Мацьвея 4 разьдзел
Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Чарняўскага — арыгінал
Тады Ісус заве́дзены быў Духам у пустыню дзеля спакусы ад нячыстага.
Пасьля Езус быў заведзены Духам у пустыню для спакушаньня д'яблам.
І, прапасьціўшы сорак дзён ды сорак ночаў, нарэшце захаце́ў е́сьці.
Ён па саракадзённым і соракночным посьце чуўся галодным.
І прыступіўся да Яго спаку́сьнік і сказаў: калі Ты Сын Божы, скажы, каб каме́ньні гэтыя зрабіліся хле́бамі.
Дык прыступіўся да Яго звадыяш і сказаў Яму: "Калі Ты — Сын Божы, скажы, каб гэтыя каменьні перамяніліся ў хлеб."
Ён жа адказаў яму: напісана: ня хле́бам адным жыць будзе чалаве́к, але ўсякім словам, выходзячым з вуснаў Божых (Другазаконьне 8:3).
Езус у адказ сказаў яму: "Напісана: ня толькі хлебам жыве чалавек, але і кожным словам, якое паходзіць з вуснаў Божых." (Паўт. 8:3)
Потым бярэ Яго д’ябал у сьвятое ме́ста і стаўляе на крыле́ храму
Затым бярэ (пераносіць) Яго д'ябал у сьвяты горад і ставіць на версе сьвятыні,
ды кажа Яму: калі Ты Сын Божы, кінься ўніз, бо напісана: Ангелам Сваім накажа пра Цябе́, і на руках панясуць Цябе́, каб не спаткнуўся аб ка́мень нагою Твае́ю (Псальм 90:11−12).
і кажа яму: "Калі Ты — Сын Божы, дык спусьціся на ніз; бо напісана: "Анёлам сваім паручыў (Бог) Цябе, і яны на руках панясуць Цябе, каб часам аб камень не скалечыў сваёй нагі" (Пс. 90:11−12)
Ісус сказаў яму: ізноў жа напісана: не спакушай Госпада Бога твайго (Другазаконьне 6:16).
Езус сказаў: "Ня зводзь Госпада Бога твайго (Паўт. 6:16)
Ізноў бярэ Яго нячысты на ве́льмі высокую гару і паказвае Яму ўсе́ царствы сьве́ту і сла́ву іх.
Дык зноў пераносіць Яго д'ябал на вусокую надта гару, ды паказвае Яму ўсе каралеўствы сьвету і іх пышнасьць,
І кажа Яму: усё гэтае дам Табе́, калі ўпаўшы, паклонішся мне́.
і кажа Езусу: "Усё гэта аддам табе, калі ўпадзеш і паклонішся мне."
Тады Ісус кажа яму: адыйдзі ад Мяне, шата́н; бо напісана: Госпаду Богу твайму кланяйся і Яму аднаму служы (Другазаконьне 6:13).
Затым Езус сказаў яму: "Ідзі ад Мяне, шатан, бо напісана: Госпаду твайму Богу кланяцца будзеш, і аднаму Яму служыць будзеш" (Паўт. 6:13).
Тады пакідае Яго д’ябал; і вось Ангелы прыступіліся і служылі Яму.
Тады пакінуў Яго д'ябал а прыступіліся анёлы і служылі Яму.
Дачуўшыся-ж, што Іоан у вязьніцы, Ісус адыйшоў у Галіле́ю.
Калі Езус пачуў, што Ян увязьнены, перанёсся ў Галілею.
І, пакінуўшы Назарэт, прыйшоў і асе́ў у Капэрнауме прыморскім, у ме́стах Завулонавых і Нэфалімавых,
Затым пакінуўшы горад Назарэт прыйшоў і абжыўся ў Кафарнаўм надморскім, на рубяжы плямён Забулён і Нэфталі.
каб збылося сказанае праз прарока Ісаю, які кажа:
Каб збылося прадсказана Прарокам Ізаям:
зямля Завулонава і зямля Нэфалімава, на дарозе прыморскай за Іорданам, Галіле́я паганская,
"Зямля Забулён і зямля Нэфталі, дарога марская за Ярданам, Галілея паганская.
народ, се́дзячы ў це́мры, угле́дзіў сьвятло вялікае, і тым, што сядзе́лі ў краіне й це́ню сьме́рці, зазьзя́ла сьвятло (Ісая 9:1−2).
Народ, які сядзеў у пацемках, убачыў сьвятло вялікае. Сьвятло ўзыйшло седзячым у краі засеня сьмерці" (Із. 9:1−2).
З таго часу Ісус пачаў абвяшчаць і казаць: пакайцеся, бо наблізілася царства нябе́снае.
Адсюль пачаў Езус вучыць і напамінаць: Пакутуйце, бо прыблізілася Каралеўства нябеснае."
Прахо́дзячы-ж недалёка мора Галіле́йскага, Ён убачыў двух братоў, Сымона, называнага Пятром, і Андрэя, брата яго, закідаючых сеткі ў мора, бо яны былі рыбаловы,
А калі Езус ішоў каля Мора ў Галілеі, убачыў двух братоў Сымона, каторага завуць Пятром, і Андрэя, брата яго, як запускалі сеткі ў мора, бо былі рыбакамі.
і кажа ім: ідзе́це за Мною, і Я зраблю вас лаўца́мі чалаве́каў.
Сказаў ім: "Хадзіце за Мной! Зраблю вас рыбакамі людзей".
І яны зараз жа, пакінуўшы се́ці, пайшлі за Ім.
Яны, адразу кінуўшы сеткі, пайшлі за Ім.
Ідучы стуль дале́й, убачыў Ён другіх двух братоў, Якава Завядзе́явага і Яна, брата яго, у чаўне́ з Завядзе́ем, бацькам іх, пра́ўлючых се́ці свае́, і паклікаў іх.
Падыйшоўшы адтуль, ўбачыў двух іншых братоў: Якуба Забэдэявага і Яна, брата ягонага, як з бацькам сваім, Забэдэям, правілі сеткі ў лодцы. Езус і іх паклікаў.
І яны зараз жа, пакінуўшы човен і бацьку свайго, пайшлі за Ім.
А яны адразу, пакінуўшы сеткі і бацьку, пайшлі за Ім.
І хадзіў Ісус па ўсёй Галіле́і, навучаючы ў школах іх і абвяшчаючы Эвангельле царства ды ле́чучы ўсякую хворасьць і ўсякую не́мач у людзе́й.
Затым абходзіў Езус усю Галілею і вучыў у сынагогах, і вясьціў Эвангелію Каралеўства ды аздараўляў сярод людзей усякую хваробу і ўсякую немач.
І прайшлі аб Ім чуткі па ўсёй Сырыі, і прыводзілі да Яго ўсіх нядужых, з рознымі хворасьцямі й прыпадкамі, і апанаваных нячыстым, і люнатыкаў, і спараліжаваных, і Ён іх аздараўляў.
І аб Ім разыйшлася слава па ўсёй Сырыі. Дык прыносілі да Яго ўсіх рознымі немачамі хварэючых і церпячых, дый апанаваных ліхім, люнатыкаў, спараліжаваных, і Езус аздараўляў іх.
І йшло за Ім множства народу з Галіле́і і Дзесяцігра́дзьдзя і Ерузаліму і Юдэі і з таго боку Іордану.
І хадзілі за Ім вялікія грамады: з Галілеі, і з Дэкаполя, з Ерузаліма, і з Юдэі, дый з-за Ярдана.