Мацьвея 10 разьдзел
Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Чарняўскага — арыгінал
І, паклікаўшы дванаццаць вучняў Сваіх, Ён даў ім уладу над нячы́стымі ду́хамі, каб выганяць іх і лячыць усякую хворасьць і ўсякую не́мач.
Затым сазваўшы дванаццаць вучняў Сваіх, даў ім уладу над духамі нячыстымі, выганяць іх, аздараўляць усякую хваробу ды ўсякую немач.
А дванаццацёх апосталаў іме́ньні вось якія: пе́ршы Сымон, называны Пятром, і Андрэй, брат яго, Якаў Завядзе́яў і Іоан, брат яго,
А імёна Дванаццаці Апосталаў такія: першы Сымон, якога завуць Пятром, і Андрэй, брат яго.
Філіп і Баўтраме́й, Хама́ і Мацьве́й мытнік, Якаў Алфе́яў і Ляўве́й, празваны Фадзе́ем,
Якуб, сын Зэбэдэяў ды Ян, брат ягоны; Філіп і Баўтрамей, Тамаш і Матэвуш, мытнік, Якуб, сын Алфея, і Тадэвуш.
Сымон Кананіт і Юда Іскарыёт, які і здрадзіў Яго.
Сымон Хананеец і Юда Іскарыёт, які яго выдаў.
Гэтых дванаццацёх паслаў Ісус і нака́зваў ім, гаворачы: на шлях пага́наў ня ўзыходзьце і ў ме́ста Самарыйскае не ўваходзьце;
Гэтых Дванаццаць паслаў Езус загадваючы ім ды кажучы: "На дарогу паган не заходзьце і ў гарады самар'янаў не ўваходзьце.
але ідзе́це найбале́й да загінуўшых аве́ц дому Ізраілявага.
Але перш ідзіце да авец, якія прапалі з дому Ізраеля.
А хо́дзячы абвяшчайце, кажучы, што наблізілася Царства Нябе́снае.
А ідучы прапаведайце і кажыце, што прыблізілася Каралеўства Нябеснае.
Хворых аздараўляйце, пракажоных ачышчайце, памёршых уваскрашайце, злых духоў выганяйце. Дарма́ дасталі, дарма́ давайце.
Аздараўляйце хворых, ускрашайце памёршых, ачышчайце пракажоных, выганяйце дэманаў. Дарма атрымалі, дарма давайце.
Не бярэце з сабою ні золата, ні серабра, ні ме́дзі ў поясы сваі,
Не мейце ў капшукох вашых ані золата, ані серабра, ані грошай,
ні торбы на дарогу, ні дзьвёх адзе́жын, ні абутку, ні кія. Бо работнік варт стравы сваёй.
ані торбы, ані двух вопраткаў, ані сандалаў, ані кія. Бо працаўнік варт сваёй стравы.
У якое-б ме́ста ці сяло ні прыйшлі вы, даве́давайцеся, хто ў ім дастойны, і там аставайцеся, пакуль ня выйдзеце.
А ў які горад зойдзеце або вёску, спытайцеся, хто ў ім дастойны ды там абжывайцеся аж да свайго адыходу.
А, уваходзячы ў дом, вітайце яго, кажучы: мір дому гэтаму.
Уваходзячы ў дом вітайце яго і кажыце: "Супакой гэтаму дому."
І, калі дом будзе дастойны, мір ваш зыйдзе на яго; а калі ня будзе дастойны, то мір ваш да вас ве́рнецца.
А калі б дом той быў бы годны, хай сыйдзе на яго супакой ваш. А калі б не быў годзен, хай супакой ваш вернецца да вас."
А калі хто ня пры́йме вас і ня будзе слухаць слоў вашых, то, выходзячы з дому ці з ме́ста таго, атрасе́це пыл з ног вашых.
А калі б хто вас не прыняў ды ня слухаў слоў вашых, выйшаўшы на двор (на вонкі) з дому або горада абтрасіце пыл з ног вашых.
Запраўды́ кажу вам: ле́пш будзе зямлі Садомскай і Гаморскай у дзе́нь суда́, чымся ме́сту таму.
Сапраўды кажу вам, лягчэй будзе зямлі Садомскай і Гаморскай у дзень суду, чым таму гораду (або дому)."
Вось Я пасылаю вас, як аве́ц сярод ваўкоў; дык будзьце мудрыя, як зьме́і, і простыя, як галубы.
Вось жа пасылаю Я вас як авец у ваўкі: дык будзьце прадбачлівыя як зьмеі, а прастадушныя як галубкі.
Сьцеражэцеся людзе́й: бо яны будуць аддаваць вас у суд і ў школах сваіх будуць біць вас.
Сьцеражыцеся людзей. Павядуць бо вас на суды і ў сынагогах бічаваць вас будуць.
І павядуць вас да валадароў і царо́ў за Мяне́, дзеля сьве́дчаньня перад імі й паганамі.
Дзеля Мяне (Бога) будуць цягаць вас да ўладаў і каралёў на пасьведчаньне (на доказ) ім і паганцам.
Калі-ж будуць выдаваць вас, ня дбайце аб тое, як і што вам гаварыць, бо вам у той час будзе да́дзена, што сказаць.
А калі вас выдаваць будуць ня думайце як і што гаварыць маеце, бо ў той час, што маеце гаварыць, будзе дадзена вам.
Бо ня вы будзеце гаварыць, але Дух Айца вашага будзе гаварыць у вас.
Бо ня вы, якія гаворыце, але Дух Айца вашага, Каторы праз вас гаворыць.
Выдаваціме брат брата і бацька сына на сьме́рць; і паўстануць дзе́ці на бацькоў і пазабіваюць іх;
Ды выдасьць на сьмерць брат брата, а бацька сына і збунтуюцца сыны супроць бацькоў і будуць прычынай іхняй сьмерці.
і будуць вас ненавідзець за імя Маё, але, хто вы́цярпіць да канца́, спасён будзе.
Ды будзеце ў нянавісьці дзяля Імя Майго ўва ўсіх. Але хто выстаіць да канца, будзе збаўлены.
Калі-ж будуць выганяць вас з аднаго ме́ста, уцякайце ў другое, бо запраўды́ кажу вам: не абойдзеце йшчэ ме́стаў Ізраілявых, як прыйдзе Сын Чалаве́чы.
Калі вас прасьледаваць будуць у тым горадзе, пераходзьце ў другі. Сапраўды кажу вам, што не пройдзеце гарадоў Ізраеля, як прыйдзе Сын Чалавечы.
Вучань ня вышэй за вучыцеля свайго, і слуга ня вышэй за гаспадара свайго.
Вучань не над Вучыцеля, ані над пана свайго.
Годзе для вучня, каб ён быў, як вучыцель яго, і для слугі, каб ён быў, як гаспадар яго. Калі гаспадара дому назвалі вэльзэвулам, тым бале́й хатніх ягоных.
Хопіць вучню, каб быў як ягоны настаўнік, а слуга як ягоны пан. Калі гаспадара дому назвалі бельзэбубам, тым больш дамаўнікоў ягоных.
Дык ня бойцеся-ж іх: бо няма нічога ўкрытага, каб ня вы́явілася, ні патайнога, што ня сталася-б вядомым.
Дзеля таго не бойцеся іх. Бо німа нічога скрытага, каб не было выяўлена, і нічога тайнага, чаго б ня ведалі.
Што кажу вам у цемнаце́, гаварэце пры сьвятле́; і што наву́ха чуеце, абвяшчайце са стрэхаў.
Што гавару вам у поцемках, прапавядайце ў сьвятле, а што чуеце на вуха, разгалашайце на дахах.
І ня бойцеся тых, што забіваюць це́ла, а душы ня могуць забіць; а бойцеся больш таго, хто можа і душу, і це́ла загубіць у гее́ньне.
Не бойцеся тых, якія забіваюць цела ваша, а душы забіць не могуць. Бардзей бойцеся Таго, хто можа і душу і цела загубіць у пекле.
Ці ж ня два вераб’і прадаюцца за ассары? І ніводзін з іх не ўпадзе́ на зямлю бяз волі Айца вашага.
Ці ж за медзяка не прадаюць двух вераб'ёў? А ніводзін з іх не ўпадзе на зямлю, без Айца вашага.
У вас жа і валасы на галаве́ палічаны.
Нават валасы вашы на галаве палічаны.
Ня бойцеся-ж: вы ле́пшыя за многіх вераб’ёў.
Дык не бойцеся, лепшыя (важнейшыя) вы чым вераб'і.
Вось жа ўсякага, хто Мяне́ прызнава́ціме перад людзьмі, таго й Я прызна́ю перад Айцом Маім, што ў нябёсах.
Кожнага затым, хто Мяне прызнае перад людзьмі, і яго прызнаю перад Айцом Маім, Які ў небе.
А хто адрачэцца ад Мяне́ перад людзьмі, ад таго й Я адракуся перад Айцом Маім, што ў нябёсах.
А хто Мяне вырачэцца перад людзьмі выракуся і Я перад Айцом Маім, Які ў небе."
Ня думайце, што Я прыйшоў прыне́сьці мір на зямлю; ня мір прыйшоў Я прыне́сьці, але ме́ч.
Не думайце, што прыйшоў на зямлю прынесьці мір (супакой). Не прынёс Я мір — супакой, але меч.
Бо Я прыйшоў разлучыць чалаве́ка з бацькам яго і дачку з маткаю яе́ і няве́стку з сьвякроўю яе́.
Бо прыйшоў Я аддзяліць чалавека — сына ад яго бацькі, дачку ад маткі ейнай, сынавую ад сьвякрухі ейнай.
І ворагі чалаве́ку хатнія яго.
Ды будуць непрыяцелямі чалавек і дамаўнікі ягоныя.
Хто любіць бацьку ці матку балей за Мяне́, ня варт Мяне́; і хто любіць сына ці дачку бале́й за Мяне́, ня варт Мяне́.
Хто любіць больш бацьку, ці матку, чым Мяне, той не варт Мяне (не дастойны). І хто больш любіць сына ці дачку, чым Мяне, той не годзен Мяне.
І хто не бярэ крыжа свайго і ня йдзе́ за Мною, той ня варт Мяне́.
Ды хто не бярэ крыжа свайго, і не насьледуе Мяне, той ня варт (не дастоен) Мяне.
Хто зьберажэ душу сваю, загубіць яе́; а хто загубіць душу сваю дзеля Мяне́, зьберажэ яе́.
Хто ўсьцеражэ душу сваю — загубіць яе, а хто б аддаў душу сваю дзеля Мяне — аднойдзе яе.
Хто прыймае вас, прыймае Мяне́, а хто прыймае Мяне́, прыймае Паслаўшага Мяне́.
Хто вас прымае — Мяне прымае, а хто Мяне прымае, прымае Таго, Хто Мяне паслаў.
Хто прыймае прарока ў імя прарока, дастае́ нагароду прарока; і хто прыймае справядлівага ў імя справядлівага, дастае́ нагароду справядлівага.
Хто прымае прарока ў імя прарока, возьме заплату прарока. Хто прымае справядлівага ў імя справядлівага, заплату справядлівага атрымае.
І хто напоіць аднаго з малых гэтых толькі чарай сьцюдзёнай вады ў імя вучня, запраўды кажу вам, ня страціць нагароды свае́.
А хто б аднаму з гэтых найменшых, дзеля таго, што ён вучань, даў бы кубак халоднай вады напіцца, сапраўды кажу вам, не міне яго ўзнагарода.