Да Габрэяў 5 разьдзел

Пасланьне да Габрэяў
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Вітаўта Тумаша

 
 

Бо ўсякі першасвятар, з людзей абраны, для людзей ставіцца ў тым, што Божае, каб складаў дары і ахвяры за грахі,
 

каб мог спачуваць тым, што не ведаюць і заблукалі, бо ён і сам абложаны нядужасцю,
 

дзеля яе ён павінен нейкім чынам як за народ, так і за сябе самога складаць ахвяры за грахі.
 

Ніхто сам сабе не возьме гэтай пашаны, але той, хто пакліканы Богам, як Аарон.
 

Так і Хрыстос не Сам Сябе ўславіў, каб стацца Першасвятаром, але Той, Які сказаў Яму: «Ты — Сын Мой, Я сёння нарадзіў Цябе»,
 

як у іншым [месцы] Ён кажа: «Ты — Святар навекі на ўзор Мэльхісэдэха».
 

Ён у дні цела Свайго моцным голасам і са слязамі прыносіў малітвы і просьбы Таму, Які мог збавіць Яго ад смерці, і выслуханы быў дзеля Сваёй богаадданасці.
 

І вось, хоць быў Сынам, навучыўся з таго, што перацярпеў, паслухмянасці
 

і, выканаўшы [ўсё], стаўся для ўсіх паслухмяных Яму прычынай збаўлення вечнага,
 

названы Богам Першасвятаром на ўзор Мэльхісэдэха.
 

Пра Яго многа нам трэба было б гаварыць, але цяжка выказаць гэта, бо сталіся вы няздольнымі слухаць.
 

Адносна часу вы павінны б быць настаўнікамі, а вось, вы зноў патрабуеце, каб хто вас вучыў пачаткам слоў Божых, і вы такія, што вам малако належыцца, а не цвёрдая страва.
 

Кожны з вас, хто корміцца малаком, несвядомы ў слове справядлівасці, бо ён — дзіцятка.
 

Для дарослых жа цвёрдая страва, для тых, хто праз ужыванне маюць спрактыкаваныя пачуцці, каб разабрацца, што добрае, а што благое.