Да Галятаў 3 разьдзел

Пасланьне да Галятаў
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад а. Сяргея Сурыновіча

 
 

О неразумныя галаты! Хто зачараваў вас, каб вы не пакараліся праўдзе, вас, перад вачамі якіх апісаны быў Ісус Хрыстос, як бы між вамі укрыжаваны?
 

Гэта адно хачу ад вас даведацца: ці праз учынкі закону атрымалі вы Духа, ці праз слуханне веры?
 

Няўжо вы такія неразумныя, што Духам пачалі, а цяпер целам завяршаеце?
 

Столькі вы нацярпеліся, і безвынікова? Дый калі б безвынікова!
 

Той, Хто вам дае Духа і робіць цуды ў вас, праз учынкі закону [творыць гэта] ці ад слухання веры?
 

Як Абрагам паверыў Богу, і гэта залічана яму за справядлівасць,
 

дык ведайце, што тыя, хто з веры, ёсць сыны Абрагама.
 

Таму прадбачыла Пісанне, што будзе Бог апраўдваць народы з веры, і прадвесціла Абрагаму: «У табе будуць дабраславёны ўсе народы».
 

Дык дабраславёны будуць з верным Абрагамам усе, хто з веры.
 

Бо тыя, што абапіраюцца на ўчынкі закону, знаходзяцца пад праклёнам. Бо напісана: «Пракляты ўсякі, хто не трывае ва ўсім, што напісана ў кнізе закону, каб рабіць гэта».
 

А калі ж законам ніхто не апраўдваецца перад Богам, ясна, што справядлівы з веры жыць будзе.
 

Закон жа не з веры, але хто будзе спаўняць гэта, той жыць будзе ў гэтым.
 

Хрыстос адкупіў нас ад праклёну закону, стаўшыся за нас пракляццем, як напісана: «Пракляты кожны, хто вісіць на дрэве»,
 

каб дабраславенне Абрагама праз Хрыста Ісуса перайшло і на паганаў, каб абяцанне Духа атрымалі мы праз веру.
 

Браты, як чалавек кажу, што нават чалавекам зацверджанага запавету ніхто не адкідае або не дадае.
 

Вось жа, Абрагаму выказаны былі абяцанні і семю яго. Не сказана: «І семям», быццам многім, але як аднаму: «І семю твайму», якім ёсць Хрыстос.
 

Гэта, вось, кажу: запавету аб Хрысце, Богам раней зацверджанага, закон, які з’явіўся праз чатырыста трыццаць гадоў, не адкідае, каб знішчыць абяцанне.
 

Бо калі спадчына з закону, то ўжо не з абяцання. Абрагама ж надарыў Бог праз абяцанне.
 

Нашто тады закон? Ён дзеля праступкаў устаноўлены да часу, пакуль не прыйдзе семя, якому дадзена абяцанне; перададзены праз анёлаў рукою пасярэдніка.
 

Пасярэднік пры адным не бывае, а Бог адзін.
 

Ці ж закон працівіцца абяцанням Божым? Ніякім чынам. Калі б дадзены быў закон, які мог бы ажыўляць, то, сапраўды, з закону вынікала б справядлівасць.
 

Але Пісанне замкнула ўсё пад грахом, каб абяцанне з веры ў Ісуса Хрыста было дадзена веруючым.
 

Перш чым прыйшла вера, былі мы замкнутымі пад аховай закону, [чакаючы] веры, якая павінна была быць нам аб’яўлена.
 

Таму закон быў нашым настаўнікам у Хрысце, каб з веры былі мы апраўданы.
 

А калі прыйшла да нас вера, мы ўжо не пад настаўнікам.
 

Бо ўсе вы ёсць сыны Божыя праз веру ў Хрыста Ісуса.
 

Бо вы, тыя, што ў Хрыста ахрысціліся, у Хрыста апрануліся.
 

Няма ўжо юдэя або грэка, няма ўжо нявольніка або вольнага, няма ўжо мужчынскага ані жаночага: бо ўсе вы сталіся адно ў Хрысце Ісусе.
 

Калі ж вы Хрыстовы, дык вы — семя Абрагама, спадкаемцы паводле абяцання.