Да Галятаў 5 разьдзел
Пасланьне да Галятаў
Пераклад П. Татарыновіча → Пераклад Васіля Сёмухі
Стойце восьжа пры вольнасьці, якою вызваліў нас Хрыстус, не паддавайцеся зноў ярму няволі.
Дык стойце ж у свабодзе, якую даў нам Хрыстос, і ня схіляйцеся зноў пад ярмо рабства.
Вось я, Павал, гавару вам: калі паддасьцеся абразанню, ад Хрыстуса ня будзе вам ніякае ўспамогі;
Вось, я, Павал, кажу вам: калі вы абразаецеся, ня будзе вам ніякае карысьці ад Хрыста.
і датаго сьветчу кажнаму, хто паддаецца абразанню, што ёнжа забавязаны спаўняць увесь Закон.
Яшчэ сьведчу кожнаму чалавеку, які абразаецца, што ён павінен выконваць увесь закон.
Вы, шукаючыя апраўдання ў Законе, вызбыліся Хрыстуса, адпалі ад ласкі;
Вы, хто апраўдвае сябе законам, засталіся бяз Хрыста, адпаліся ад мілаты,
а мы ў духу зь веры надзеемся апраўдання;
а мы духам чакаем і спадзяёмся на праведнасьць ад веры;
бо ў Хрыстусе Езусе ня ёсьць важнае абразанне, ці неабразанне, але вера дзейная праз любасьць.
бо ў Хрысьце Ісусе ня мае сілы ні абразаньне, ні неабразаньне, а вера, якая дзее празь любоў.
Вы паступалі добра: хто убіў вам у голаў, ня слухаць праўды?
Вы ішлі хораша: хто спыніў вас, каб вы не скараліся ісьціне?
Гэткі нагавор не ад таго, хто вас кліча.
Такое перакананьне не ад Таго, Хто заклікае вас.
Крыха закваскі усё цеста квасіць.
Каліва закваскі расчыняе ўсё цеста.
Маю аднак адносна вас надзею на Усеспадара, што ня інакш думаць будзеце (як я), а той, хто зводзіць вас, панясе засуд, кімбы ён ні быў.
Я пэўны за вас у Госпадзе, што вы ня будзеце думаць іначай; а той, хто змушчае вас, хто б ён ні быў, панясе на сабе асуду.
Заштож цярплю яшчэ прасьлед, браты, калі я і цяпер прапаведую абразанне? Тады спыняласяб ужо згоршанне з крыжа.
За што ж гоняць мяне, браты, калі я і цяпер прапаведую абразаньне? Тады ганьба крыжа спынілася б.
О, каліб-то зусім былі аддалены тыя, што вас бянтэжаць!
О, калі б выдаліць тых, якія баламуцяць вас!
Бо вы, браты, пакліканы да свабоды, абы толькі гэтай свабоды ня выкарыствалі на дагаджанне целу, але на ўзаемную услугу праз любасьць.
Да вольнасьці закліканы вы, браты, толькі вольнасьць ваша ня была б повадам дагаджаць плоці; а любоўю служэце адно аднаму.
Увесь бо Закон поўніцца ў вадным сказе: Любі бліжняга твайго, як сябе самога.
Бо ўвесь закон у адзін сказ укладваецца: «любі блізкага твайго, як самога сябе».
А калі вы адзін другога кусаеце й пажыраеце, глядзеце, каб і ня згубілі адзін другога.
Калі ж паміж сабою грызяцеся і ясьце адно аднаго, дык глядзеце, каб не панішчылі вы адно аднаго.
Кажу восьжа: водле духа паступаеце, а пажадлівасьцям цела не патурайце;
Я кажу: рабеце паводле Духа, і вы ня будзеце паддавацца пажадзе плоці;
бо цела пажадае проці духа, а дух проці цела: яны супярэчаць адно другому, так што вы ня можаце рабіць тое, што-б хацелі.
бо плоць жадае супраціўнага Духу, а Дух — супраціўнага плоці: яны адно аднаму супрацівяцца, так што вы ня тое робіце, чаго хацелі б.
Калі-ж вамі кіруе дух, дык вы не пад Законам.
Калі ж вас Дух водзіць, дык вы не пад законам.
Учынкі цела ведамы, як: блудадзейства, распуста, бясстыдзтва, разнузданасьць,
Дзеі плоці вядомыя; вось яны: пералюбства, блуд, нечыстата, непатрэбства,
балванахвальства, чараўніцтва, гэрэзыі, ростыркі, сваркі, закатная злосьць, варожасьць, гнеў, забойствы,
ідаласлужэньне, чарадзейства, варожасьць, свары, зайздрасьць, гнеў, звады, раздоры (спакусы), ерасі,
ненавісьць, зайдрасьць, п’янства й гуляцкае абжорства ды ўсяму гэтаму падобнае; аб чым упераджаю, як і раней упераджаў, што гэтак паступаючыя Валадарства Божага не унасьледзяць.
нянавісьць, забойствы, п’янства, закалоты і іншае такое; папярэджваю вас, як і раней папярэджваў, што тыя, хто робіць так, Царства Божага не ўспадкуюць.
А плод Духа: любасьць, радасьць, згодалюбнасьць, цярплівасьць, ветлівая лагоднасьць, дабрата, міласэрдзе,
А плод Духа: любоў, радасьць, згода, доўгая цярплівасьць, добрасьць, міласэрнасьць, вера,
вернасьць, ціхая скромнасьць, паўстрымнасьць. На гэткіх то няма Закону.
лагоднасьць, устрымлівасьць. На такіх няма закона.
А тые, што належаць да Хрыстуса, цела сваё зь ягонымі похацямі й прыжадлівасьцямі ўкрыжавалі.
А тыя, якія Хрыстовыя, укрыжавалі цела з пажадлівасьцю і пахацінствамі.
Калі жывём духам, дык водле духа і паступаем.
Калі мы жывём Духам, дык згодна з Духам і рабіць павінны.
Ня будзьма пустахваламі, задзіракамі між сабою, адзін другому завідуючы.
Ня будзем пустаславіцца, адно аднаго дражніць, адно аднаму зайздросьціць.