Да Галятаў 4 разьдзел

Пасланьне да Галятаў
Пераклад П. Татарыновіча → Пераклад Васіля Сёмухі

 
 

Кажу восьжа: пакуль насьледнік — малалетні, ён нічым ня рожніцца ад слугі, хоць і гаспадар усяго:
 
Яшчэ скажу: спадкаемец, пакуль у маленстве, нічым не адрозьніваецца ад раба, хоць і гаспадар усяго:

ён пад апякунамі й аканомамі аж да пары вызначанай бацькам.
 
ён пад апекунамі і кіраўнікамі аж да часу вызначанага бацькам.

Гэтак і мы: пакуль былі малымі, падлягалі сілам сьвету,
 
Гэтак і мы, пакуль былі ў маленстве, былі паняволеныя рэчавым пачаткам сьвету;

а як прыйшла поўня часу, Бог паслаў Сына Свайго, зроджанага з жанчыны і падлеглага Закону,
 
але калі споўніўся час, Бог паслаў Сына Свайго (Адзінароднага), Які нарадзіўся ад жанчыны і хадзіў пад законам,

каб адкупіў падзаконных ды каб і мы атрымалі усынаўленне.
 
каб адкупіць падзаконных, каб нам атрымаць усынаўленьне.

І таму, што вы — сыны, зыслаў Бог у вашы сэрцы Духа Сына Свайго, ўзываючага: Абба, Войчэ!
 
А як што вы — сыны, дык Бог паслаў у сэрцы вашыя Духа Сына Свайго, Які ўсклікае: «Абба, Войча!»

Дзеля таго ты ўжэ не слуга, але сын; а калі сын, дык і насьледнік праз Бога.
 
Таму ты ўжо ня раб, а сын; а калі сын, дык і спадкаемец Божы празь Ісуса Хрыста.

Калісь то вы, ня знаўшы Бога, служылі багам, якія ў сутнасці ня былі багамі;
 
Але тады, ня ведаючы Бога, вы служылі божышчам, якія па сутнасьці не багі;

цяпер-жа, пазнаўшы Бога, ці лепш мо — пазнаныя Богам, па што вяртаецеся зноў к немачным нікчомым рэчывам, якім зноў маніцеся служыць?
 
а сёньня, уведаўшы Бога, альбо лепей, атрымаўшы пазнаньне ад Бога, навошта вяртаецеся зноў да бясьсілых і ўбогіх матар’яльных пачаткаў, і хочаце яшчэ зноў падняволіцца ім?

Пільнуйце дні, месяцы, поры і гады.
 
Вы пільна зважаеце на дні, месяцы, поры і гады.

Пабайваюся аб вас, ці не надарма ў вас я мазаліўся.
 
Баюся за вас, ці ня марна я працаваў у вас.

Браты, малю вас, будзьце гэткімі, як я; бо і я гэткі, як вы. Нічым вы ня скрыўдзілі мяне;
 
Прашу вас, браты, будзьце, як я, таму што і я, як вы. Вы нічым не пакрыўдзілі мяне:

вы-ж ведаеце, як я фізычна немачны даўней выглашаў вам Эванэлію,
 
ведаеце, што, хоць я ў нядужай плоці зьвеставаў вам першы раз,

і вы не пагарджалі ды не адапхнулі із-за таго, што ў целе маім было для вас прыкрым, спакусай, а прынялі мяне як Божага Анела, як Хрыстуса Езуса.
 
але вы не пагардзілі спакушэньня майго ў плоці маёй і не пагрэбавалі мною, а прынялі мяне, як анёла Божага, як Хрыста Ісуса.

Дзеж падзелася тая шчаснапагада вашая? Светчу бо вам, што каліб маглі тады, то выняліб свае вочы й даліб мне.
 
Якія вы былі дабрашчасныя! Сьведчу пра вас, што, калі б можна было, вы б вырвалі вочы свае і аддалі мне.

Дык няўжо я стаўся ворагам вашым, кажучы праўду вам?
 
І вось, няўжо я стаўся ворагам вашым, кажучы вам праўду?

дрыжаць аб вас, але нядобра, бо адстараніць вас хочуць, каб вы іх насьледавалі.
 
Рупяцца за вас нячыста, і хочуць вас адвярнуць, каб вы рупіліся пра іх.

Яно то добра дбаць аб добрым заўсёды, а ня толькі тады, калі я у вас прысутны,
 
Добра рупіцца ў добрым заўсёды, а не ў маёй толькі прысутнасьці ў вас.

сынкі мае, якіх зноў вось раджу балеючы, пакуль не ўфармуецца ў вас Хрыстус.
 
Дзеці мае! я зноў дзеля вас у пакутах народзінаў, пакуль вобраз Хрыста ня выявіцца ў вас.

Хацеўбы я цяпер ужо быць у вас і зьмяніць мой голас, я бо аб вас у сумнівах.
 
Хацеў бы я цяпер быць у вас і зьмяніць голас мой, бо я ў недаўменьні пра вас.

Скажэце мне тые, што жадаеце быць пад Законам: вы ня чыталі Закону?
 
Скажэце мне вы, хто хоча быць пад законам: хіба вы ня слухаецеся закона?

Бо-ж напісана, што Абрагам меў двух сыноў: аднаго ад служніцы, а другога ад вольнае.
 
Бо напісана: «Абрагам меў двух сыноў, аднаго ад рабыні, а другога ад вольнай».

Але той, што ад служніцы, водле цела народжаны; а той, што з вольнае — з абяцання.
 
Але які рабыніч, той народжаны па плоці; а які ад вольнай, той па абяцаньні.

Гэта праз алегорыю сказана; тут бо два запаветы: адзін з гары Сынайскае, родзячы на служэнства, гэта Агар;
 
У гэтым ёсьць іншы сэнс. Гэта два запаветы: адзін ад гары Сінайскай, які родзіць на рабства, які ёсьць Агар,

а гара Сынай ёсьць у Арабіі і мае лучнасьць з сянняшнім Ерузалімам, паняволеным із сынамі сваімі;
 
бо Агар азначае гару Сінай у Аравіі і адпавядае цяперашняму Ерусаліму, бо ён зь дзецьмі сваімі ў рабстве;

вышэйшы-ж Ерузалім ёсьць вольны і ён ёсьць маці ўсім нам.
 
а вышэйшы Ерусалім вольны: Ён — маці ўсім нам.

Напісана бо: Весяліся, няплодная, няроджаная, голасна ўсклікні мук нязнаючая; бо шмат болей дзяцей у пакінутай, як у маючай мужа!
 
Бо напісана: «узьвесяліся, няплодная, ты, што ня родзіш; усклікні і гукні, ты, што ня мучылася ў родах; бо ў пакінутай куды болей дзяцей, чым у той, што мае мужа».

Мы-ж, браты, паводле Ізаака — дзеці абяцання.
 
Мы, браты, дзеці абяцаньня, як Ісаак.

Але, як тады народжаны водле цела прасьледаваў роджанага водле духа, гэтак і цяпер.
 
Але як тады народжаны ад плоці гнаў таго, хто ад Духа, так і сёньня.

Што-ж бо кажа Пісанне? Выжань служаніцу з ейным сынам, бо сын нявольніцы ня будзе насьледнікам з сынам вольнае.
 
Што ж кажа Пісаньне? «Выгані рабыню і сына яе, бо сын рабыніч не спадчыньніць разам з сынам вольнае».

Гэтак вось, браты, мы ня служніцы сыны, але вольнае.
 
Таму, браты, мы дзеці не рабыні, а вольнай.