Лукаша 6 разьдзел
Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Анатоля Клышкi → Пераклад а. Сяргея Сурыновіча
І сталася: у суботу, [першую па другім дні Пасхі], Ён праходзіў збажыною, і Яго вучні зрывалі калоссе і елі, расціраючы рукамі.
Некаторыя ж з фарысеяў сказалі [ім]: Чаму вы робіце тое, чаго не дазваляецца [рабіць] у суботы?
І ў адказ ім Ісус сказаў: Няўжо вы не чыталі, што зрабіў Давід, калі прагаладаўся сам і тыя, што былі з ім;
як увайшоў ён у дом Божы і, узяўшы хлябы прапановы, ей і даў тым, што былі з ім, а іх не дазваляецца есці нікому, акрамя адных святароў?
І Ён казаў ім: Сын Чалавечы — гаспадар [і] суботы.
І сталася: у другую суботу ўвайшоў Ён у сінагогу і вучыў. І быў там чалавек, і яго правая рука была сухая.
Кніжнікі ж і фарысеі сачылі за Ім, ці не вылечвае Ён у суботу, каб знайсці за што абвінаваціць Яго.
Але Ён ведаў іх думкі і сказаў чалавеку, што меў сухую руку: Падыміся і стань пасярэдзіне. — І той, падняўшыся, стаў.
Ісус жа сказаў ім: Пытаюся ў вас, ці дазваляецца ў суботу дабро рабіць ці ліха чыніць, душу ўратаваць ці загубіць? [Яны ж маўчалі].
І, аглядзеўшы іх усіх, сказаў яму: Выцягні сваю руку. — І ён зрабіў так і ажыла яго рука9.
Яны ж перапоўніліся шаленствам і казалі між сабою, што зрабіць бы Ісусу.
І сталася: у гэтыя дні Ён выйшаў на гару памаліцца, і цэлую ноч правёў у малітве да Бога.
І, калі настаў дзень, Ён паклікаў Сваіх вучняў і выбраў з іх дванаццаць, якіх і назваў Апосталамі:
Сімана, якога і назваў Пятром, і Андрэя, яго брата, і Іякава, і Іаана, і Філіпа, і Варфаламея,
і Матфея, і Фаму, і Іякава Алфеевага, і Сімана, званага Зілотам,
і Іуду Іякавага, і Іуду Іскарыёта, які зрабіўся здраднікам.
І, спусціўшыся з імі, Ён стаў на роўным месцы, і вялікая грамада Яго вучняў, і вялікае мноства народа з усяе Іудзеі і Іерусаліма і з узбярэжжа Тыра і Сідона,
што прыйшлі паслухаць Яго і вылечыцца ад сваіх хвароб; і тыя, каго даймалі нячыстыя духі, таксама вылечваліся,
і ўвесь натоўп шукаў дакрануцца да Яго, бо сіла ад Яго зыходзіла і вылечвала ўсіх.
І Ён, падняўшы вочы Свае на вучняў Сваіх сказаў: Шчаслівыя ўбогія [духам], бо ваша ёсць Царства Божае.
Шчаслівыя, хто галадае цяпер, бо вы будзеце насычаны. Шчаслівыя, хто плача цяпер, бо будзе смяяцца.
Шчаслівыя вы, калі вас зненавідзяць людзі і калі адлучаць вас і будуць ганьбіць, і адкінуць ваша імя як ліхое з-за Сына Чалавечага;
узрадуйцеся ў той дзень і скачыце, бо вось вялікая ваша ўзнагарода ў небе; бо гэтак рабілі іх бацькі прарокам.
Але бяда вам, багатыя, бо вы атрымалі сваю ўцеху.
Бяда вам, сытыя цяпер, бо зазнаеце голад. Бяда вам, што смеяцеся цяпер, бо будзеце смуткаваць і плакаць.
Бяда вам, калі пра вас будуць казаць добра ўсе людзі; бо гэтак рабілі іх бацькі лжэпрарокам.
Але вам, хто слухае, кажу: Любіце сваіх ворагаў, рабіце дабро тым, хто ненавідзіць вас,
добраслаўляйце тых, хто вас праклінае, маліцеся за тых, хто крыўдзіць вас.
Таму, хто ўдарыць цябе па шчацэ, падстаў і другую, і таму, хто забірае ў цябе вопратку, не перашкаджай узяць і кашулю.
Кожнаму, хто ў цябе просіць, дай, і ў таго, хто тваё забірае, не спаганяй назад.
І як хочаце, каб рабілі вам людзі, так і вы ім рабіце.
І калі вы любіце тых, хто любіць вас, якая вам удзячнасць? Бо і грэшнікі любяць тых, хто іх любіць.
[Бо] калі робіце дабро тым, хто вам робіць дабро, якая вам удзячнасць? І грэшнікі тое самае робяць.
І калі пазычаеце тым, ад каго спадзеяцеся атрымаць назад, якая вам удзячнасць? І грэшнікі грэшнікам пазычаюць, каб атрымаць гэтулькі ж.
А вы любіце сваіх ворагаў і рабіце дабро і пазычайце, не чакаючы нічога, і будзе вялікаю ваша ўзнагарода, і будзеце сынамі Усявышняга, бо Ён добры да няўдзячных і ліхіх.
[Дык] будзьце міласэрныя, як [і] ваш Бацька міласэрны.
І не судзіце, і вас не будуць судзіць; і не асуджайце, і вас не асудзяць. Даруйце, і вам даруюць;
давайце, і вам дадуць: мераю добраю, набітаю, утрэсенаю, перапоўненаю дадуць вам у палу; бо якою мерай вы мераеце, адмераюць вам.
І сказаў ім таксама прыпавесць: Хіба можа сляпы сляпога весці? Ці не абодва ў яму ўпадуць?
Вучань не вышэйшы за [свайго] настаўніка; але кожны, удасканаліўшыся, будзе, як яго настаўнік.
Што ж ты бачыш парушынку ў воку свайго брата, а бервяна ва ўласным воку не заўважаеш?
Як ты можаш казаць свайму брату: «Браце, дай я выму парушынку, што ў тваім воку», калі сам бервяна ў сваім воку не бачыш? Крывадушнік, вымі спярша бервяно са свайго вока, тады ясна ўбачыш, як выняць парушынку, што ў воку твайго брата.
Бо няма добрага дрэва, якое радзіла б благі плод, няма і благога дрэва, якое радзіла б добры плод.
Бо кожнае дрэва з свайго плоду пазнаецца; бо з цёрну не збіраюць фігі і з ажыны вінаградных гронак не зразаюць.
Добры чалавек з добрай скарбніцы [свайго] сэрца выносіць добрае, а ліхі [чалавек] з ліхой [скарбніцы свайго сэрца] выносіць ліхое; бо ад перапоўненасці сэрца гавораць яго вусны.
Што ж клічаце Мяне: «госпадзе, Госпадзе!», а не робіце таго, што Я кажу?
Кожны, хто прыходзіць да Мяне і слухае Мае словы і выконвае іх, — Я пакажу вам, да каго ён падобны;
падобны ён да чалавека, што будуючы дом, раскапаў і заглыбіўся і заклаў падмурак на скале; калі ж здарылася разводдзе, на той дом хлынула рака, і не змагла яго пахіснуць, боён быў добра збудаваны10.
А хтопачуў і не выканаў, той падобны да чалавека, што збудаваў дом на зямлі, без падмурка, хлынула рака на яго, і адразу ён абваліўся, і руіна таго дома была вялікая.