Мацьвея 25 разьдзел
Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Антонія Бокуна
Валадарства Нябеснае будзе падобнае да дзесяці паннаў, якія, узяўшы свае светачы, выйшлі насустрач жаніху.
Тады падобнае будзе Валадарства Нябеснае да дзесяці дзяўчынаў, якія, узяўшы лямпы свае, выйшлі насустрач жаніху.
Пяць з іх былі неразумныя, а пяць — мудрыя.
А пяць з іх былі мудрыя, і пяць — дурныя.
Неразумныя, узяўшы свае светачы, не ўзялі з сабою алею.
Тыя, што былі дурныя, узяўшы лямпы свае, ня ўзялі з сабою алею.
Мудрыя ж разам са светачамі сваімі ўзялі алей у пасудзіны.
А мудрыя ўзялі алей у пасудзінах сваіх разам з лямпамі сваімі.
Калі жаніх спазняўся, то задрамалі ўсе і паснулі.
А як жаніх замарудзіў, задрамалі ўсе і паснулі.
А сярод ночы ўзняўся крык: “Вось жаніх! Выходзьце яму насустрач”.
А сярод ночы ўзьняўся крык: “Вось, жаніх ідзе, выходзьце насустрач яму!”
Тады ўсталі ўсе панны гэтыя і прывялі ў парадак свае светачы.
Тады ўсталі ўсе тыя дзяўчыны і направілі лямпы свае.
Неразумныя ж сказалі мудрым: “Дайце нам вашага алею, бо нашыя светачы гаснуць”.
Дурныя ж сказалі мудрым: “Дайце нам вашага алею, бо лямпы нашыя згасаюць”.
А мудрыя адказалі: “Каб хапіла і вам, і нам, пайдзіце лепш да тых, хто прадае, і купіце сабе”.
А мудрыя адказалі, кажучы: “Каб хапіла і нам, і вам, ідзіце лепш да прадаўцоў і купіце сабе”.
Калі ж яны пайшлі купляць, прыйшоў жаніх, і тыя, што былі падрыхтаваныя, увайшлі з ім на вяселле, і зачыніліся дзверы.
Калі ж пайшлі яны купляць, прыйшоў жаніх, і падрыхтаваныя ўвайшлі з ім на вясельле, і дзьверы былі зачыненыя.
Пасля прыйшлі і астатнія панны ды кажуць: “Пане, пане, адчыні нам”.
А пасьля прыходзяць і другія дзяўчыны, кажучы: “Пане, пане! Адчыні нам!”
А ён адказаў ім: “Сапраўды кажу вам: не ведаю вас”.
Ён жа, адказваючы, сказаў: “Сапраўды кажу вам: ня ведаю вас”.
Таму чувайце, бо не ведаеце ні дня, ні гадзіны.
Дык чувайце, бо ня ведаеце ані дня, ані гадзіны, у якую прыйдзе Сын Чалавечы.
Пэўны чалавек, ад’язджаючы, паклікаў сваіх слугаў і даручыў ім сваю маёмасць.
Бо, як чалавек, выяжджаючы, паклікаў слугаў сваіх і даў ім маёмасьць сваю.
Аднаму даў пяць талантаў, другому — два, іншаму — адзін; кожнаму паводле іхніх магчымасцяў, і ад’ехаў.
І аднаму даў пяць талентаў, а іншаму — два, а іншаму — адзін; кожнаму паводле сілы ягонай, і адразу выехаў.
Той, які атрымаў пяць талантаў, пайшоў і пусціў іх у абарот, і зарабіў яшчэ пяць.
Той, які ўзяў пяць талентаў, пайшоўшы, працаваў з імі і прыдбаў другіх пяць талентаў.
Таксама і той, які атрымаў два, зарабіў яшчэ два.
Гэтаксама і той, [які ўзяў] два, прыдбаў і другія два.
А той, які атрымаў адзін, пайшоў і закапаў яго ў зямлю, і схаваў срэбра свайго гаспадара.
А той, які ўзяў адзін, адыйшоўшы, закапаў яго ў зямлю, і схаваў срэбра пана свайго.
Па доўгім часе прыйшоў гаспадар слугаў гэтых і пачаў патрабаваць ад іх рахунку.
Праз доўгі час прыходзіць пан слугаў тых і раху́ецца з імі.
Той, які атрымаў пяць талантаў, падышоў і прынёс яшчэ пяць талантаў і сказаў: “Гаспадар, пяць талантаў ты даў мне, вось яшчэ пяць талантаў я зарабіў на іх”.
І, падыйшоўшы, той, які ўзяў пяць талентаў, прынёс другія пяць талентаў, кажучы: “Пане, пяць талентаў ты даў мне; вось другія пяць талентаў я прыдбаў на іх”.
Гаспадар ягоны сказаў яму: “Добра, слуга добры і верны, у малым ты быў верны, над многім цябе пастаўлю. Увайдзі ў радасць гаспадара твайго”.
А пан ягоны мовіў яму: “Добра, добры і верны слуга! У малым ты быў верны, над многім цябе пастаўлю; увайдзі ў радасьць пана твайго”.
Падышоў таксама і той, які атрымаў два таланты, і сказаў: “Гаспадар, два таланты ты даў мне, вось яшчэ два таланты зарабіў я”.
Падыйшоўшы, той, які ўзяў два таленты, сказаў: “Пане, два таленты ты мне даў, вось, другія два таленты я прыдбаў на іх”.
Гаспадар ягоны сказаў яму: “Добра, слуга добры і верны, у малым ты быў верны, над многім цябе пастаўлю. Увайдзі ў радасць гаспадара твайго”.
Мовіў яму пан ягоны: “Добра, добры і верны слуга! У малым ты быў верны, над многім цябе пастаўлю; увайдзі ў радасьць пана твайго”.
Падышоў і той, які атрымаў адзін талант, і сказаў: “Гаспадар, я ведаў, што ты чалавек жорсткі, жнеш там, дзе не сеяў, і збіраеш там, дзе не рассыпаў.
А той, які ўзяў адзін талент, падыйшоўшы, сказаў: “Пане, я ведаю цябе, што ты — чалавек жорсткі, які жне, дзе ня сеяў, і зьбірае, дзе не рассыпа́ў.
Таму, пабаяўшыся, я пайшоў і схаваў талант твой у зямлю. Вось, вазьмі сваё”.
І, збаяўшыся, я пайшоў і схаваў талент твой у зямлю: вось, трымай тваё”.
Гаспадар жа ягоны сказаў яму ў адказ: “Нягодны і лянівы слуга! Ты ведаў, што я жну там, дзе не сеяў, і збіраю там, дзе не рассыпаў.
Адказваючы, пан ягоны сказаў яму: “Злы слуга і лянівы! Ты ведаў, што я жну, дзе ня сеяў, і зьбіраю, дзе не рассыпа́ў.
Таму трэба было табе аддаць срэбра маё банкірам, а я, прыйшоўшы, атрымаў бы сваё з выгадай.
Дык мусіў ты аддаць срэбра маё мянялам; і я, прыйшоўшы, атрымаў бы сваё з прыбыткам.
Таму забярыце ў яго талант і дайце таму, хто мае дзесяць талантаў.
Дык вазьміце ў яго талент і дайце таму, які мае дзесяць талентаў.
Бо кожнаму, хто мае, будзе дадзена і памножыцца. А ў таго, хто не мае, будзе забрана і тое, што мае.
Бо ўсякаму, хто мае, будзе дадзена і памножыцца, а ў таго, хто ня мае, і тое, што мае, будзе ўзята ў яго.
А бескарыснага слугу выкіньце вон у цемру. Там будзе плач і скрыгатанне зубоў”.
А нягоднага слугу кіньце ў цемру вонкавую; там будзе плач і скрыгат зубоў”.
Калі прыйдзе Сын Чалавечы ў славе сваёй і ўсе анёлы з Ім, тады сядзе на троне славы сваёй.
А калі прыйдзе Сын Чалавечы ў славе Сваёй, і ўсе сьвятыя анёлы з Ім, тады Ён сядзе на пасадзе славы Сваёй.
Перад Ім сабраныя будуць усе народы, і Ён аддзеліць адных ад другіх, як пастух аддзяляе авечак ад казлоў.
І будуць сабраныя перад Ім усе народы; і Ён аддзеліць адных ад другіх, як пастух аддзяляе авечак ад казлоў.
Авечак паставіць праваруч, а казлоў — леваруч.
І паставіць авечак праваруч Сябе, а казлоў — леваруч.
Тады скажа Валадар тым, хто праваруч Яго: “Прыйдзіце, благаслаўлёныя Айца Майго, прыміце ў спадчыну Валадарства, падрыхтаванае вам ад стварэння свету.
Тады скажа Валадар тым, якія праваруч Яго: “Ідзіце, дабраслаўлёныя Айцом Маім, вазьміце ў спадчыну Валадарства, падрыхтаванае вам ад заснаваньня сьвету.
Бо Я быў галодны, і вы далі Мне есці; прагнуў, і вы напаілі Мяне; быў падарожным, і вы прынялі Мяне;
Бо Я быў галодны, і вы далі Мне есьці; Я смагнуў, і вы напаілі Мяне; быў чужынцам, і вы прынялі Мяне,
быў голы, і вы апранулі Мяне; быў хворы, і вы адведалі Мяне; быў у вязніцы, і вы прыйшлі да Мяне”.
быў голы, і вы апранулі Мяне; быў хворы, і вы адведалі Мяне; быў у вязьніцы, і вы прыйшлі да Мяне”.
Тады адкажуць Яму справядлівыя: “Пане, калі мы бачылі Цябе галодным і накармілі, ці сасмяглым і напаілі?
Тады адкажуць Яму праведнікі, кажучы: “Госпадзе! Калі мы бачылі Цябе галодным і накармілі, ці сасьмяглым і напаілі?
Калі мы бачылі Цябе падарожным і прынялі, ці голым і апранулі?
Калі ж мы бачылі Цябе чужынцам і прынялі, ці голым і апранулі?
Калі мы бачылі Цябе хворым ці ў вязніцы і прыйшлі да Цябе?”
Калі ж мы бачылі Цябе хворым, ці ў вязьніцы, і прыйшлі да Цябе?”
І Валадар скажа ім у адказ: “Сапраўды кажу вам: тое, што вы зрабілі аднаму з гэтых братоў Маіх меншых, вы Мне зрабілі”.
І, адказваючы, Валадар скажа ім: “Сапраўды кажу вам: тое, што вы зрабілі аднаму з гэтых братоў Маіх меншых, вы Мне зрабілі”.
Тады скажа і тым, хто леваруч Яго: “Ідзіце ад Мяне, праклятыя, у агонь вечны, падрыхтаваны д’яблу і анёлам ягоным.
Тады скажа Ён і тым, якія леваруч: “Ідзіце ад Мяне, праклятыя, у агонь вечны, падрыхтаваны д’яблу і анёлам ягоным.
Бо Я быў галодны, і вы не далі Мне есці; прагнуў, і вы не напаілі Мяне;
Бо Я быў галодны, і вы ня далі Мне есьці; смагнуў, і вы не напаілі Мяне;
быў падарожным, і вы не прынялі Мяне; быў голы, і вы не апранулі Мяне; быў хворы і ў вязніцы, і вы не адведалі Мяне”.
быў чужынцам, і вы не прынялі Мяне; быў голы, і вы не апранулі Мяне; быў хворы і ў вязьніцы, і вы не адведалі Мяне”.
Тады і яны адкажуць Яму: “Пане, калі мы бачылі Цябе галодным ці сасмяглым, ці падарожным, ці голым, ці хворым, ці ў вязніцы, і не ўслужылі Табе?”
Тады і яны адкажуць Яму, кажучы: “Госпадзе, калі мы бачылі Цябе галодным, ці сасьмяглым, ці чужынцам, ці голым, ці хворым, ці ў вязьніцы, і не паслужылі Табе?”
А Ён скажа ім у адказ: “Сапраўды кажу вам: чаго вы не зрабілі аднаму з гэтых меншых, таго не зрабілі Мне”.
Тады адкажа Ён ім, кажучы: “Сапраўды кажу вам: тое, што вы не зрабілі аднаму з гэтых меншых, Мне не зрабілі”.
І гэтыя адыдуць на вечнае пакаранне, а справядлівыя — да вечнага жыцця».
І пойдуць гэтыя на пакараньне вечнае, а праведнікі — у жыцьцё вечнае».