Мацьвея 20 разьдзел
Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Чарняўскага — арыгінал
Бо Царства Нябе́снае падобна да чалаве́ка — гаспадара дому, які выйшаў вельмі рана наняць работнікаў у вінаграднік свой.
Падобнае затым Каралеўства нябеснае чалавеку гаспадару, які выйшаў надта рана наймаць работнікаў у свой вінаграднік.
І, умовіўшыся з работнікамі па дынару за дзе́нь, паслаў іх у вінаграднік свой.
Зрабіўшы з работнікамі ўмову па дынару за дзень, паслаў іх у свой вінаграднік.
Выйшаўшы-ж каля трэцяе гадзіны, ён угле́дзіў другіх, сто́ячы на рынку бяз дзе́ла.
Ды выйшаўшы каля гадзіны трэцяй, убачыў іншых, стаячых на рынку без работы.
І сказаў ім: ідзіце і вы ў вінаграднік мой і, што будзе нале́жацца, дам вам. Яны пайшлі.
Ды і ім сказаў: "Ідзіце і вы ў мой вінаграднік і што будзе справядліва, дам вам."
Зноў выйшаўшы каля шостае і дзевятае гадзіны, зрабіў тое-ж.
І яны пайшлі. Ды зноў выйшаў каля шостай і каля дзевятай гадзіны, і зрабіў падобна.
Нарэшце, выйшаўшы каля адзінаццатае гадзіны, ён знайшоў другіх, сто́ячы без работы, і кажа ім: чаму вы стаіцё тут цэлы дзе́нь бяз дзе́ла?
Дый яшчэ каля гадзіны адзінаццатай і знайшоў іншых стаячых ды ім сказаў: "Чаму тут стаіцё, гультуючы ўвесь дзень?"
Яны кажуць яму: ніхто нас не наняў. Ён кажа ім: ідзіце й вы ў вінаграднік мой і, што будзе належацца, дастанеце.
Кажуць Яму: "Бо ніхто нас не наняў". І ім сказаў: "І вы ідзіце ў мой вінаграднік".
Калі-ж надыйшоў ве́чар, кажа гаспадар вінаградніку эканому свайму: пакліч работнікаў і аддай ім плату, пачаўшы з апошніх да пе́ршых.
А калі настаў вечар, сказаў гаспадар (пан) вінаградніка загадчыку свайму: "Скліч работнікаў і дай ім заплату, пачынаючы ад апошніх, а канчаючы першымі.
І тыя, што прыйшлі каля адзінаццатае гадзіны, дасталі па дынару.
Дык калі прыйшлі тыя, што каля адзінаццатай гадзіны прыйшлі на работу, атрымалі па дынару.
Прыйшоўшыя-ж пе́ршымі, думалі, што яны дастануць больш, але й яны дасталі па дынару.
А калі таксама прыйшлі першыя, думалі, што болей атрымаюць, але і яны атрымалі па дынару.
І, узяўшы, пачалі наракаць на гаспадара дому і казалі:
Дык узяўшы шэмралі (марматалі) на гаспадара,
Гэтыя апошнія рабілі адну гадзіну, і ты зраўняў іх з намі, перанёсшымі цяжар дня і сьпе́ку.
і сказалі: "Гэтыя апошнія толькі адну гадзіну працавалі, а зраўняў іх з намі, якія пераносілі цяжар дня і сьпякоту".
Ён жа ў адказ сказаў аднаму з іх: ся́бра! я ня крыўджу цябе́; ці-ж не за дынар ты ўмовіўся са мною?
А ён у адказ аднаму з іх сказаў: "Дружа, не зрабіў я табе крыўды. Ці ж ты не ўмовіўся са мной за дынар?
Вазьмі сваё і пайдзі; я-ж хачу даць гэтаму апошняму тое-ж, што і табе.
Дык вазьмі, што тваё, а ідзі, бо хачу і апошняму даць як табе.
Ці-ж я ня во́лен у сваім рабіць, што хачу? Ці вока тваё злоснае, што я добры?
Ці ж не можна мне рабіць, што хачу? І ці ж крывым вокам глядзіш на тое, што я добры?"
Гэтак будуць апошнія пе́ршымі, і пе́ршыя апошнімі; бо многа заклíканых, але мала вы́браных.
Так вось гэтыя апошнія будуць першымі, а першыя апошнімі. Бо многа пакліканых, а мала выбраных.
І, уваходзячы ў Ерузалім, Ісус дарогаю адклікаў дванаццаць вучняў асобна і сказаў ім:
Уваходзячы ў Ерузалім Езус узяў адзельна Дванаццаць вучняў і сказаў ім па дарозе:
Вось мы ўваходзім у Ерузалім, і Сын Чалаве́чы вы́даны будзе архірэям і кніжнікам, і засудзяць Яго на сьме́рць;
"Ужо ўваходзім у Ерузалім і Сын Чалавечы будзе выдадзены архісьвятарам і кніжнікам.
і выдадуць Яго паганам на зьдзе́к і біцьцё і ўкрыжава́ньне; і на трэці дзе́нь уваскрэсьне.
Асудзяць Яго на сьмерць, ды выдадуць на пасьмешышча паганам, на ўбічаваньне і ўкрыжаваньне. А тэцяга дня ўваскрэсьне."
Тады прыступілася да Яго маці сыноў Завядзе́явых з сынамі сваімі, кланяючыся і не́чага просячы ў Яго.
Затым падыйшла да Езуса матка сыноў Забэдэявых з сынамі сваімі, пакланілася і прасіла нечага.
Ён жа сказаў ёй: чаго ты хочаш? Яна кажа Яму: скажы, каб гэтыя два сыны маі се́лі ў Цябе́ адзін з правага боку, а другí з ле́вага ў царстве Тваім.
Езус спытаўся ў яе: "Чаго хочаш?" Яна сказала: "Загадай, каб гэтыя два сыны мае ў Каралеўстве Тваім сядзелі: адзін з правай стараны ў Цябе а другі з левай."
Ісус сказаў у адказ: ня ве́даеце, чаго просіце. Ці можаце піць ча́ру, якую Я буду піць, ці хрысьціцца хрышчэньнем, якім Я хрышчуся? Яны кажуць Яму: можам.
А Езус адказаў ёй: "Ня ведаеце, чаго просіце. Ці можаце піць чашу (келіх), каторую Я піць буду? Кажуць Яму: "Можам."
І кажа ім: ча́ру Маю будзеце піць і хрышчэньнем, якім Я хрышчуся, будзеце хрысьціцца, але се́сьці ў Мяне́ з правага боку і з ле́вага не магу даць вам, але каму прыгатава́на Айцом Маім.
Сказаў ім: "Чашу маю праўда піць будзеце, але сядзець у Мяне па правай у Мяне старане ці па левай, не Мне вам даваць, але толькі тым, каторым прыгатаваў Айцец Мой."
Пачуўшы гэтае, дзе́сяць вучняў абурыліся на двох братоў,
Пачуўшы гэта дзесяць іншых разгневаліся на двух братоў.
Ісус жа, паклікаўшы íх, сказаў: вы ве́даеце, што князí народаў валадаюць імі і вяльможы пануюць над імі;
Але Езус паклікаў іх да сябе і сказаў: "Ведаеце, што князі народаў пануюць над імі, а валадары маюць уладу над імі.
але між вамі няхай ня будзе гэтак; а хто хоча між вамі быць большым, няхай будзе вам слугою;
Паміж вас так не будзе. Але хто з вас хацеў бы быць важнейшым (большым), будзе вашым слугою.
і хто хоча між вамі быць пе́ршым, няхай будзе вам слугою,
А хто з вас хацеў бы быць першым, мае быць вашым слугою.
бо Сын Чалаве́чы не́ дзе́ля таго прыйшоў, каб Яму́ служылі, але каб паслужыць і аддаць душу Сваю дзе́ля вы́купу многіх.
Так як і Сын Чалавечы не прыйшоў, каб Яму служылі, але каб Ён служыў ды аддаў душу Сваю на адкупленьне многіх.
І, калі выходзілі яны з Ерыхону, за Ім сьле́дам ішло множства народу.
Калі выходзілі з Ерыха праводзіла іх вялікая грамада.
І вось, два сьляпы́я, сядзе́ўшыя ля дарогі, пачуўшы, што Ісус ідзе́ міма, пачалі крычэ́ць: зьмілуйся над намі, Госпадзе, сы́не Давідаў!
А вось два сьляпых пры дарозе пачулі, што праходзіць Езус. Дык пачалі крычаць: "Госпадзе, зжалься над намі, Сыне Давідаў!"
Народ жа крычэў на іх, каб маўчалі; але яны яшчэ мацне́й сталі крычэ́ць: зьмілуйся над намі, Госпадзе, сыне Давідаў!
А людзі сварыліся на іх, каб маўчалі!
Ісус, супыніўшыся, прыклікаў іх і сказаў: чаго вы хочаце ад Мяне́?
Дык Езус спыніўся, паклікаў іх і спытаўся: "Што хочаце, каб вам зрабіў?"
Яны кажуць Яму: Госпадзе! каб адчыніліся вочы нашыя.
Кажуць Яму: "Госпадзе, каб адкрыліся нам вочы."
Ісус жа, зьлітаваўшыся, дакрануўся да вачэй іх; і ўраз-жа сталі бачыць вочы іх, í яны пайшлі за Ім.
Пашкадаваў затым іх Езус, дакрануўся вачэй іхніх і яны адразу праглянулі ды пайшлі за Ім.