а дзень ноччу зацямняе, Хто прызывае воды мора і разлівае іх па паверхні зямлі; Госпад — імя Яго.
 

Ён робіць так, што знішчэнне пануе над волатам, ды наводзіць Ён знішчэнне на крэпасць.
 

А яны ненавідзяць таго, хто судзіць у браме, не церпяць таго, хто кажа праўду.
 

Такім чынам, за тое, што тапталі беднага і частку збожжа бралі вы ад яго, дык вы будуеце сабе дамы з цясанага каменя, але не будзеце ў іх жыць; закладаеце вінаграднікі найлепшыя, але віна з іх не будзеце піць.
 

Бо пазнаў я многія вашы збродні і многія вашы грахі, о вы, крыўдзіцелі справядлівага, хабарнікі і прыгнятальнікі бедных у браме!
 

Вось чаму ў гэты час мудры маўчыць, бо гэта — час нядолі.
 

Шукайце дабра, а не ліхоты, каб жылі так, каб быў з вамі Госпад, Бог Магуццяў, так, як вы казалі.
 

Ненавідзьце ліхоту, а любіце дабро, ды ўсталюйце ў браме справядлівасць! Можа злітавацца Госпад, Бог Магуццяў, над астаткам Язэпа.
 

Дзеля таго кажа Госпад, Бог Магуццяў, Валадар: “На ўсіх плошчах плач, на ўсіх вуліцах будуць крычаць: “Гора, гора!”; ды будуць прызываць земляроба да жалобы і да галашэння — тых, што ўмеюць галасіць.
 

І ва ўсіх вінаградніках будзе плач, бо прайду пасярэдзіне цябе”, — кажа Госпад.
 

Гора тым, хто чакае дня Госпадавага! Нашто вам дзень Госпадаў? Ён — цемра, а не святло.
 

Гэта так, як бы хто ўцёк перад ільвом, а натрапіў на мядзведзя; як бы схаваўся ў дом і абапёрся рукой сваёй аб сцяну, а ўкусіла яго гадзіна.
 

Ці ж не цемра — дзень Госпадаў, ды не святло? Ці ж не цемрадзь без яснасці ў ім?
 

“Ненавіджу, брыджуся вашымі святамі і не маю ўпадабання ў вашых урачыстасцях.
 

Калі, вось, будзеце складаць Мне цэласпаленні, то вашы ахвяры не прыму і не зірну на ахвяры з сытых быкоў вашых.
 

Аддалі ад Мяне гармідар песняў сваіх, ды песні гусляў тваіх не буду слухаць!
 

Хай, як вада, цячэ прысуд, а справядлівасць — як ручай вечны.
 

Ці ж не складалі вы Мне ахвяр крывавых і ахвяр з ежы на працягу сарака гадоў у пустыні, доме Ізраэля?
 

Але і насілі вы Сакута, вашага цара, ды Кайвана, баговішчаў вашых, зорку вашых баговішчаў, якіх зрабілі сабе.
 

Таму перасялю вас за Дамаск”, — кажа Госпад; Бог Магуццяў — імя Яго.