Яна 17 разьдзел
Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Дабравесця / «Спадчына»; Клышка
Сказаўшы гэта, Езус узняў вочы свае да неба і сказаў: «Ойча, прыйшла гадзіна. Услаў Сына свайго, каб і Сын уславіў Цябе.
Гэта вымавіў Ісус, узняўшы свае вочы ў неба, сказаў: «Ойча, надышла гадзіна; паслаў Свайго Сына, каб Сын праславіў Цябе,
Ты даў Яму ўладу над усякім целам, каб Ён даў жыццё вечнае ўсяму, што Ты даў Яму.
Бо Ты даў Яму ўладу над усякім целам, каб усім, каго Ты аддаў Яму, Ён даў вечнае жыццё.
А вечнае жыццё ў тым, каб пазналі Цябе, адзінага праўдзівага Бога, і таго, каго Ты паслаў, Езуса Хрыста.
А вечнае жыццё ў тым, каб пазналі Цябе, адзінага праўдзівага Бога, і Каго Ты паслаў: Ісуса Хрыста.
Я ўславіў Цябе на зямлі, выканаўшы справу, якую Ты даручыў Мне зрабіць.
Я праславіў Цябе на зямлі, скончыўшы работу, якую Ты даў Мне зрабіць.
А цяпер Ты, Ойча, услаў Мяне ў сабе хвалою, якую меў Я ў Цябе перад існаваннем свету.
І цяпер праслаў Мяне Ты, Ойча, у Цябе Самога, славаю, якую Я меў у Цябе раней, чым стаў свет.
Я адкрыў імя Тваё людзям, якіх Ты даў Мне са свету. Яны былі Тваімі, і Ты даў Мне іх, і яны захавалі слова Тваё.
Я адкрыў Тваё імя людзям, якіх Ты даў мне ад свету. Твае яны былі, і Мне Ты іх даў, і слова Тваё яны збераглі.
Цяпер яны пазналі, што ўсё, што Ты даў Мне, паходзіць ад Цябе.
Цяпер пазналі яны, што ўсё, што Ты даў Мне, — ад Цябе,
Бо словы, якія Ты даў Мне, Я даў ім, і яны прынялі іх і сапраўды пазналі, што Я выйшаў ад Цябе, і паверылі, што Ты паслаў Мяне.
Бо словы, якія Ты даў Мне, Я даў ім, і яны прынялі і зразумелі праўдзіва, што Я ад Цябе выйшаў, і ўверавалі, што Ты Мяне паслаў.
Я за іх прашу. Не за ўвесь свет прашу, але за тых, каго Ты даў Мне, бо яны Твае.
Я пра гэтых прашу, не пра свет прашу, але пра тых, каго Ты аддаў, бо яны — Твае;
І ўсё Маё — гэта Тваё, і Тваё — гэта Маё, і Я ўславіўся ў іх.
І ўсё Маё — Тваё, і Тваё — Маё, і Я праслаўлены ў іх.
Я ўжо не ў свеце, але яны яшчэ ў свеце, Я ж іду да Цябе. Ойча святы, захавай іх у імені Тваім, якое Ты даў Мне, каб яны былі адно, як і Мы.
І Я ўжо не ў свеце, а яны ў свеце, і Я да Цябе іду. Ойча Святы, зберажы іх у імені Тваім, якое Ты даў Мне, каб яны былі адно, як Мы.
Калі Я быў з імі, Я захоўваў іх у імені Тваім, якое Ты даў Мне. І збярог, і ніхто з іх не загінуў, апроч сына пагібелі, каб збылося Пісанне.
Калі Я быў з імі, Я бярог у Тваё імя іх, якіх Ты даў Мне, і збярог, і ніхто з іх не загінуў, акрамя сына пагібелі, каб спраўдзілася пісанне.
А цяпер іду да Цябе і кажу гэта ў свеце, каб яны мелі ў сабе поўную Маю радасць.
Цяпер жа да Цябе іду, і кажу гэта ў свеце, каб Мая радасць у іх была поўная.
Я даў ім слова Тваё, і свет зненавідзеў іх, бо яны не са свету, як і Я не са свету.
Я даў ім Тваё Слова і свет зненавідзеў іх, бо яны не ад свету, як Я не ад свету.
Не прашу, каб Ты ўзяў іх са свету, а каб захаваў іх ад злога.
Я не прашу, каб Ты ўзяў іх са свету, але каб збярог іх ад ліхога.
Яны не са свету, як і Я не са свету.
Яны не ад свету, як Я не ад свету.
Асвяці іх у праўдзе. Слова Тваё — гэта праўда.
Асвяці іх праўдаю: Тваё Слова — праўда.
Як Ты паслаў Мяне ў свет, так і Я паслаў іх у свет.
Як Ты паслаў Мяне ў свет, і Я паслаў іх у свет;
І за іх Я пасвячаю сябе, каб і яны былі асвячаныя ў праўдзе.
І за іх Я прысвячаю Самога Сябе, каб і яны былі асвечаны праўдаю.
Не толькі за іх прашу, але і за тых, хто паверыць у Мяне паводле слова іхняга,
І не толькі пра іх прашу, але і пра тых, што ўверавалі ў Мяне паводле слова іх,
каб усе былі адно, як Ты, Ойча, ува Мне, і Я ў Табе, каб і яны былі ў Нас, каб паверыў свет, што Ты паслаў Мяне.
Каб усе былі адно, як Ты, Ойча, ува Мне, і Я ў Табе, так каб і яны ў Нас былі, каб увераваў свет, што Ты Мяне паслаў.
І славу, якую Ты даў Мне, Я даў ім, каб яны былі адно, як і Мы адно.
І славу, якую Ты даў Мне, Я ім даў, каб яны былі адно, як Мы адно.
Я ў іх, а Ты ўва Мне. Каб былі з’яднаныя ў адно, каб свет пазнаў, што Ты паслаў Мяне і палюбіў іх, як палюбіў Мяне.
Я ў іх, і Ты ўва Мне, каб яны былі ў дасканаласці адно, каб пазнаў свет, што Ты Мяне паслаў і палюбіў іх, як Мяне палюбіў.
Ойча, хачу, каб тыя, каго Ты даў Мне, былі са Мною там, дзе Я ёсць, каб бачылі славу Маю, якую Ты даў Мне, бо палюбіў Мяне перад заснаваннем свету.
Ойча! Хачу каб тыя, каго даў Ты Мне, са Мною былі, дзе Я, хай бачаць славу Маю, якую Ты даў Мне, бо палюбіў Мяне раней, чым заснаваўся свет.
Ойча справядлівы, свет не пазнаў Цябе, але Я пазнаў Цябе, і яны пазналі, што Ты паслаў Мяне.
Ойча справядлівы, і свет Цябе не пазнаў, а Я Цябе пазнаў, і яны пазналі, што Ты Мяне паслаў.
Я адкрыў ім Тваё імя і буду адкрываць, каб любоў, якою Ты палюбіў Мяне, у іх была, а Я ў іх».
І Я абвясціў ім Тваё імя і буду абвяшчаць, каб любоў, якою Ты палюбіў Мяне, у іх была, і Я ў іх».