Да Галятаў 1 разьдзел

Пасланьне да Галятаў
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Аляксандара Надсана

 
 

Павел, апостал, выбраны не людзьмі і не чалавекам, але Езусам Хрыстом і Богам Айцом, які ўваскрасіў Яго,
 

і ўсе браты, якія са мною, — Касцёлам Галатыі.
 

Ласка вам і спакой ад Бога Айца нашага і ад Пана Езуса Хрыста,
 

які аддаў самога сябе за грахі нашыя, каб вырваць нас з ліхога цяперашняга свету па волі Бога і Айца нашага,
 

якому хвала на векі вечныя. Амэн.
 

Здзіўляюся, што ад таго, хто паклікаў вас ласкаю Хрыста, вы так хутка адыходзіце да іншага дабравесця.
 

Яно, аднак, не іншае, а толькі ёсць людзі, якія зводзяць вас і хочуць сказіць Евангелле Хрыста.
 

Але, калі б нават мы ці анёл з неба пачалі абвяшчаць вам добрую навіну, якая адрозніваецца ад той, што мы абвяшчалі вам, няхай будзе пракляты!
 

Як раней мы казалі, так і цяпер зноў кажу: калі хто абвяшчае вам добрую навіну, якая адрозніваецца ад той, што вы прынялі, няхай будзе пракляты!
 

Ці ў людзей я цяпер шукаю ўпадабання, ці ў Бога? Ці людзям дагаджаць стараюся? Калі б я і дагэтуль дагаджаў людзям, то не быў бы слугою Хрыста!
 

Сведчу вам, браты, што Евангелле, якое я абвяшчаў, не ад чалавека.
 

Бо і я прыняў яго і навучыўся не ад чалавека, але праз аб’яўленне Езуса Хрыста.
 

Вы чулі пра маё ранейшае жыццё ў юдаізме, як жорстка я пераследаваў Касцёл Божы і нішчыў яго,
 

як перавышаў у юдаізме многіх аднагодкаў з майго народу, будучы зацятым прыхільнікам традыцый маіх продкаў.
 

Калі ж Бог, які выбраў мяне ад улоння маёй маці і паклікаў сваёй ласкаю,
 

пажадаў аб’явіць ува мне свайго Сына, каб я прапаведаваў Яго сярод язычнікаў, я не пачаў адразу раіцца з целам і крывёю
 

і не пайшоў у Ерузалем да Апосталаў, маіх папярэднікаў, а пайшоў у Арабію і зноў вярнуўся ў Дамаск.
 

Пасля, праз тры гады, я пайшоў у Ерузалем наведаць Кефаса і прабыў у яго пятнаццаць дзён.
 

Нікога ж іншага з Апосталаў я не бачыў, акрамя Якуба, брата Пана.
 

У тым, што я пішу вам, Бог мне сведка, няма маны.
 

Пасля гэтага адышоў я ў землі Сірыі і Цыліцыі.
 

Касцёлам Хрыстовым у Юдэі я не быў вядомы асабіста,
 

яны толькі чулі, што той, хто быў іх ганіцелем, цяпер прапаведуе веру, якую некалі нішчыў.
 

І праслаўлялі Бога за мяне.