Яна 21 разьдзел
Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Дабравесця / «Спадчына»; Клышка
Пасля гэтага Езус зноў з’явіўся вучням сваім каля Тыберыядскага мора. А з’явіўся так.
Пасля гэтага зноў з’явіўся Ісус вучням пры моры Тыверыядскім; з’явіўся ж так.
Былі разам Сымон Пётр, Тамаш, званы Блізня, Натанаэль з Каны Галілейскай, сыны Зэбэдэя і двое іншых з вучняў Ягоных.
Былі разам Сіман Пятро і Фама, званы Блізнюк, і Нафанаіл з Каны Галілейскай, і сыны Зеведзеевы, і два іншыя з Яго вучняў.
Сымон Пётр сказаў ім: «Іду лавіць рыбу». Яны адказалі яму: «І мы пойдзем з табою». Пайшлі і селі ў човен, але ў тую ноч нічога не злавілі.
Кажа ім Сіман Пятро: «Іду лавіць рыбу». Кажуць яму: «Пойдзем і мы з табою». Выйшлі і селі ў човен, і ў тую ноч не злавілі нічога.
Калі ўжо развіднела, Езус стаяў на беразе. Але вучні не ведалі, што гэта быў Езус.
І калі ўжо, надыходзіла раніца, стаў Ісус на беразе, але не ведалі вучні, што гэта Ісус.
Сказаў ім Езус: «Дзеці, ці маеце што з’есці?» Яны адказалі Яму: «Не».
Дык кажа ім Ісус: «Дзеткі, ці не маеце якой яды?» Яны адказалі Яму: «Не».
А Ён сказаў ім: «Закіньце сетку з правага боку чоўна і знойдзеце». Яны закінулі і не маглі ўжо выцягнуць яе з-за мноства рыбы.
Ён жа сказаў ім: «Закіньце сетку з правага боку чоўна і знойдзеце». Яны закінулі і ўжо не маглі яе выцягнуць з-за мноства рыбы.
Тады вучань, якога любіў Езус, сказаў Пятру: «Гэта Пан!» Калі Сымон Пётр пачуў, што гэта Пан, падперазаўся вопраткай, бо быў голы, і кінуўся ў мора.
Тады той вучань, якога любіў Ісус, кажа Пятру: «Гэта Госпад». Сіман жа Пятро, пачуўшы, што гэта Госпад, апаясаўся вопраткаю, бо ён быў голы, і кінуўся ў мора.
А іншыя вучні прыплылі на чоўне, бо недалёка былі ад берага, локцяў каля двухсот, цягнучы сетку з рыбай.
іншыя ж вучні прыплылі ў чоўне (бо былі яны не далёка ад зямлі, локцяў з дзвесце), цягнучы сетку з рыбаю.
Калі ж выйшлі на бераг, убачылі распаленае вогнішча, а на ім пакладзеную рыбу і хлеб.
Калі ж яны зышлі на зямлю, бачаць раскладзены жар і рыбу, што ляжыць на ім, і хлеб.
Езус сказаў ім: «Прынясіце рыбы, што цяпер налавілі».
Кажа ім Ісус: «Прынясіце з тае рыбы, што вы злавілі цяпер».
Пайшоў Сымон Пётр і выцягнуў на бераг сетку, поўную вялікіх рыб, якіх было сто пяцьдзясят тры. І хоць іх было столькі, сетка не парвалася.
Узышоў Сіман Пятро і выцягнуў на зямлю сетку, поўную вялікай рыбы, — сто пяцьдзесят тры; і хоць было гэтулькі, сетка не разарвалася.
Сказаў ім Езус: «Хадзіце ж, снедайце». Ніхто з вучняў не адважыўся спытацца ў Яго: «Хто Ты?», бо ведалі, што гэта Пан.
Кажа ім Ісус: «Хадзіце, снедайце». А ніхто з вучняў не адважыўся спытацца ў Яго: «Ты Хто?» — ведаючы, што гэта Госпад.
Езус падышоў, узяў хлеб і падаў ім, і таксама рыбу.
Падыходзіць Ісус і бярэ хлеб і дае ім, і рыбу таксама.
Гэта ўжо трэці раз з’явіўся Езус вучням пасля свайго ўваскрасення.
Гэта ўжо трэці раз з’явіўся Ісус вучням, устаўшы з мёртвых.
Калі ж яны паснедалі, Езус кажа Сымону Пятру: «Сымоне, сын Яна, ці любіш ты Мяне больш, чым яны?» Той адказаў Яму: «Так, Пане, Ты ведаеш, што я люблю Цябе». Езус кажа яму: «Пасі ягнят Маіх».
Калі яны паснедалі, кажа Сіману Пятру Ісус: «Сімане, сыне Іаанаў, ці любіш ты Мяне больш, чым яны?» Той кажа Яму: «Так, Госпадзе, Ты ведаеш, што я люблю Цябе». Кажа яму: «Гадуй Маіх ягнят».
Зноў кажа яму другі раз: «Сымоне, сын Яна, ці любіш ты Мяне?» Ён адказаў: «Так, Пане, Ты ведаеш, што я люблю Цябе». Езус кажа яму: «Пасі авечак Маіх».
Кажа яму зноў, другі раз: «Сімане, сыне Іаанаў, ці любіш ты Мяне?» Кажа Яму: «Так, Госпадзе, Ты ведаеш, што я люблю Цябе». Кажа яму: «Пасі Маіх авечак».
І сказаў яму трэці раз: «Сымоне, сын Яна, ці любіш ты Мяне?» Пётр засмуціўся, што трэці раз спытаўся ў яго: «Ці любіш ты Мяне?», і сказаў: «Пане, Ты ўсё ведаеш, Ты ведаеш, што я люблю Цябе». Езус кажа яму: «Пасі авечак Маіх.
Кажа яму трэці раз: «Сімане, сыне Іаанаў, ці любіш ты Мяне?» Засмуціўся Пятро, што Ён сказаў яму трэці раз: «Ці любіш Мяне?» І ён кажа Яму: «Госпадзе, усё Ты ведаеш, Ты ведаеш, што я люблю Цябе». Кажа яму Ісус: «Гадуй Маіх авечак.
Сапраўды, сапраўды кажу табе: калі ты быў маладзейшы, то падпяразваўся сам і хадзіў, куды хацеў. Калі ж састарэеш, то выцягнеш рукі свае і іншы падпяража цябе і павядзе, куды не хочаш».
Папраўдзе, папраўдзе кажу табе: Калі ты быў маладзейшы, то падпяразваўся і ішоў, куды хацеў; калі ж пастарэеш, працягнеш свае рукі, і іншы падперажэ цябе і павядзе, куды не хочаш».
А гаварыў так, каб зазначыць, якой смерцю той уславіць Бога. І пасля гэтых слоў, кажа яму: «Ідзі за Мной».
А гэта Ён сказаў, даючы зразумець, якою смерцю ён праславіць Бога. І, сказаўшы гэта, кажа яму: «Ідзі ўслед за Мною».
Пётр азірнуўся і ўбачыў, што за ім ідзе ўмілаваны вучань Езуса, які на вячэры спачываў на Яго грудзях і пытаўся: «Пане, хто выдасць Цябе?»
Абярнуўшыся, Пятро бачыць, што следам ідзе вучань, якога любіў Ісус, той самы, які і прыпаў на вячэры да Яго грудзей і сказаў: «Госпадзе, хто прадасць Цябе?»
Калі Пётр убачыў яго, сказаў Езусу: «Пане, а што з ім?»
Дык, убачыўшы таго, Пятро кажа Ісусу: «Госпадзе, а ён што?»
Езус адказаў яму: «Калі Я хачу, каб ён заставаўся, пакуль Я прыйду, што табе да таго? Ты ідзі за Мною».
Кажа яму Ісус: «Калі Я хачу, каб ён заставаўся аж пакуль прыйду, што табе? Ты ідзі ўслед за Мною».
І разышлося гэтае слова паміж братоў, што вучань той не памрэ. Але не сказаў яму Езус, што не памрэ, але: «Калі Я хачу, каб ён заставаўся, пакуль Я прыйду, то што табе да таго?»
І разышлося гэтае слова між братамі, што той вучань не памрэ. Але не сказаў яму Ісус, што той не памрэ, але: «калі Я хачу, каб ён заставаўся аж пакуль прыйду, [што табе?]»
Той вучань сведчыць пра гэта і напісаў гэта. І ведаем, што сведчанне ягонае праўдзівае.
Ён і ёсць той вучань, што сведчыць пра гэта і напісаў гэта, і мы ведаем, што праўдзівае яго сведчанне.
Ёсць і шмат іншага, што ўчыніў Езус. Але, калі апісаць гэта падрабязна, то, думаю, сам свет не змясціў бы напісаных кніг.
Ёсць жа і шмат іншага, што зрабіў Ісус: калі б пра ўсё гэта пісалася, думаю, што і сам свет не ўмясціў бы тых напісаных кніг. [Амін].