Адкрыцьцё 14 разьдзел
Адкрыцьцё Яна Багаслова
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Чарняўскага — арыгінал
І ўбачыў я: вось Баранак стаіць на гары Сіён, а з Ім сто сорак чатыры тысячы, у якіх імя Яго і імя Айца Ягонага напісана на чолах.
I глянуў я. І вось Ягнёнак стаяў на гары Сыён. Пры ім стаялі сто сорак чатыры тысячы, якія мелі на чалах сваіх выцісьнена імя Яго і імя Айца Ягонага.
З неба я пачуў голас, як шум ад мноства водаў і як гук вялікага грому. Голас, які пачуў, быў нібы голас гусляроў, што гралі на гуслях сваіх.
I пачуў я голас з неба, быццам многіх водаў і быццам рэха магутнага грому. Голас, каторы чуў я, гучаў як ігра (гарфа) гусьляроў, граючых на гусьлях сваіх.
Яны спяваюць як бы новую песню перад тронам і перад чатырма жывымі істотамі і старэйшынамі. І ніхто не мог навучыцца гэтай песні, акрамя ста сарака чатырох тысяч, адкупленых з зямлі.
Яны сьпяваюць, быццам новую песьню перад тронам і перад чатырма істотамі і старцамі, і ніхто ня мог сьпяваць гэтай песьні, апроч гэтых ста сарака чатырох тысяч, якія былі выкуплены з зямлі.
Гэта тыя, хто не зганьбіў сябе з жанчынамі, бо гэта цнатліўцы. Гэта тыя, што ідуць следам за Баранкам, куды б Ён ні пайшоў. Яны выкуплены з людзей, як першынец для Бога і Баранка.
Гэта тыя, што не спламіліся сябраваньнем з жанчынамі і з'яўляюцца нявіннымі. Iдуць яны за Ягнёнкам, куды б Ён не ішоў. Гэта тыя, якія адкуплены спаміж людзей як першынцы Богу і Ягнёнку,
У вуснах іхніх няма падману. Яны беззаганныя.
і ў вуснах не знойдзена ілжы. Без заганы бо стаяць яны перад тронам Бога.
І ўбачыў я іншага анёла, які ляцеў пасярод неба, каб абвясціць вечнае Евангелле жыхарам зямлі і кожнаму роду, племені, мове і народу,
I бачыў я іншага анёла, пралятаючага праз сярэдзіну неба. Ён меў спрадвечнае веставаньне паведамляць пражываючым на зямлі, усякаму пакаленьню і племю, і роду, і мове, і народу,
голасна кажучы: «Пабойцеся Бога і аддайце Яму хвалу, бо настала гадзіна Ягонага суда; пакланіцеся таму, хто стварыў неба і зямлю, мора і крыніцы водаў».
усклікваючы гучным голасам: "Шануйце Госпада і дайце Яму пашану, бо надходзіць час суда Ягонага, і пакланіцеся Тварцу неба і зямлі, мора і крыніц водных.
Іншы, другі анёл наблізіўся, кажучы: «Упаў, упаў вялікі Бабілён, які напаіў усе народы шалёным віном сваёй распусты!»
I іншы анёл ляцеў за ім, кажучы,"Паў, паў Бабілон, вялікі той, які паіў усе народы вогненным віном распусты сваёй."
А іншы анёл, трэці, прыйшоў пасля іх, гучна кажучы: «Калі нехта пакланяецца зверу і ягонаму вобразу і прымае яго кляймо на сваё чало ці на сваю руку,
I трэці анёл ляцеў за тым, гамонячы зычным голасам: "Калі б хто кланяўся бэстыі і вобразу яе і атрымаў бы знак на чале сваім, або на руцэ,
сам таксама нап’ецца віна Божай лютасці, прыгатаванага без дамешкі ў келіху Ягонага гневу, і будзе катаваны агнём і серай перад святымі анёламі і перад Баранкам.
той будзе піць віно гневу Божага, якое без прымешкі вады было наліта ў келіх помсты Ягонай. Агнём і серкай будзе мучаны той на віду ў анёлаў сьвятых і Ягнятка.
Дым катавання іхняга будзе падымацца на векі вякоў, і не будзе мець адпачынку ні днём, ні ноччу той, хто пакланяецца зверу і яго вобразу, і той, хто прымае кляймо ягонага імені».
Дым мучэньня іх паднімецца на векі вечныя. Ані днём, ані ноччу не будуць мець перапынку тыя, якія кланяюцца бэстыі і вобразу яе і якія носяць знак імя яе.
У гэтым цярплівасць святых, якія захоўваюць запаведзі Бога і веру ў Езуса.
Тут вось стойкасьць сьвятых, якія спаўняюць загады Божыя і веру Ў Езуса.
І пачуў я голас з неба, які казаў: «Напішы: Адгэтуль шчаслівыя памерлыя, якія паміраюць у Пану. Сапраўды, — кажа Дух, — няхай адпачнуць ад сваіх прац, бо іхнія справы ідуць за імі».
I пачуў я голас з неба, кажучы мне: "Шчасьлівыя памёршыя, якія ў Госпадзе паміраюць. Адсюль ужо, — кажа Дух, — яны супачынуць ад прац сваіх, бо ўчынкі іх ідуць за імі."
І ўбачыў я: вось белае воблака, а на воблаку сядзіць падобны да Сына Чалавечага. На Яго галаве — залаты вянок, а ў руцэ Ягонай — востры серп.
I глянуў я, і ўбачыў воблака яснае, а на воблаку сядзеў нехта падобны да Сына Чалавечага. На галаве меў Ён залатую карону, а ў руцэ трымаў востры серп.
Іншы анёл выйшаў са святыні і ўсклікнуў гучным голасам да таго, хто сядзеў на воблаку: «Пашлі Твой серп і пачынай жаць, бо прыйшоў час жніва, таму што саспела жніво на зямлі».
I іншы анёл выйшаў са сьвятыні ўсклікваючы гучным голасам да сядзячага на воблаку: "Пашлі серп свой і жні, бо прыйшоў час жніва, каб жаць, бо насьпела жніво зямлі".
Той, хто сядзеў на воблаку, кінуў свой серп на зямлю, і зямля была пажата.
А той, што сядзеў на воблаку, пусьціў серп свой на зямлю, і зжата было збожжа на зямлі.
Яшчэ іншы анёл выйшаў са святыні, якая была на небе. Ён меў востры серп.
I выйшаў іншы анёл са сьвятыні, якая ёсьць у небе, трымаючы таксама серп востры.
Яшчэ іншы анёл, які меў уладу над агнём, выйшаў ад алтара і гучным голасам крыкнуў да таго, хто меў востры серп: «Пашлі Твой востры серп і збяры гронкі вінаграду на зямлі, бо спелыя яго гронкі».
I яшчэ іншы анёл, маючы ўладу над агнём, выйшаў ад аўтара і загаманіў зычным голасам да таго, які трымаў востры серп, кажучы: "Спусьці серп свой востры і абрэж гронкі вінаграда зямлі, бо насьпелі ягады ягоныя".
Анёл кінуў свой серп на зямлю, сабраў вінаград зямлі і кінуў у вялікае давіла Божага гневу.
I спусьціў анёл серп свой востры на зямлю і абрэзаў вінаград зямлі і ссыпаў гронкі ў вялікі прэс гневу Божага.
Тапталі давіла за горадам, а з давіла пацякла кроў аж да аброцяў коней, на тысячу шэсцьсот стадыяў.
I выцісканы прэсам вінаград за горадам, і пацякла кроў з прэса аж да вуздэчак коней, аж за тысячу стадыяў.