2 да Карынфянаў 7 разьдзел

Другое пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Сабілы і Малахава

 
 

Таму, умілаваныя, маючы абяцанні, ачысцім сябе ад усякага бруду цела і духа, здзяйсняючы асвячэнне ў боязі Божай.
 
Дык вось, любасныя, маючы гэткія абяцаньні, ачысьцім сябе ад усяго, што апаганьвае цела і дух, учыняючы сьвятасьць у страху Божым.

Прыміце нас! Мы нікога не пакрыўдзілі, нікога не ашукалі, нікога не выкарыстоўвалі.
 
Прыміце нас (у сэрцы вашыя)! Мы нікога ня пакрыўдзілі, нікому ня пашкодзілі, ні ў кога ня шукалі карысьці.

Не для асуджэння кажу, бо я раней сказаў, што вы ў сэрцах нашых, каб разам памерці і разам жыць.
 
Ня на асуджэньне кажу; бо я ране́й сказаў, што вы ў сэрцах нашых, каб разам і паме́рці і жыць.

У мяне вялікае спадзяванне на вас, вялікая мне за вас пахвала. Я напоўнены суцяшэннем, перапоўнены радасцю ў кожным нашым уціску.
 
(Гавару) з вамі вельмі адкрыта, вельмі хвалюся вамі; я напоўнены суцяшэньнем, перапаўняюся радасьцю, пры ўсім уціску на нас.

Бо калі мы прыйшлі ў Македонію, цела нашае не мела ніякай палёгкі, але ва ўсім пакутавалі: звонку — змаганні, унутры — боязь.
 
Бо калі мы прыйшлі ў Македонію, цела нашае ня мела ніякага спакою, але адусюль мы былі ўцісьненыя: звонку — напасьці, унутры — страхі.

Але Бог, які суцяшае прыніжаных, суцешыў нас прыйсцем Ціта.
 
Але Бог, Які суцяшае ціхамірных, суцешыў нас прыходам Ціта;

І не толькі яго прыйсцем, але і суцяшэннем, якім ён цешыўся сярод вас, расказваючы нам аб вашай руплівасці, вашым плачы, вашым клопаце пра мяне, таму я яшчэ больш узрадаваўся.
 
і ня толькі ягоным прыходам, але і суцяшэньнем, якім ён быў суцешаны вамі, калі ён расказваў нам пра вашу руплівасьць, пра ваш плач, пра вашу прыхільнасьць да мяне, так што я (яшчэ) болей узра́даваўся.

Калі я і засмуціў вас у пасланні, не шкадую. Калі і шкадаваў, — бо бачу, што гэтае пасланне на нейкі час засмуціла вас, —
 
Калі ж я і засмуціў вас тым Пасланьнем, ня шкадую, хоць было і шкадаваў; бо бачу, што гэнае Пасланьне хоць на (нейкі) час засмуціла вас.

цяпер радуюся, не дзеля таго, што вы засмуціліся, але што вы засмуціліся для пакаяння. Вы засмуціліся паводле Божай волі, каб ні ў чым не мець ад нас шкоды.
 
Цяпер я радуюся ня таму, што вы былí засму́чаны, але таму, што вы былí засму́чаны на пакаяньне: бо былі засмучаны дзеля Бога, так што ні ў чым ад нас ня пацярпелі шкоды.

Бо гэты смутак паводле Божай волі, яго не трэба шкадаваць, бо ён праз пакаянне вядзе да збаўлення, а смутак свету нясе смерць.
 
Таму што смутак дзеля Бога ўчыняе пакаяньне на збаўленьне, аб чым ня сьлед шкадаваць; а сьвецкі смутак учыняе сьмерць.

Вось жа сам сум, які згодны з Божай воляй, наколькі ж вялікую абудзіў у вас руплівасць, абарону, абурэнне, боязь, жаданне, клопат, адплату! Ва ўсім вы паказалі сябе беззаганнымі ў гэтай справе.
 
Глядзіце, ужо самае тое, што вы засму́чаны дзеля Бога, якую дбаласьць учыніла (гэта) у вас, колькі (просьбаў) прабачэньня, якое абурэньне, які страх, якое жаданьне, якую руплівасьць, якое спагнаньне! Ва ўсім вы паказалі сябе чыстымі ў гэтай справе.

Таму, калі я і напісаў вам, то не дзеля крыўдзіцеля і не дзеля пакрыўджанага, але каб выявілася руплівасць вашая аб нас перад Богам.
 
Таму, калі я і напісаў вам, то ня дзеля таго, хто пакрыўдзіў, і ня дзеля пакрыўджанага, але дзеля таго, каб вачавіднай стала сярод вас ваша дбаласьць пра нас перад Богам.

Дзеля гэтага мы спазнаем суцяшэнне. Яшчэ больш мы суцешыліся з прычыны радасці Ціта, бо яго дух умацаваўся дзякуючы ўсім вам.
 
Таму мы суцешаны вашым суцяшэньнем; шмат больш, нават празьмерна ўзрадаваліся мы радасьцю Ціта, таму што дух ягоны быў супакоены ўсімі вамі.

Я не саромеўся, калі ў чым хваліўся вамі перад ім, але, як усё мы ў праўдзе сказалі вам, так і перад Цітам хвала нашая аказалася праўдзівай.
 
Таму, калі я і пахваліўся яму чым-небудзь пра вас, то ня быў пастыжоны, але як мы вам сказалі ўсё ў праўдзе, так і пахвала нашая перад Цітам аказалася праўдай.

І сэрца яго тым больш хінецца да вас, калі ён успамінае аб паслухмянасці ўсіх вас, як вы прынялі яго з бояззю і трымценнем.
 
І сэрца ягонае яшчэ мацней ту́ліцца да вас, пры ўспаміне аб паслухмянасьці ўсіх вас, як са страхам і трымценьнем вы прынялі яго.

Я радуюся, што ва ўсім магу спадзявацца на вас.
 
Я радуюся таму, што ва ўсім магу пакласьціся на вас.