Мацьвея 6 разьдзел
Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Антонія Бокуна
Глядзіце, не чыніце справядлівасці вашай перад людзьмі, каб яны бачылі. Інакш не атрымаеце ўзнагароды ад Айца вашага, які ў нябёсах.
Сьцеражыцеся, не рабіце міласьціны вашае перад людзьмі з тым, каб яны бачылі вас, бо тады ня будзеце мець нагароды ад Айца вашага, Які ў небе.
Калі даеш міласціну, не трубі перад сабою, як робяць крывадушнікі ў сінагогах і на вуліцах, каб людзі хвалілі іх. Сапраўды кажу вам: яны атрымліваюць сваю ўзнагароду.
Калі ж даеш міласьціну, не трубі́ перад сабою, як робяць крывадушнікі ў сынагогах і на вуліцах, каб людзі славілі іх. Сапраўды кажу вам: яны ўжо атрымоўваюць нагароду сваю.
Калі даеш міласціну, няхай не ведае твая левая рука, што робіць правіца твая,
У цябе ж, калі ты робіш міласьціну, няхай левая рука твая ня ведае, што робіць правая,
каб міласціна твая была патаемнай. А твой Айцец, які бачыць патаемнае, аддасць табе.
каб міласьціна твая была ўтоена, і Айцец твой, Які бачыць утоенае, дасьць табе яўна.
І калі молішся, не будзь, як крывадушнікі. Бо яны любяць маліцца, стоячы ў сінагогах і на рагах вуліц, каб паказацца перад людзьмі. Сапраўды кажу вам: яны атрымліваюць сваю ўзнагароду.
І калі молішся, ня будзь, як крывадушнікі, бо яны любяць у сынагогах і на вуглах вуліцаў, спыніўшыся, маліцца, каб паказацца перад людзьмі. Сапраўды кажу вам, што яны ўжо атрымоўваюць нагароду сваю.
Ты, калі молішся, увайдзі ў пакой свой і, зачыніўшы дзверы, маліся да Айца твайго, які ў таемнасці. А твой Айцец, які бачыць патаемнае, аддасць табе.
Ты ж, калі молішся, увайдзі ў пакой твой і, зачыніўшы дзьверы твае, памаліся Айцу твайму, Які ўтоены, і Айцец твой, Які бачыць утоенае, дасьць табе яўна.
Калі моліцеся, не гаварыце шмат, як язычнікі, бо яны думаюць, што ў мнагаслоўі сваім будуць пачутыя.
А молячыся, не гаварыце лішняга, як пагане, бо яны думаюць, што ў шматслоўі сваім будуць пачутыя.
Не будзьце ж падобнымі да іх, бо ведае Айцец ваш, у чым вы маеце патрэбу, раней, чым вы папросіце ў Яго.
Ня будзьце падобныя да іх, бо ведае Айцец ваш, у чым вы маеце патрэбу, раней, чым вы папросіце ў Яго.
Таму вы так маліцеся:Ойча наш, каторы ёсць у небе,свяціся імя Тваё,
Маліцеся ж вось гэтак: “Ойча наш, Які ёсьць у небе! Сьвяціся імя Тваё;
прыйдзі Валадарства Тваё,будзь воля Твая,як у небе, так і на зямлі.
прыйдзі Валадарства Тваё; будзь воля Твая як у небе, так і на зямлі.
Хлеба нашага штодзённага дай нам сёння
Хлеба нашага штодзённага дай нам сёньня.
і адпусці нам правіны нашы,як і мы адпускаем вінаватым нашым.
І адпусьці нам правіны нашыя, як і мы адпускаем вінаватым нашым;
І не ўводзь нас у спакусу,але збаў нас ад злога.
і ня ўводзь нас у спакусу, але збаў нас ад злога. Бо Тваё Валадарства, і моц, і слава навекі. Амэн”.
Калі вы будзеце адпускаць людзям правіны іхнія, то Айцец ваш Нябесны адпусціць і вам.
Бо, калі вы будзеце адпускаць людзям грахі іхнія, то і вам адпусьціць Айцец ваш, Які ў небе.
А калі не будзеце адпускаць людзям, то і Айцец ваш не адпусціць вам правінаў вашых.
А калі ня будзеце адпускаць людзям грахоў іхніх, то і Айцец ваш не адпусьціць грахоў вашых.
Калі посціце, не будзьце панурымі, як крывадушнікі. Бо яны закрываюць свае твары, каб людзі бачылі, што яны посцяць. Сапраўды кажу вам: яны атрымліваюць сваю ўзнагароду.
А калі посьціце, ня будзьце панурымі, быццам крывадушнікі; бо яны зьмяняюць абліччы свае, каб, посьцячыся, паказацца перад людзьмі. Сапраўды кажу вам, што яны ўжо атрымоўваюць нагароду сваю.
Ты, калі посціш, намасці галаву сваю і абмый свой твар,
А ты, посьцячыся, памаж галаву тваю і абмый аблічча тваё,
каб паказаць, што посціш, не людзям, але Айцу твайму, які ў таемнасці. А твой Айцец, які бачыць патаемнае, аддасць табе.
каб ня перад людзьмі паказацца посьцячым, але перад Айцом тваім, Які ўтоены, і Айцец твой, Які бачыць утоенае, дасьць табе яўна.
Не збірайце сабе скарбаў на зямлі, дзе моль і ржа знішчаюць і дзе злодзеі падкопваюцца і крадуць.
Не зьбірайце сабе скарбаў на зямлі, дзе моль і іржа нішчаць, і дзе злодзеі падкопваюць і крадуць;
Збірайце сабе скарбы ў небе, дзе ні моль, ні ржа не знішчаюць і дзе злодзеі не падкопваюцца і не крадуць.
але зьбірайце сабе скарбы ў небе, дзе ані моль, ані іржа ня нішчаць, і дзе злодзеі не падкопваюць і не крадуць.
Бо дзе скарб твой, там будзе і сэрца тваё.
Бо дзе скарб ваш, там будзе і сэрца вашае.
Светачам цела ёсць вока. Калі ж вока тваё чыстае, то ўсё цела тваё будзе светлае.
Сьветач цела ёсьць вока. Калі вока тваё чыстае, усё цела тваё будзе сьветлае.
Калі ж вока тваё дрэннае, то ўсё цела тваё будзе цёмнае. Калі ж святло, якое ў табе, з’яўляецца цемрай, то якая ж цемра!
Калі ж вока тваё злое, усё цела тваё будзе цёмным. Калі ж сьвятло, якое ў табе, ёсьць цемра, дык якая ж цемра сама?
Ніхто не можа служыць двум гаспадарам. Бо ці аднаго будзе ненавідзець, а другога любіць; ці аднаго будзе трымацца, а другім пагарджаць. Не можаце служыць Богу і мамоне.
Ніхто ня можа служыць двум панам; бо ці аднаго будзе ненавідзець, а другога любіць, ці аднаго будзе трымацца, а другім пагарджаць. Ня можаце Богу служыць і мамоне.
Таму кажу вам: не турбуйцеся аб жыцці вашым, што есці і што піць, ні аб целе вашым, у што апрануцца. Ці ж не большае жыццё за ежу, а цела — за вопратку?
Таму кажу вам: не клапаціцеся пра душу́ вашую, што вам есьці і што піць, ані пра цела вашае, у што апрануцца. Ці ж душа ня большая за ежу, і цела — за адзеньне?
Паглядзіце на птушак нябесных: яны ні сеюць, ні жнуць, ні збіраюць у засекі, і Айцец ваш Нябесны корміць іх. Ці ж вы не больш вартыя за іх?
Паглядзіце на птушак нябесных, што ані сеюць, ані жнуць і не зьбіраюць у сьвірны, і Айцец ваш Нябесны жы́віць іх. Наколькі ж вы лепшыя за іх.
І хто з вас, турбуючыся, можа дадаць да свайго росту хоць адзін локаць?
Хто ж з вас сваім клопатам можа дадаць сабе росту хоць на адзін локаць?
І аб вопратцы навошта турбуецеся? Паглядзіце на палявыя лілеі, як яны растуць: ні працуюць, ні прадуць.
І наконт адзеньня чаго клапоціцеся? Паглядзіце на палявыя лілеі, як яны растуць, не працуюць, не прадуць.
Кажу вам, што нават Саламон ва ўсёй славе сваёй не апранаўся так, як адна з іх.
А Я кажу вам, што нават Салямон у-ва ўсёй славе сваёй не апранаўся так, як адна з іх.
Калі ж палявую траву, якая сёння ёсць, а заўтра будзе кінута ў печ, Бог так апранае, ці не намнога больш вас, малаверныя?
Калі ж траву на полі, якая сёньня ёсьць, а заўтра будзе кінутая ў печ, Бог так апранае, дык ці ня шмат больш вас, малаверы?
Таму не турбуйцеся і не кажыце: “Што нам есці?” або: “Што піць?”, або: “У што апрануцца?”
Дык не клапаціцеся, кажучы: “Што нам есьці?”, ці: “Што нам піць?”, ці: “У што апрануцца?”
Бо ўсяго гэтага шукаюць язычнікі. А ваш Нябесны Айцец ведае, што вы маеце патрэбу ва ўсім гэтым.
Бо ўсяго гэтага шукаюць пагане. Бо Айцец ваш Нябесны ведае, што вам усё гэтае патрэбна.
Шукайце найперш Валадарства Божага і справядлівасці ягонай, а гэта ўсё дадасца вам.
Шукайце ж перш Валадарства Божага і праведнасьці Яго, і тое ўсё дадасца вам.
Таму не турбуйцеся аб заўтрашнім дні, бо заўтрашні дзень патурбуецца сам за сябе. Хопіць кожнаму дню свайго клопату.
Дык не клапаціцеся пра заўтрашні дзень, бо заўтрашні дзень сам будзе клапаціцца пра сябе. Досыць дню свайго ліха.