Да Рымлянаў 15 разьдзел
Пасланьне да Рымлянаў
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад П. Татарыновіча
Мы, дужэйшыя, павінны цярпліва зносіць недахопы слабых, а не сабе дагаджаць.
Мы дужэйшыя, павінны зносіць немачы нядужых, а не сабе дагаджаць.
Бо кожны з нас хай дагаджае бліжняму на дабро дзеля збудавання.
Кажны з вас хай падабаецца бліжняму для дабраўзгадавання.
Так і Хрыстос не дагаджаў Сабе, але як напісана: «Знявагі Цябе зневажаючых зваліліся на Мяне».
Бо і Хрыстус ня шукаў сябеўпадобы, але як напісана: Знявагі Цябе зьняважаючых зваліліся на мяне. (Пс. 68:10).
Бо ўсё, што было калісьці напісана, у павучанне нам напісана, каб мы праз цярплівасць і пацяшэнне з Пісання мелі надзею.
І ўсё, што калісь было напісана, у павучэнне нам напісана, каб праз цярплівасьць і суцеху з Пісання, ўхавалі надзею.
А Бог, Які дае цярплівасць і пацеху, хай дасць вам быць між сабой адной думкі на ўзор Ісуса Хрыста,
А Бог цярплівасьці й суцехі няхай склоніць вас да ўзаемнага аднадумства ў навуцы Езуса Хрыстуса,
каб вы аднадушна ў адзін голас славілі Бога і Айца Госпада нашага Ісуса Хрыста.
каб згоднадушна, аднымі вуснамі хвалілі Бога й Айца нашага Усеспадара Езуса Хрыстуса.
Дзеля таго прымайце адзін аднаго, як і Хрыстос прыняў нас у славу Божую.
Дзеля гэтага прыймайце адзін другога, як і Хрыстус прыняў вас у хвалу Божу.
Кажу бо, што Хрыстос стаўся паслугачом абрэзання дзеля праўды Божай дзеля таго, каб выканаць абяцанае бацькам,
Кажу тое, што Езус Хрыстус стаўся слугою абразаных дзеля зьдзейсьнення праўды Божай аб абяцанні айцом;
ды каб пагане славілі Бога за міласэрнасць, як напісана: «Дзеля таго будуць славіць Цябе між паганамі і спяваць імені Твайму».
а для паганаў — зь літасьці, каб славілі Бога, водля напісанага: За тое вызнаваць буду Цябе сярод народаў і сьпяваціму іменню Твайму. (Пс. 17:50.)
І далей сказана: «Весяліцеся, пагане, з народам Яго!»
І далей сказана: Весялецеся, пагане, з народам Яго! (Паўт. Пр. 32:43).
І зноў: «Хваліце Госпада, усе пагане, і слаўце Яго, усе народы».
Ды яшчэ: Хвалеце Госпада ўсе пагане і выслаўляйце ўсе народы (Пс. 116:1).
А Ісая таксама гаворыць: «Будзе корань Ясэя і Той, Хто паўстане, валадарыць над паганамі: у Ім пагане будуць мець надзею».
А Ізай кажа: З’явіцца патомак Ессэвы, што падымецца валадарыць над народамі; на Яго спадзявацца будуць пагане (Із. 11:10).
А Бог надзеі хай напоўніць вас усякаю радасцю і супакоем у веры, каб праз моц Духа Святога вы ўзбагаціліся надзеяй.
Няхайжа Бог надзеі напоўніць вас усякай радасьцяй і супакоем у веры, каб вы абагаціліся надзеяй і моцай Святога Духа.
Браты мае, што да вас, я перакананы, што вы поўныя дабраты, напоўненыя ўсякім веданнем, так што можаце адзін аднаго настаўляць.
І сам я упэўнены аб вас, браты мае, што й вы самы поўныя дабраты, поўнасныя ўсякай умеласьці й можаце даваць адзін другому напамін;
Я, можа, вам засмела пісаў, браты, у лісце, часткова як бы вам прыводзячы на памяць ласку, якая мне дадзена Богам,
сьмялей-жа пісаў я вам, браты, часткова як-бы дзеля прыпаміну вам праз даную мне ад Бога ласку:
каб быў я паслугачом Хрыста Ісуса для паганаў, святарна абвяшчаючы добрую вестку Божую, каб ахвяра паганаў, асвечаная Духам Святым, была прынята.
быць слугою Хрыстуса Езуса між паганамі сьвятарска абвяшчаючы Эванэлію Божу каб ахвяра паганаў была асьвячоная Духам Святым і прынятая.
Я маю чым пахваліцца перад Хрыстом Ісусам адносна Бога;
Маю восьжа перад Богам пахвалу ў Езусе Хрыстусе;
не адважуся, аднак, гаварыць пра штосьці такое, чаго не ўчыніў Хрыстос праз мяне дзеля падпарадкавання паганаў, словам і справамі,
ня сьмею бо пра тое й гаварыць, чаго не даканаў Хрыстус празь мяне, каб упаслушніць паганаў: словам і чынам,
моцаю знакаў і цудаў, моцаю Духа Божага, так што ад Ерузаліма і ваколіц аж да Ілірыка пашыраў я добрую вестку Хрыстову.
моцаю знакаў і цудаў, магуцтвам Святога Духа; так што ад Ерузалему й ваколіц аж да Іллірыі напоўніў я ўсё Эванэліяй Хрыстуса.
Прытым я стараўся прапаведаваць добрую вестку там, дзе не ўспаміналася імя Хрыста, каб не будаваць на чужым падмурку,
Пры гэтым я мяркаваў вясьціць Эванэлію не там, дзе імя Хрыстуса ўжо было ведамае, каб ня будаваць на чужой заснове,
але як напісана: «Тыя, якім аб Ім не было абвешчана, убачаць, і тыя, што не чулі, даведаюцца».
але як напісана: Каму не абвяшчана аб ім, убачаць, а нячуўшыя даведаюцца (Із. 52:15).
З-за гэтага многае перашкаджала мне прыйсці да вас.
Якраз дзеля гэтага я шмат разоў і перашкоды меў прыйсьці к вам.
Цяпер, не маючы больш месца ў гэтых краінах і многа ўжо гадоў жадаючы прыбыць да вас,
Цяпер-жа, ня маючы болей поля працы ў тых краінах, ды ад многіх лет задаючы да вас прыбыць,
як толькі выпраўлюся ў Гішпанію, прыйду да вас, бо спадзяюся, што, праходзячы міма, пабачу вас, і вы правядзеце мяне туды, калі перш крыху пацешуся вамі.
як толькі накіруюся ў Гішпанію, спадзяюся ў дарозе пабачыцца з вамі; а вы мяне правядзяце туды, як толькі крыху нацешуся вамі.
Цяпер жа я збіраюся ў Ерузалім паслужыць святым.
А цяпер я іду ў Ерузалім з паслугаю для сьвятых;
Бо Мацэдонія і Ахая вырашылі зрабіць нейкую перадачу для бедных з ліку святых, што ў Ерузаліме.
бо Македонія й Ахаія вырашылі зрабіць дапаможную нейкую зборку на патрэбы убогіх сьвятых у Ерузаліме.
Спадабалася бо ім, і яны — даўжнікі іх. Бо калі пагане атрымаі ўдзел у іх даброццях духоўных, дык і яны павінны паслужыць ім у цялесных.
Вырашылі, бо-ж даўжнікамі іх зьяўляюцца; калі бо пагане сталіся супольнікамі іхніх духовых скарбаў, дык тады і — цялесных.
Калі гэтую справу выканаю і перадам ім плод гэты, праз вас рушу ў Гішпанію.
І як гэта выканаю, даручыўшы ім гэтую зборку асабіста, накіруюся адведваючы вас, у Гішпанію.
А ведаю я, што, прыходзячы да вас, прыйду ў паўнаце дабраславення Евангелля Хрыстова.
Я ведаю, што калі прыйду да вас, дык прыйду ў поўні багаслаўленства Хрыстусавай Эванэліі.
Дык прашу вас, браты, праз Госпада нашага Ісуса Хрыста і праз любоў Духа, каб са мною разам памаліліся да Бога за мяне,
Прымеж таго малю вас, браты, праз Езуса Хрыстуса Усеспадара нашага і праз ласку Духа Святога, ўспамагайце мяне ў сваіх малітвах да Бога,
каб вызваліцца мне ад няверных, што ёсць у Юдэі, ды каб мая паслуга для Ерузаліма была прыемнай святым,
каб выбавіў мяне ад няверных у Юдэі ды каб мая ахвяра паслугі сьвятым у Ерузаліме была прынятая;
каб з волі Божай у радасці прыбыўшы да вас, супачыў з вамі.
каб мне з радасьцю прыйсьці да вас, калі гэта Богу міла, й падбадзёрыцца між вамі.
Хай Бог супакою будзе з усімі вамі. Амін.
Бог супакою хай будзе з усімі вамі. Амэн.