2 царстваў 6 разьдзел
Другая кніга царстваў
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Вітаўта Тумаша
А Давід сабраў зноў усіх выбраннікаў з Ізраэля ў ліку трыццаці тысяч.
І падняўся Давід, і пайшоў з усім народам, які пры ім быў, да Баала юдэйскага, каб адтуль прывезці каўчэг Божы, над якім было прызывана імя Госпада Магуццяў, Які сядзіць на херубінах, што над ім.
І паставілі яны каўчэг Божы на новы воз, і вынеслі яго з дому Абінадаба, які стаяў на ўзгорку. А Оза і Ахія, сыны Абінадаба, вялі воз:
Оза ішоў побач з каўчэгам, а Ахія апераджаў яго.
А Давід і ўвесь Ізраэль скакалі перад Госпадам з усёй сілы пры гуках песень, і цытраў, і псалтэрыёнаў, і тымпанаў, і труб, і цымбалаў.
А калі прыбылі яны на ток Нахона, Оза выцягнуў руку ў бок каўчэга Божага і прытрымаў яго, бо валы тузануліся і нахілілі яго.
І ўзгарэўся гневам Госпад супраць Озы, і ўдарыў яго за правіну; ён памёр там пры каўчэгу Божым.
А Давід засмуціўся, што Госпад караю пакараў Озу; і было названа тое месца Пэрэс Оза, і так яно завецца аж па гэты дзень.
І ў той дзень Давід спалохаўся Госпада, кажучы: «Як да мяне прыйдзе каўчэг Госпада?»
І не хацеў Давід везці каўчэг Госпада да сябе ў горад Давідаў, але накіраваў яго ў дом Абэдэдома з Гета.
І прабыў каўчэг Госпада ў доме Абэдэдома з Гета тры месяцы, і дабраславіў Госпад Абэдэдома і ўвесь дом яго.
І паведамілі цару Давіду: «Дабраславіў Госпад Абэдэдома ды ўсё яго дзеля каўчэга Божага». Дык пайшоў Давід, і перанёс каўчэг Божы з дома Абэдэдома ў горад Давідаў з радасцю.
І калі тыя, што неслі каўчэг Госпадаў, праходзілі шэсць крокаў, ён складаў у ахвяру вала і тлустае цяля,
і скакаў Давід з усёй сілы перад Госпадам. А быў апрануты Давід у льняны эфод.
І Давід і ўвесь дом Ізраэля неслі каўчэг Госпада з радасцю і пры гуку трубы.
Калі каўчэг Госпада быў унесены ў горад Давіда, вось Міхол, дачка Саўла, гледзячы ў акно, убачыла цара Давіда, што падскокваў і радаваўся перад Госпадам, і пагардзіла ім у сваім сэрцы.
І прынеслі каўчэг Госпада, і паставілі яго на месцы яго, у сярэдзіне палаткі, якую паставіў для яго Давід; і склаў Давід перад Госпадам ахвяры цэласпалення і ахвяры прымірэння.
І, калі скончыў Давід складаць ахвяры цэласпалення і прымірэння, ён дабраславіў народ у імя Госпада Магуццяў.
І раздаў ён усяму мноству Ізраэля, кожнаму асобна, як мужчыне, так і жанчыне, па бохану хлеба, і па ляпёшцы фінікаў, і фігі. І ўсе людзі разышліся, кожны ў свой дом.
І вярнуўся Давід, каб дабраславіць дом свой, і выйшла насустрач Давіду Міхол, дачка Саўла, і сказала: «О, як праславіўся сёння цар Ізраэля, агаліўшыся на вачах нявольніц паслугачоў сваіх, быццам агаляецца адзін з блазнаў!»
І сказаў Давід Міхол: «Перад Госпадам я скачу. Дабраславёны Госпад, Які выбраў мяне замест бацькі твайго і ўсяго дому яго, каб паставіць мяне кіраўніком над народам Госпада, над Ізраэлем! Перад Госпадам буду радавацца,
стану больш нязначным, чым я ёсць, і паніжуся ў вачах тваіх, але ў вачах нявольніц, аб якіх ты гаворыш, яшчэ болей буду ўслаўлены».
Таму Міхол, дачка Саўла, не мела дзяцей да дня смерці сваёй.