Да Галятаў 3 разьдзел

Пасланьне да Галятаў
Пераклад П. Татарыновіча → Пераклад Васіля Сёмухі

 
 

О, бязмысныя Галяты! Хто вас амарочыў ня слухаць праўды, вас, прадачараваных вобразам Езуса Хрыстуса якбы ў вас укрыжаванага?
 
О, няцямныя Галяты! Хто падбіў вас не скарацца ісьціне, вас, у каго перад вачыма накрэсьлены быў Ісус Хрыстос, як бы сярод вас укрыжаваны?

Тое толькі хацеўбы ад вас даведацца: ці ад учынкаў Закону вы атрымалі Духа, ці ад слухання веры?
 
Толькі гэта хачу ведаць ад вас: ці празь дзеі закона вы атрымалі Духа, ці праз настаўленьне ў веры?

Няўжэ аж датаго вы бязмысныя, каб пачатае духам завяршаць цяпер целам?
 
Ці такія вы няцямныя, што, пачаўшы Духам, цяпер канчаеце плоцьцю?

Гэтулькі нацярпеліся надарма? Дый кабжа толькі надарма!
 
Так многа вы перацярпелі няўжо марна? О, калі б толькі марна!

Ціж Той, Хто дае вам Духа і дзее цуды між вамі, праз учынкі Закону робіць гэта, ці дзеля послуху веры?
 
Той, Хто падаў вам Духа і творыць сярод вас цуды, ці празь дзеі закона робіць гэта, ці праз пропаведзь веры?

Як (і напісана): Абрагам паверыў Богу і гэта залічана яму ў праведнасьць.
 
Так Абрагам паверыў Богу, і гэта залічылася яму ў праведнасьць.

Дык ведайцеж: тыя, хто зь веры, ёсьць сыны Абрагамавы.
 
Уведайце ж, што вернікі — сыны Абрагамавыя.

І Пісанне, прадбачыўшы, што Бог вераю апраўдваціме паганаў, прадвясьціла Абрагаму: У табе будуць багаслаўлёныя ўсе народы.
 
І Пісаньне, прадбачачы, што Бог вераю апраўдае язычнікаў, наперад узьвясьціла Абрагаму: «у табе дабраславяцца ўсе народы».

Гэтак вось веручыя дабраславяцца зь верным Абрагамам;
 
Вось так, веруючыя дабраславяцца зь верным Абрагамам.

а ўсе паклікаючыяся на ўчынкі Закону, знайходзяцца пад выкляцьцем; напісана бо: Пракляты кажны, хто не спаўняе вытрывала ўсяго напісанааг ў кнізе Закону.
 
А ўсе, хто сьцьвярджаецца на дзеях закона, жывуць пад пракляцьцем. Бо напісана: «пракляты кожны, хто ня выконвае пастаянна ўсяго, што напісана ў кнізе закона».

А што Законам ніхто не асправядлівіцца перад Богам, дык гэта ясна такжа з напісанага: справядлівы жыве зь веры.
 
А што законам ніхто не апраўдваецца перад Богам, гэта ясна, бо «праведны вераю жыць будзе».

Закон-жа не ад веры, бо кажа: «Хто будзе выконываць яго загады, той будзе ў іх жыць.»
 
А закон не ад веры; «а хто выконвае яго, той жыць будзе ім».

Хрыстус адкупіў нас ад выкляцьця Закону, стаўшыся за нас пракляцьцем, бо напісана: Пракляты ўсякі, хто вісіць на дрэве.
 
Хрыстос адкупіў нас ад пракляцьця закона, зрабіўшыся за нас пракляцьцем — бо напісана: «пракляты кожны, хто вісіць на дрэве»,

каб дабраслаўленства Абрагама праз Езуса Хрыстуса перайшло на паганаў і каб мы вераю атрымалі абецанага Духа.
 
каб дабраславеньне Абрагамавае праз Хрыста Ісуса пашырылася на язычнікаў, каб нам атрымаць абяцанага Духа вераю.

Браты, па-людзку кажучы: навет людзкога тэстаманту, абгрунтаванага як належыцца, ніхто ня можа сказаваць, або перайначваць.
 
Браты! кажу я па-людзку: нават чалавекам зацьверджанага запавету ніхто не адмяняе і не дадае да яго.

А вось Абрагаму й насенню ягонаму былі даныя абяцанні. Не сказана: «і насенням (патомкам)», якбы аба многіх, але аб адным: І насенню твайму, якім ёсьць Хрыстус
 
Але Абрагаму дадзеныя былі абяцаньні і нашчадку ягонаму. Ня сказана: «і нашчадкам», як бы пра многіх, а як бы пра аднаго: «і насеньню твайму», якое ёсьць Хрыстос.

Тое кажу тады: Тэстаманту ўжо Богам уцьверджанага Закон, што зьявіўся чатырыста трыццаць год пазьней, аспрэчыць ня можа так, каб абяссіліць абяцанне.
 
Я кажу тое, што запавета пра Хрыста, раней Богам зацьверджанага, закон, які паявіўся праз чатырыста трыццаць гадоў, не адмяняе так, каб абяцаньне страціла сілу.

Бо каліб спадчына была ад Закону, янаб ня была ўжо ад абяцання; але-ж бо Абрагаму Бог дараваў яе праз абяцанне.
 
Бо калі паводле закона спадчына, дык ужо не паводле абяцаньня; але Абрагаму Бог даў гэта паводле абяцаньня.

Нашто-ж тады Закон? Ён дададзены быў дзеля праступства да часу прыйсьця патомка, якога датычыць абяцанне, аглошаны праз Анелаў рукою пасярэдніка.
 
Навошта ж закон? Ён дадзены пасьля з прычыны злачынстваў, да часу прышэсьця насеньня, якому было дадзена абяцаньне, і ўчынена праз анёлаў, рукою пасрэдніка.

Але пасярэдніка няма, калі хто адзін, а Бог-жа адзін.
 
Але пасрэднік пры адным ня бывае, а Бог адзін.

Дык ціж Закон праціўны абяцанням Божым? Зусім не! Каліб даны быў закон, які могбы ажыцьцяўляць, тадыб існа маглоб асправядліўленне быць і з Закону;
 
Дык ці ж закон супроць абяцаньняў Божых? Ані! Бо калі б дадзены быў закон, які мог бы ажыўляць, дык сапраўды праведнасьць была б ад закона;

алеж Пісанне замкнула ўсё пад грахом, каб абяцанне веручым было дана дзеля веры ў Езуса Хрыстуса.
 
але Пісаньне ўсіх замкнула пад грэх, каб абяцаньне веруючым было дадзена ад веры ў Ісуса Хрыста.

А да прыйсьця веры мы былі сьцеражоныя Законам, чакаючы яе, меўшай адкрыцца.
 
Але да прышэсьця веры, мы былі замкнутыя пад вартаю закона да таго часу, як мела адкрыцца вера.

Так што Закон быў нашым правадніком да Хрыстуса, каб асправядлівіцца вераю;
 
Дык вось закон быў для нас павадыром да Хрыста, каб нам апраўдацца вераю;

а як прыйшла вера, мы ўжо ня ёсьць пад гэтым правадніком,
 
а як прыйшла вера, мы ўжо не пад кіраваньнем павадыра.

усе бо сыны вы Божыя празь веру ў Хрыстуса Езуса.
 
Бо ўсе вы сыны Божыя па веры ў Хрыста Ісуса;

Усе, што ў Хрыстуса хрысьціліся, ў Хрыстуса й ахінуліся.
 
усе вы, хто хрысьціўся ў Хрыста, у Хрыста апрануліся!

Няма ўжо ні Юдэя, ні Грэка; няма ні слугі, ні вольнага; няма мужчыны, ці жанчыны; усе бо вы адно ў Хрыстусе Езусе.
 
Няма ўжо Юдэя, ні язычніка; няма раба, ні вольніка; няма мужчынскага полу, ні жаночага: бо ўсе вы адно ў Хрысьце Ісусе.

А калі вы Хрыстусавы, дык і патомства Абрагамава, спадкаемнікі водле абяцання.
 
Калі ж вы Хрыстовыя, дык вы нашчадкі Абарагамавыя, і паводле абяцаньня спадкаемцы.