1 да Цімафея 2 разьдзел

Першае пасланьне да Цімафея
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Чарняўскага 2002

 
 

Перш за ўсё, я заклікаю, каб прашэнні, малітвы, просьбы аб заступніцтве і падзякі ўзносіліся за ўсіх людзей:
 

за каралёў і за ўсіх, хто мае ўладу, каб мы маглі весці спакойнае і ціхае жыццё ва ўсёй пабожнасці і годнасці.
 

Гэта добра і прыемна ў вачах Бога, Збаўцы нашага,
 

які хоча, каб усе людзі былі збаўлены і дайшлі да пазнання праўды.
 

Бо адзін Бог і адзін пасрэднік паміж Богам і людзьмі — Чалавек Езус Хрыстус,
 

які аддаў сябе самога на водкуп за ўсіх як сведчанне, дадзенае ў адпаведную пару,
 

дзеля чаго я прызначаны прапаведнікам і апосталам. Кажу праўду і не хлушу. Я настаўнік язычнікаў у веры і праўдзе.
 

Таму жадаю, каб мужчыны маліліся на кожным месцы, узносячы чыстыя рукі без гневу і спрэчак.
 

Падобна і жанчыны няхай апранаюцца з належнай стрыманасцю, сціпла і прыстойна, аздабляючы сябе не пляценнем валасоў ці золатам або пэрламі ці каштоўнымі строямі,
 

але добрымі ўчынкамі, як належыць жанчынам, што імкнуцца да пабожнасці.
 

Жанчына няхай вучыцца ў ціхасці і ў поўнай паслухмянасці.
 

А жанчыне не дазваляю навучаць і панаваць над мужам, але няхай застаецца ў ціхасці.
 

Бо першым быў створаны Адам, а потым Ева.
 

І не Адам быў зведзены, але жанчына была зведзеная і зграшыла.
 

Яна будзе збаўлена праз нараджэнне дзяцей, калі яны будуць трываць у веры, любові і святасці з развагаю.