Лукаша 6 разьдзел

Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад а. Сяргея Сурыновіча

 
 

І сталася ў суботу, першую па другім дні Пасхі, калі праходзіў Ён праз пшанічнае поле, вучні Яго зрывалі каласы, расціралі зярняты рукамі ды елі.
 

Некаторыя фарысеі сказалі: «Што гэта робіце, чаго нельга рабіць у суботу?»
 

І, адказваючы, Ісус сказаў ім: «Ці вы не чыталі, што зрабіў Давід, калі быў галодны сам і тыя, што з ім былі?
 

Як увайшоў у дом Божы, і сам браў хлябы пакладныя, і еў, ды даў тым, што з ім былі, хоць не належыць іх есці нікому, толькі святарам».
 

І казаў ім: «Сын Чалавечы ёсць Гаспадар і суботы».
 

У іншую суботу здарылася таксама, што Ісус увайшоў у сінагогу і навучаў. І быў там чалавек, які меў сухую правую руку.
 

А кніжнікі і фарысеі сачылі за Ім, ці будзе ў шабат аздараўляць, каб знайсці прычыну абвінаваціць Яго.
 

Але Ён ведаў думкі іх і гаворыць чалавеку, які меў сухую руку: «Падыміся і стань на сярэдзіне». І ён, падняўшыся, устаў.
 

Тады гаворыць ім Ісус: «Пытаюся вас, ці можна ў суботу добра рабіць, ці блага, жыццё ўратаваць ці загубіць?»
 

І, азірнуўшы навокал ўсіх, сказаў яму: «Выцягні руку тваю!» І ён выцягнуў, і сталася здаровай рука яго як другая.
 

А яны прыйшлі ў шал і радзіліся між сабой, што зрабіць з Ісусам.
 

І сталася ў тыя дні, пайшоў Ён на гару маліцца ды правёў усю ноч у малітве к Богу.
 

І, калі настаў дзень, Ён паклікаў вучняў Сваіх ды выбраў паміж іх дванаццаць, якіх і назваў Апосталамі:
 

Сімона, якога пераназваў Пётрам, і Андрэя, брата яго, Якуба і Яна, Піліпа і Баўтрамея,
 

Мацвея і Тамаша, Якуба Алфеева, і Сімона, якога завуць Зэлотам,
 

Юду Якубава ды Юду Іскарыёта, які стаў здраднікам.
 

І, выйшаўшы з імі, затрымаўся на роўным месцы разам з натоўпам Сваіх вучняў ды з вялікім мноствам людзей з усёй Юдэі і Ерузаліма, з узбярэжжа Тыра і Сідона,
 

што прыйшлі, каб паслухаць Яго і быць аздароўленымі ад сваіх хваробаў; і тымі, што пакутавалі ад нячыстых духаў; і былі аздароўлены.
 

І ўвесь натоўп людзей стараўся дакрануцца да Яго, бо ад Яго выходзіла магутнасць ды аздараўляла ўсіх.
 

І Ён, узвёўшы вочы Свае на вучняў Сваіх, казаў: «Шчасныя ўбогія, бо ваша ёсць Валадарства Божае.
 

Шчасныя, што цяпер галадаеце, бо будзеце насычаны. Шчасныя, што цяпер плачаце, бо будзеце смяяцца.
 

Шчасныя вы будзеце, калі вас людзі будуць мець у нянавісці і калі вас адпіхнуць, і праклінаць вас будуць, і знеслаўляць імя ваша як ліхое з-за Сына Чалавечага.
 

Радуйцеся ў той дзень і скачыце ад радасці, бо ўзнагарода ваша шчодрая на небе; бо так рабілі прарокам бацькі іх.
 

Але гора вам, багацеі, бо маеце суцяшэнне ваша.
 

Гора вам, што цяпер насычаны, бо будзеце галодныя. Гора вам, што цяпер смеяцеся, бо будзеце сумаваць і плакаць.
 

Гора вам, калі аб вас добра гаварыць будуць усе людзі, бо так фальшывым прарокам рабілі бацькі іх.
 

Але кажу вам, тым, хто слухае: любіце непрыяцеляў вашых, добра рабіце тым, што вас ненавідзяць,
 

дабраслаўляйце тых, што вас праклінаюць, і маліцеся за тых, што вас ачарняюць.
 

А хто б цябе ўдарыў у шчаку, падстаў яму і другую; і таму, хто забірае тваю вопратку, не забараняй узяць і туніку.
 

Кожнаму, хто цябе просіць, дай, і ад таго, хто забірае нешта тваё, не патрабуй назад.
 

І, як вы хочаце, каб вам людзі рабілі, так і вы ім рабіце.
 

І, калі любіце тых, што вас любяць, якая вам падзяка? Бо і грэшнікі любяць тых, якія іх любяць.
 

І, калі вы робіце дабро тым, што вам дабро робяць, якая ж вам падзяка? Бо нават грэшнікі так робяць.
 

І, калі пазычаеце тым, ад якіх спадзеяцеся звароту, дык якая ж вам падзяка? Бо і грэшнікі грэшнікам пазычаюць, каб вярнулі ім столькі ж.
 

Вы ж любіце непрыяцеляў вашых і добра ім рабіце, і давайце пазыку, нічога назад не спадзеючыся; і ўзнагарода ваша будзе вялікай, і вы будзеце сынамі Узвышняга, бо Ён спагадны і да няўдзячных і благіх.
 

Будзьце ж міласэрныя, як і ваш Айцец міласэрны.
 

Не судзіце, і не будзеце асуджаны; не абвінавачвайце, і не будзеце абвінавачаны. Даруйце, і вам даруюць.
 

Давайце, і будзе вам дадзена: меркай добрай, поўнай, патрэсенай і з верхам дадуць вам на ўлонне ваша, бо такой самай меркай, што вы мераеце, будзе вам адмерана».
 

І сказаў ім для параўнання: «Ці можа сляпы весці сляпога? Ці не абодва ўваляцца ў яму?
 

Вучань не большы за настаўніка: але, навучаны ўсяму, будзе, як настаўнік яго.
 

Чаму бачыш сцяблінку ў воку брата твайго, а бервяна ў сваім воку не бачыш?
 

Або як можаш казаць брату твайму: “Дазволь, браток, выняць сцяблінку з вока твайго”, а бервяна, што ў тваім воку, не бачыш? Крывадушнік, вынь перш бервяно з твайго вока, а тады пабачыш, як выняць сцяблінку з вока брата твайго.
 

І няма ані дрэва добрага, каб радзіла благія плады, ані благога дрэва, каб радзіла добрыя плады.
 

Бо кожнае дрэва пазнаецца па сваім плодзе. Таксама не збіраюць фігаў з церняў або вінаграду з ажыны.
 

Добры чалавек дабывае з добрай скарбонкі сэрца свайго дабро, а благі чалавек з ліхой скарбонкі сэрца свайго дабывае ліхоцце: бо ад перапоўненасці сэрца гавораць яго вусны.
 

Чаму прызываеце Мяне: “Госпадзе, Госпадзе!”, — і не выконваеце таго, што кажу?
 

Кожны, хто прыходзіць да Мяне, і слухае словы Мае, і выконвае іх, пакажу вам, да каго ён падобны:
 

Ён падобны да чалавека, які збудаваў дом, і ўкапаўся глыбока, і паклаў падмурак на скале; а калі нахлынула паводка, ударыла рака ў той дом і не змагла яго зварухнуць, бо ён быў пабудаваны на скале.
 

А той, хто слухае і не выконвае, падобны да чалавека, які збудаваў свой дом на зямлі без падмурка, на які націснула рака — і зараз паваліўся, і разбурэнне дома таго было вялікае».