Да Галятаў 3 разьдзел
Пасланьне да Галятаў
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Васіля Сёмухі
О неразумныя галаты! Хто зачараваў вас, каб вы не пакараліся праўдзе, вас, перад вачамі якіх апісаны быў Ісус Хрыстос, як бы між вамі укрыжаваны?
О, няцямныя Галяты! Хто падбіў вас не скарацца ісьціне, вас, у каго перад вачыма накрэсьлены быў Ісус Хрыстос, як бы сярод вас укрыжаваны?
Гэта адно хачу ад вас даведацца: ці праз учынкі закону атрымалі вы Духа, ці праз слуханне веры?
Толькі гэта хачу ведаць ад вас: ці празь дзеі закона вы атрымалі Духа, ці праз настаўленьне ў веры?
Няўжо вы такія неразумныя, што Духам пачалі, а цяпер целам завяршаеце?
Ці такія вы няцямныя, што, пачаўшы Духам, цяпер канчаеце плоцьцю?
Столькі вы нацярпеліся, і безвынікова? Дый калі б безвынікова!
Так многа вы перацярпелі няўжо марна? О, калі б толькі марна!
Той, Хто вам дае Духа і робіць цуды ў вас, праз учынкі закону [творыць гэта] ці ад слухання веры?
Той, Хто падаў вам Духа і творыць сярод вас цуды, ці празь дзеі закона робіць гэта, ці праз пропаведзь веры?
Як Абрагам паверыў Богу, і гэта залічана яму за справядлівасць,
Так Абрагам паверыў Богу, і гэта залічылася яму ў праведнасьць.
дык ведайце, што тыя, хто з веры, ёсць сыны Абрагама.
Уведайце ж, што вернікі — сыны Абрагамавыя.
Таму прадбачыла Пісанне, што будзе Бог апраўдваць народы з веры, і прадвесціла Абрагаму: «У табе будуць дабраславёны ўсе народы».
І Пісаньне, прадбачачы, што Бог вераю апраўдае язычнікаў, наперад узьвясьціла Абрагаму: «у табе дабраславяцца ўсе народы».
Дык дабраславёны будуць з верным Абрагамам усе, хто з веры.
Вось так, веруючыя дабраславяцца зь верным Абрагамам.
Бо тыя, што абапіраюцца на ўчынкі закону, знаходзяцца пад праклёнам. Бо напісана: «Пракляты ўсякі, хто не трывае ва ўсім, што напісана ў кнізе закону, каб рабіць гэта».
А ўсе, хто сьцьвярджаецца на дзеях закона, жывуць пад пракляцьцем. Бо напісана: «пракляты кожны, хто ня выконвае пастаянна ўсяго, што напісана ў кнізе закона».
А калі ж законам ніхто не апраўдваецца перад Богам, ясна, што справядлівы з веры жыць будзе.
А што законам ніхто не апраўдваецца перад Богам, гэта ясна, бо «праведны вераю жыць будзе».
Закон жа не з веры, але хто будзе спаўняць гэта, той жыць будзе ў гэтым.
А закон не ад веры; «а хто выконвае яго, той жыць будзе ім».
Хрыстос адкупіў нас ад праклёну закону, стаўшыся за нас пракляццем, як напісана: «Пракляты кожны, хто вісіць на дрэве»,
Хрыстос адкупіў нас ад пракляцьця закона, зрабіўшыся за нас пракляцьцем — бо напісана: «пракляты кожны, хто вісіць на дрэве»,
каб дабраславенне Абрагама праз Хрыста Ісуса перайшло і на паганаў, каб абяцанне Духа атрымалі мы праз веру.
каб дабраславеньне Абрагамавае праз Хрыста Ісуса пашырылася на язычнікаў, каб нам атрымаць абяцанага Духа вераю.
Браты, як чалавек кажу, што нават чалавекам зацверджанага запавету ніхто не адкідае або не дадае.
Браты! кажу я па-людзку: нават чалавекам зацьверджанага запавету ніхто не адмяняе і не дадае да яго.
Вось жа, Абрагаму выказаны былі абяцанні і семю яго. Не сказана: «І семям», быццам многім, але як аднаму: «І семю твайму», якім ёсць Хрыстос.
Але Абрагаму дадзеныя былі абяцаньні і нашчадку ягонаму. Ня сказана: «і нашчадкам», як бы пра многіх, а як бы пра аднаго: «і насеньню твайму», якое ёсьць Хрыстос.
Гэта, вось, кажу: запавету аб Хрысце, Богам раней зацверджанага, закон, які з’явіўся праз чатырыста трыццаць гадоў, не адкідае, каб знішчыць абяцанне.
Я кажу тое, што запавета пра Хрыста, раней Богам зацьверджанага, закон, які паявіўся праз чатырыста трыццаць гадоў, не адмяняе так, каб абяцаньне страціла сілу.
Бо калі спадчына з закону, то ўжо не з абяцання. Абрагама ж надарыў Бог праз абяцанне.
Бо калі паводле закона спадчына, дык ужо не паводле абяцаньня; але Абрагаму Бог даў гэта паводле абяцаньня.
Нашто тады закон? Ён дзеля праступкаў устаноўлены да часу, пакуль не прыйдзе семя, якому дадзена абяцанне; перададзены праз анёлаў рукою пасярэдніка.
Навошта ж закон? Ён дадзены пасьля з прычыны злачынстваў, да часу прышэсьця насеньня, якому было дадзена абяцаньне, і ўчынена праз анёлаў, рукою пасрэдніка.
Пасярэднік пры адным не бывае, а Бог адзін.
Але пасрэднік пры адным ня бывае, а Бог адзін.
Ці ж закон працівіцца абяцанням Божым? Ніякім чынам. Калі б дадзены быў закон, які мог бы ажыўляць, то, сапраўды, з закону вынікала б справядлівасць.
Дык ці ж закон супроць абяцаньняў Божых? Ані! Бо калі б дадзены быў закон, які мог бы ажыўляць, дык сапраўды праведнасьць была б ад закона;
Але Пісанне замкнула ўсё пад грахом, каб абяцанне з веры ў Ісуса Хрыста было дадзена веруючым.
але Пісаньне ўсіх замкнула пад грэх, каб абяцаньне веруючым было дадзена ад веры ў Ісуса Хрыста.
Перш чым прыйшла вера, былі мы замкнутымі пад аховай закону, [чакаючы] веры, якая павінна была быць нам аб’яўлена.
Але да прышэсьця веры, мы былі замкнутыя пад вартаю закона да таго часу, як мела адкрыцца вера.
Таму закон быў нашым настаўнікам у Хрысце, каб з веры былі мы апраўданы.
Дык вось закон быў для нас павадыром да Хрыста, каб нам апраўдацца вераю;
А калі прыйшла да нас вера, мы ўжо не пад настаўнікам.
а як прыйшла вера, мы ўжо не пад кіраваньнем павадыра.
Бо ўсе вы ёсць сыны Божыя праз веру ў Хрыста Ісуса.
Бо ўсе вы сыны Божыя па веры ў Хрыста Ісуса;
Бо вы, тыя, што ў Хрыста ахрысціліся, у Хрыста апрануліся.
усе вы, хто хрысьціўся ў Хрыста, у Хрыста апрануліся!
Няма ўжо юдэя або грэка, няма ўжо нявольніка або вольнага, няма ўжо мужчынскага ані жаночага: бо ўсе вы сталіся адно ў Хрысце Ісусе.
Няма ўжо Юдэя, ні язычніка; няма раба, ні вольніка; няма мужчынскага полу, ні жаночага: бо ўсе вы адно ў Хрысьце Ісусе.
Калі ж вы Хрыстовы, дык вы — семя Абрагама, спадкаемцы паводле абяцання.
Калі ж вы Хрыстовыя, дык вы нашчадкі Абарагамавыя, і паводле абяцаньня спадкаемцы.