1 Яна 4 разьдзел

Першае пасланьне Яна
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад а. Сяргея Сурыновіча

 
 

Умілаваныя, не кожнаму духу верце, але правярайце духаў, ці яны ад Бога, бо шмат ілжэпрарокаў з’явілася на свеце.
 

Па гэтым распазнаеце Божага Духа: кожны дух, які вызнае, што Езус Хрыстус прыйшоў у целе, ёсць ад Бога.
 

І кожны дух, які не вызнае Езуса, той не ад Бога; гэта дух антыхрыста, пра якога вы чулі, што ён прыйдзе і цяпер ужо ёсць на свеце.
 

Дзеці, вы ад Бога, таму перамаглі іх, бо той, хто ў вас, большы за таго, хто ў свеце.
 

Яны са свету, таму і гавораць так, як свет, і свет слухае іх.
 

Мы ад Бога. Хто ведае Бога, слухае нас, хто не ад Бога, той не слухае нас. Па гэтым і пазнаём духа праўды і духа фальшу.
 

Умілаваныя, будзем любіць адзін аднаго, бо любоў ад Бога і кожны, хто любіць, народжаны ад Бога і ведае Бога.
 

Хто не любіць, той не ведае Бога, таму што Бог ёсць любоў.
 

Любоў Бога да нас адкрылася ў тым, што Бог паслаў у свет Сына свайго Адзінароднага, каб мы жылі праз Яго.
 

У тым выявілася любоў, што не мы палюбілі Бога, а Ён сам палюбіў нас і паслаў свайго Сына як уміласціўленне за нашыя грахі.
 

Калі Бог так палюбіў нас, дык і мы павінны любіць адзін аднаго.
 

Бога ніхто ніколі не бачыў. Калі мы любім адзін аднаго, то Бог жыве ў нас, і любоў Ягоная ў нас дасканалая.
 

Па тым пазнаём, што мы жывём у Ім, а Ён у нас, што Ён даў нам ад свайго Духа.
 

І мы бачылі, і сведчым, што Айцец паслаў Сына, Збаўцу свету.
 

Хто вызнае, што Езус — Сын Божы, у тым жыве Бог, а ён — уБогу.
 

І мы пазналі, і паверылі ў любоў, якую мае да нас Бог. Бог ёсць любоў, і хто жыве ў любові, той жыве ў Богу, і Бог у ім.
 

У тым любоў дасканалая ў нас, што мы маем адвагуў дзень суда, бо які Ён, такія і мы ў гэтым свеце.
 

У любові няма страху, але дасканалая любоў праганяе страх, бо страх ёсць з-за боязі перад пакараннем; хто баіцца, той недасканалы ў любові.
 

Мы любім Бога, бо Ён першы палюбіў нас.
 

Калі б хто сказаў: «Я люблю Бога», а брата свайго ненавідзіць, ёнілгун, бо той, хто не любіць свайго брата, якога бачыць, не можа любіць Бога, якога не бачыць.
 

І мы маем ад Яго такую запаведзь, каб той, хто любіць Бога, любіў і свайго брата.