Мацьвея 27 разьдзел

Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Чарняўскага — арыгінал

 
 

Калі-ж настала ра́ніца, ўсе́ архірэі і старшы́ні народу ме́лі нараду аб Ісусе, каб Яго забіць.
 
А калі настала раніца, сайшліся на раду ўсе перадавыя сьвятары і старэйшыны народа супраць Езуса, каб асудзіць Яго на сьмерць.

І, зьвязаўшы Яго, завялí і вы́далі Яго Понтыю Пілату, начальніку.
 
Затым зьвязанага завялі і перадалі Яго намесьніку Пілату Понцію.

Тады Юда, які прадаў Яго, угле́дзіўшы, што Ён засу́джаны, пака́яўшыся, зьвярнуў трыццаць срыбнякоў архірэям і старшы́ням,
 
Тады Юда, які Яго выдаў, бачачы, што быў асуджаны, жалем праняты, аднёс трыццаць серабранцаў перадавым сьвятарам і старшынам, кажучы:

ка́жучы: саграшы́ў я, прада́ўшы кроў нявінную. Яны-ж сказалі яму: што нам да гэтага? глядзі сам.
 
"Саграшыў я выдаючы кроў справядлівага. А яны сказалі: А што нам да таго? Гэта твая справа.

І, кінуўшы срыбнякі ў царкве́, ён выйшаў і пайшоў паве́сіўся.
 
І разкідаўшы серабранцы ў сьвятыні выйшаў, пайшоў і павесіўся.

А архірэі, узяўшы срыбнякі, сказалі: не́льга класьці іх у скарбонку, бо гэта цана́ крывí.
 
А перадавыя сьвятары ўзяўшы серабранцы, казалі: "Нельга ісьці класьці ў скарбону, бо гэта плата крыві".

Зрабіўшы-ж нараду, купілі за іх зямлю ганчара́, каб харанíць чужы́нцаў.
 
Затым параіўшыся купілі за іх поле ганчара на хаваньне пілігрымаў.

Вось чаму і заве́цца зямля тая зямлёю крыві да таго дня.
 
Таму тое поле аж да сёняшня дня завецца Такельдама, значыць "поле крыві."

Тады збылося ска́занае праз прарока Ерамію, які кажа: і ўзялі трыццаць срыбнякоў, цану Ацэненага, што ацанілі сыны́ Ізраіля,
 
Гэтым зьдзейсьнілася сказана Прарокам Ерэміям, які казаў: "І ўзялі трыццаць серабранцаў, заплату аценянага (Зах. 11:13), якога ацанілі сыны Ізраеля.

і далі іх за зямлю ганчара́, як сказаў мне́ Го́спад.
 
Ды далі іх на поле ганчара, як мне загадаў Госпад (Ер. 32:6−9).

Ісус-жа стануў перад начальнікам; і спытаўся ў Яго начальнік: Ты — Цар Юдэйскі? Ісус сказаў яму: ты ка́жаш.
 
А Езус стаў перад намесьнікам ды спытаўся ў яго намесьнік: "Дык ты кароль Юдэйскі?" Сказаў яму Езус: "Сам гаворыш."

І, калі абвінава́чавалі Яго архірэі і старшы́ні, Ён нічога не адка́зваў.
 
Ды калі Яго вінавацілі перадавыя сьвятары і старэйшыны, Езус нічога не адказаў.

Тады кажа Яму Пілат: ня чуеш, колькі сьве́дчаць проці Цябе́?
 
Затым сказаў яму Пілат: "Ня чуеш, сколькі абвіненьняў падаюць проціў Цябе?"

І не адказваў яму ні на адно слова, так што начальнік дужа дзівіўся.
 
І Езус не адказваў яму на ніводнае слова, так што намеснік дужа дзівіўся.

На сьвята-ж начальнік ме́ў звычай звальняць народу аднаго вязьня, якога жада́лі.
 
На дзень сьвяточны намесьнік меў звычай выпушчаць народу аднаго вязьня, якога хацелі б.

Быў тады ў іх вядомы вастрожнік, іме́ньнем Вара́вва.
 
А меў выдатна тады вязьня званнага Барабай.

І вось, калі яны зыйшліся, сказаў ім Пілат: каго хо́чаце, каб я вам звольніў: Варавву, ці Ісуса, называ́нага Хрыстом?
 
Калі тады ўсе сабраліся, спытаўся Пілат: "Каго хочаце, каб я вам пусьціў? Барабу, ці Езуса, Якога завуць Хрыстусам?"

Бо ве́даў, што прадалі Яго праз завісьць.
 
Бо ведаў, што Езуса па зайздрасьці выдалі.

Калі-ж ён засяда́ў у судзе́, жонка паслала яму сказаць: не рабі нічога Пра́ведніку таму, бо я сягоньня ў-ва сьне́ многа цярпе́ла дзеля Яго.
 
Калі ён сеў на трыбуне судзёўскай, жонка ягона паслала да яго пасланца, каб яму сказаць: "Не рабі зла гэтаму справядліваму, бо я сёньня ва сьне многа цярпела ізза Яго."

Але архірэі і старшы́ні падбілі народ, каб прасілі Варавву, а Ісуса загубілі.
 
А перадавыя сьвятары падбухторывалі народ, каб дамагаліся Барабу, а Езуса забіць.

Тады начальнік спытаўся ў іх: каго з двох хо́чаце, каб я вам зво́льніў? Яны сказалі: Варавву.
 
Дык намесьнік спытаўся ў іх: "Каторага з двух хочаце, каб я вам пусьціў? Яны сказалі: "Баррабу."

Пілат кажа ім: што-ж я зро́блю з Ісусам, называ́ным Хрысто́м? Кажуць яму ўсе́: няхай будзе расьпя́ты!
 
А што я маю зрабіць з Езусам, кажа Пілат, якога завуць Хрыстусам?" Кажуць яму ўсе: "Хай будзе ўкрыжаваны!"

Начальнік сказаў: шго-ж благо́е зрабіў Ён? Але яны яшчэ мацне́й крыча́лі: няхай будзе расьпя́ты!
 
Кажа ён: "А што Ён благога зрабіў?" А яны яшчэ мацней крычалі: "Хай будзе ўкрыжаваны!"

Пілат, бачучы, што нішто не памагае, а ўзбурэньне павялíчваецца, узяў вады і ўмыў рукі перад народам і сказаў: невінаваты я ў крыві Пра́ведніка гэтага; вы глядзіце.
 
Пілат бачачы, што нічога не памагае а замяшаньне робіцца большае, узяўшы ваду, памыў рукі перад народам, і сказаў: "Я не вінават у крыві гэтага справядліага. Гэта ваша справа."

І, адказваючы, уве́сь народ сказаў: кроў Яго на нас і на дзе́цях нашых!
 
А ў адказ увесь народ загаманіў: "Хай кроў Яго на нас і на нашых сыноў (дзяцей)."

Тады звольніў ім Варавву, а Ісуса, зьбіўшы, выдаў на раскрыжава́ньне.
 
Затым Пілат выпусьціў Барабу, а Езуса ўбічаванага аддаў на ўкрыжаваньне.

Тады жаўне́ры начальніка, узяўшы Ісуса да прэторыі, сабралі на Яго цэлую роту.
 
Тады жаўнеры (ваякі) намесьніка ўзялі Езуса ў прыторыю і склікалі да Яго ўсю кагорту.

І, разьдзе́ўшы Яго, апрану́лі Яму чырвоны плашч;
 
І зьняўшы з Яго адзеньне Яго, усклалі на Яго плашч з пурпуру

і, сплёўшы вянок з цярніны, узьдзе́лі Яму на галаву́ і далі Яму ў правую руку трысьціну; і, стано́вячыся перад Ім на кале́ні, насьмяха́ліся з Яго, кажучы: радуйся, Цар Юдэйскі!
 
ды сплёўшы карону з церняў ўсклалі Яму на галаву, а трысьціну ў правую руку і кленчучы наругаліся з Яго, кажучы: "Будзь прывітаны, кароль Юдэйскі!"

І плява́лі на Яго і, узяўшы трысьціну, білі Яго па галаве́.
 
І плюючы на Яго бралі трысьціну і білі Яго па галаве.

І, калі насьмяя́ліся з Яго, зьнялí з Яго чырвоны плашч, і адзе́лі Яго ў адзе́жы Ягоныя, і павялі Яго на раскрыжава́ньне.
 
А калі ўжо наругаліся, зьнялі пурпурны плашч, а надзелі Яго ў Яго адзетак, і павялі на ўкрыжаваньне.

Выхо́дзячы, яны сустрэлі аднаго Кіранэйца, па іме́ньню Сымона; гэтага прыму́сілі нясьцí крыж Яго.
 
Выходзячы напаткалі чалавека з Цырэны, імем Сымон, і яго прымусілі несьці Хрыстоў крыж.

І, прыйшоўшы на ме́сца, называ́нае Галгофа, што значыць: ме́сца чэ́рапу,
 
Затым прыйшлі на месца, званае Гольгота, значыць: "месца чэрапа" (галавы трупа).

далí Яму піць воцат, зьмяша́ны з жоўцяй; і, пакаштава́ўшы, не хаце́ў піць.
 
Далі Яму піць віно зьмяшанае з жоўцю. А калі Яго пакаштаваў, не хацеў піць.

Расьпя́ўшы-ж Яго на крыжу, дзялілі адзе́жы Яго, кіда́ючы жэрабе; каб збылося сказанае праз прарока: падзялíлі адзе́жы мае́ і на вопратку маю кінулі жэрабе.
 
А ўкрыжаваўшы Яго, разьдзялілі адзеньне, кідаючы жэрабя, каб споўнілася сказанае Прарокам: "Разьдзялілі між сабою адзеньне Маё, а аб сукню Маю кінулі жэрабя" (Пс. 21:19).

І, пасе́ўшы, пілнавалі Яго там.
 
Седзячы жаўнеры сьцераглі Яго.

І зрабілі над галавою Яго надпіс аб віне́ Яго: гэты ёсьць Ісус, Цар Юдэйскі.
 
Над галавой Ягонай памясьцілі названьне Яго віны: "Гэта Езус, Кароль Юдэйскі."

Тады раскрыжава́ны былі з Ім два разбойнікі: адзін справа, а другі зьле́ва.
 
Затым укрыжавалі побач Яго двух разбойнікаў, аднаго па правай, а другога па левай старане.

Прахо́дзіўшыя-ж міма зьняважа́лі Яго, ківаючы галава́мі
 
Праходзячыя побач блюзьнілі на Яго ківаючы галовамі

і ка́жучы: Ты, што́ руйнуеш цэрквы і ў тры дні адбудо́ўваеш! спасí Сябе́ Самога! Калі Ты — Сын Божы, зыйдзі з крыжа!
 
і кажучы: "Гэй Ты, што рухаеш сьвятыню Божую і ў тры дні адбудоўваеш, ратуй сябе самога, калі ты Сын Божы сыйдзі з крыжа."

Падобне-ж і архірэі з кніжнікамі і старшынамі, насьмяха́ючыся, казалі:
 
Перадавыя сьвятары з кніжнікамі падобна наругаліся і казалі:

другіх спаса́ў, а Сябе́ Самога ня можа спасьцí! Калі Ён — Цар Ізраіля, няхай цяпе́р зыйде з крыжа, і мы паве́рым Яму.
 
"Другіх ратаваў, а сам сябе ўратаваць ня можа. Калі ты Кароль Ізраеля, сыйдзі з крыжа і паверым табе.

Спадзява́ўся на Бога, няхай-жа цяпе́р вы́бавіць Яго, калі хоча Яго. Бо-ж Ён казаў: Я — Сын Божы.
 
Надзеіўся на Бога, хай Яго, калі хоча, ратуе: казаў бо, што ён Сын Божы.

Таксама і разбойнікі, раскрыжаваныя разам з Ім, зьняважа́лі Яго.
 
Таксама разбойнікі, з ім укрыжаваны, зьневажалі Яго.

Ад шо́стае-ж гадзíны це́мра ста́лася па ўсе́й зямлі да гадзіны дзявя́тае.
 
А ад гадзіны шостай усю зямлю ахутала цемра аж да гадзіны дзевятай.

А каля дзявя́тай гадзíны загаласíў Ісус моцным голасам: Элі! Элі! лама сабахтані? г. ё.: Божа Мой! Божа Мой! навошта Мяне́ пакінуў?
 
А каля дзвятай гадзіны закрычаў Езус моцным голасам: "Элі, Элі, Лямма Сабактані, а значыць: "Божа мой, Божа мой, чаму Мяне апусьціў (пакінуў)?"

Некаторыя з тых, што там стаялі, чу́ючы гэтае, казалі: Ён кліча Ільлю.
 
Дык некаторыя з стаяўшых там, чуючы гэта, казалі: "Гальяша кліча."

І ўраз пабе́г адзін з іх, і, узяўшы гу́бку ды памачыўшы ў во́цат і насадзíўшы на трысьцíну, даў Яму піць.
 
Дык адзін з іх адразу пабег і ўзяўшы губку, памачыў у воцаце, усклаў на трысьціну і даў Яму піць.

А другія казалі: чакай; паглядзім, ці прыйдзе Ільля спаса́ць Яго.
 
Іншыя жа казалі: "Кінь, паглядзім, ці прыйдзе Гальяш ратаваць Яго?"

Ісус жа, зноў загаласíўшы моцным голасам, аддаў душу.
 
А Езус паўторна закрычаўшы — сканаў.

І вось, заслона ў царкве́ разьдзе́рлася надво́е ад ве́рху да нізу; і зямля́ затрасла́ся; і ска́лы патрэскаліся.
 
А вось жа завеса сьвятыні разпалася папалам зьверху ў ніз і зямля затрэслася, а скалы палопаліся,

І магілы расчыніліся; і многа це́лаў памёршых сьвятых папаўстава́ла.
 
адкрыліся грабы і многа цел сьвятых, паснуўшых паўстала,

І, вы́йшаўшы з магіл, па ўваскрасе́ньні Яго ўвайшлí ў сьвятое ме́ста і паказаліся многім.
 
і выйшаўшы з грабоў, па Яго ўваскрасеньню, прыйшлі ў сьвяты горад паказваліся многім.

Сотнік-жа і тыя, што з ім вартавалі Ісуса, бачучы трасе́ньне зямлі і ўсё, што ста́лася, спало́халіся крэпка і казалі: запраўды́, Ён быў Сын Божы.
 
Сотнік жа, ды тыя, што з ім былі, сьцерагучы Езуса, убачыўшы, трасеньне зямлі ды ўсё, што адбывалася, перапалохаліся дужа і казалі: "Сапраўды Ён быў Сынам Божым."

Было тамака, угляда́ючыся здалёк, многа жанчы́н, якія йшлі за Ісусам з Галіле́і і служылі Яму.
 
Ды было там шмат жанчын здалёка, якія хадзілі з Езусам, пачынаючы з Галілеі, паслугоўваючы Яму.

Між імі былі Марыя Магдаліна і Марыя, маці Якава і Іосіі, і маці сыноў Завядзе́явых.
 
Сярод іх Мар'я Магдалена і Мар'я, Маці Якуба, і Юзэфа, дый матка сыноў Забэдэявых.

Калі-ж настаў ве́чар, прыйшоў багаты чалаве́к з Арыматэі, іме́ньнем Язэп, каторы таксама быў ву́чнем Ісуса.
 
А калі настаў вечар, прыйшоў адзін багаты чалавек з Араматэі, на імя Юзэф, каторы таксама быў вучням Езуса.

Ён, прыйшоўшы да Пілата, прасіў цела Ісусавага. Тады Пілат загадаў аддаць цела.
 
Ён прыйшоў да Пілата і прасіў узяць цела Езуса. І пілат загадаў аддаць яму цела.

І, узяўшы це́ла, Язэп абкруціў Яго чыстым палатно́м;
 
А Юзэф узяўшы цела ўвярнуў яго ў палатно чыстае,

і палажыў Яго ў сваёй новай магіле, якую вы́сек ён у скале́; і, прываліўшы вялікі ка́мень да дзьвераў магілы, пайшоў стуль.
 
і палажыў яго ў новым сваім гробе, які быў высякшы ў скале. І вялікім каменем закрыў уваход у гроб, і затым пайшоў.

Былі-ж там Марыя Магдаліна і другая Марыя, каторыя сядзе́лі насу́праць магілы.
 
А Мар'я Магдалена, і другая Мар'я сядзелі напроціў гроба.

На другі дзе́нь, што йдзе за пятніцаю, сабраліся архірэі і фарысэі да Пілата
 
А на другі дзень значыць па прыгатаваньні дню сабраліся перадавыя сьвятары і фарызэі ў Пілата,

і гаварылі: Па́не! мы прыпомнілі, што ашуканец той, як быў яшчэ жывы, сказаў: цераз тры дні ўваскрэсну.
 
і казалі: Гаспадзіне, прыпомнілі мы, што звадыяш гэты яшчэ жывы казаў: "Па трох днях уваскрэсну."

Дык прыкажы вартава́ць магілу да трэцяга дня, каб вучні Яго, прыйшоўшы ўначы, ня ўкралі Яго і не сказалі народу: уваскро́с з мёртвых. І будзе апошняе ашука́нства горш пе́ршага.
 
Дык загадай сьцерагчы гроб аж да трэцяга дня, каб часам не прыйшлі вучні Яго і ня выкралі Яго ды не сказалі людзям: "Паўстаў з умёршых," бо тады апошні абман будзе горшы за першы."

Пілат сказаў ім: вось вам старожа; ідзе́це, вартуйце, як ве́даеце.
 
Пілат сказаў ім: "Маеце варту, ідзіце і сьцеражыце, як умееце".

Яны пайшлі і паставілі ля магілы варту і прылажы́лі да ка́меня пяча́ць.
 
Яны пайшоўшы, забясьпечылі гроб вартай, апечатавалі камень.