Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага — арыгінал

Матэвуша 27 Паводле Матэвуша 27 разьдзел

1 А калі настала раніца, сайшліся на раду ўсе перадавыя сьвятары і старэйшыны народа супраць Езуса, каб асудзіць Яго на сьмерць.
2 Затым зьвязанага завялі і перадалі Яго намесьніку Пілату Понцію.
3 Тады Юда, які Яго выдаў, бачачы, што быў асуджаны, жалем праняты, аднёс трыццаць серабранцаў перадавым сьвятарам і старшынам, кажучы:
4 "Саграшыў я выдаючы кроў справядлівага. А яны сказалі: А што нам да таго? Гэта твая справа.
5 І разкідаўшы серабранцы ў сьвятыні выйшаў, пайшоў і павесіўся.
6 А перадавыя сьвятары ўзяўшы серабранцы, казалі: "Нельга ісьці класьці ў скарбону, бо гэта плата крыві".
7 Затым параіўшыся купілі за іх поле ганчара на хаваньне пілігрымаў.
8 Таму тое поле аж да сёняшня дня завецца Такельдама, значыць "поле крыві."
9 Гэтым зьдзейсьнілася сказана Прарокам Ерэміям, які казаў: "І ўзялі трыццаць серабранцаў, заплату аценянага (Зах. 11:13), якога ацанілі сыны Ізраеля.
10 Ды далі іх на поле ганчара, як мне загадаў Госпад (Ер. 32:6−9).
11 А Езус стаў перад намесьнікам ды спытаўся ў яго намесьнік: "Дык ты кароль Юдэйскі?" Сказаў яму Езус: "Сам гаворыш."
12 Ды калі Яго вінавацілі перадавыя сьвятары і старэйшыны, Езус нічога не адказаў.
13 Затым сказаў яму Пілат: "Ня чуеш, сколькі абвіненьняў падаюць проціў Цябе?"
14 І Езус не адказваў яму на ніводнае слова, так што намеснік дужа дзівіўся.
15 На дзень сьвяточны намесьнік меў звычай выпушчаць народу аднаго вязьня, якога хацелі б.
16 А меў выдатна тады вязьня званнага Барабай.
17 Калі тады ўсе сабраліся, спытаўся Пілат: "Каго хочаце, каб я вам пусьціў? Барабу, ці Езуса, Якога завуць Хрыстусам?"
18 Бо ведаў, што Езуса па зайздрасьці выдалі.
19 Калі ён сеў на трыбуне судзёўскай, жонка ягона паслала да яго пасланца, каб яму сказаць: "Не рабі зла гэтаму справядліваму, бо я сёньня ва сьне многа цярпела ізза Яго."
20 А перадавыя сьвятары падбухторывалі народ, каб дамагаліся Барабу, а Езуса забіць.
21 Дык намесьнік спытаўся ў іх: "Каторага з двух хочаце, каб я вам пусьціў? Яны сказалі: "Баррабу."
22 А што я маю зрабіць з Езусам, кажа Пілат, якога завуць Хрыстусам?" Кажуць яму ўсе: "Хай будзе ўкрыжаваны!"
23 Кажа ён: "А што Ён благога зрабіў?" А яны яшчэ мацней крычалі: "Хай будзе ўкрыжаваны!"
24 Пілат бачачы, што нічога не памагае а замяшаньне робіцца большае, узяўшы ваду, памыў рукі перад народам, і сказаў: "Я не вінават у крыві гэтага справядліага. Гэта ваша справа."
25 А ў адказ увесь народ загаманіў: "Хай кроў Яго на нас і на нашых сыноў (дзяцей)."
26 Затым Пілат выпусьціў Барабу, а Езуса ўбічаванага аддаў на ўкрыжаваньне.
27 Тады жаўнеры (ваякі) намесьніка ўзялі Езуса ў прыторыю і склікалі да Яго ўсю кагорту.
28 І зьняўшы з Яго адзеньне Яго, усклалі на Яго плашч з пурпуру
29 ды сплёўшы карону з церняў ўсклалі Яму на галаву, а трысьціну ў правую руку і кленчучы наругаліся з Яго, кажучы: "Будзь прывітаны, кароль Юдэйскі!"
30 І плюючы на Яго бралі трысьціну і білі Яго па галаве.
31 А калі ўжо наругаліся, зьнялі пурпурны плашч, а надзелі Яго ў Яго адзетак, і павялі на ўкрыжаваньне.
32 Выходзячы напаткалі чалавека з Цырэны, імем Сымон, і яго прымусілі несьці Хрыстоў крыж.
33 Затым прыйшлі на месца, званае Гольгота, значыць: "месца чэрапа" (галавы трупа).
34 Далі Яму піць віно зьмяшанае з жоўцю. А калі Яго пакаштаваў, не хацеў піць.
35 А ўкрыжаваўшы Яго, разьдзялілі адзеньне, кідаючы жэрабя, каб споўнілася сказанае Прарокам: "Разьдзялілі між сабою адзеньне Маё, а аб сукню Маю кінулі жэрабя" (Пс. 21:19).
36 Седзячы жаўнеры сьцераглі Яго.
37 Над галавой Ягонай памясьцілі названьне Яго віны: "Гэта Езус, Кароль Юдэйскі."
38 Затым укрыжавалі побач Яго двух разбойнікаў, аднаго па правай, а другога па левай старане.
39 Праходзячыя побач блюзьнілі на Яго ківаючы галовамі
40 і кажучы: "Гэй Ты, што рухаеш сьвятыню Божую і ў тры дні адбудоўваеш, ратуй сябе самога, калі ты Сын Божы сыйдзі з крыжа."
41 Перадавыя сьвятары з кніжнікамі падобна наругаліся і казалі:
42 "Другіх ратаваў, а сам сябе ўратаваць ня можа. Калі ты Кароль Ізраеля, сыйдзі з крыжа і паверым табе.
43 Надзеіўся на Бога, хай Яго, калі хоча, ратуе: казаў бо, што ён Сын Божы.
44 Таксама разбойнікі, з ім укрыжаваны, зьневажалі Яго.
45 А ад гадзіны шостай усю зямлю ахутала цемра аж да гадзіны дзевятай.
46 А каля дзвятай гадзіны закрычаў Езус моцным голасам: "Элі, Элі, Лямма Сабактані, а значыць: "Божа мой, Божа мой, чаму Мяне апусьціў (пакінуў)?"
47 Дык некаторыя з стаяўшых там, чуючы гэта, казалі: "Гальяша кліча."
48 Дык адзін з іх адразу пабег і ўзяўшы губку, памачыў у воцаце, усклаў на трысьціну і даў Яму піць.
49 Іншыя жа казалі: "Кінь, паглядзім, ці прыйдзе Гальяш ратаваць Яго?"
50 А Езус паўторна закрычаўшы — сканаў.
51 А вось жа завеса сьвятыні разпалася папалам зьверху ў ніз і зямля затрэслася, а скалы палопаліся,
52 адкрыліся грабы і многа цел сьвятых, паснуўшых паўстала,
53 і выйшаўшы з грабоў, па Яго ўваскрасеньню, прыйшлі ў сьвяты горад паказваліся многім.
54 Сотнік жа, ды тыя, што з ім былі, сьцерагучы Езуса, убачыўшы, трасеньне зямлі ды ўсё, што адбывалася, перапалохаліся дужа і казалі: "Сапраўды Ён быў Сынам Божым."
55 Ды было там шмат жанчын здалёка, якія хадзілі з Езусам, пачынаючы з Галілеі, паслугоўваючы Яму.
56 Сярод іх Мар'я Магдалена і Мар'я, Маці Якуба, і Юзэфа, дый матка сыноў Забэдэявых.
57 А калі настаў вечар, прыйшоў адзін багаты чалавек з Араматэі, на імя Юзэф, каторы таксама быў вучням Езуса.
58 Ён прыйшоў да Пілата і прасіў узяць цела Езуса. І пілат загадаў аддаць яму цела.
59 А Юзэф узяўшы цела ўвярнуў яго ў палатно чыстае,
60 і палажыў яго ў новым сваім гробе, які быў высякшы ў скале. І вялікім каменем закрыў уваход у гроб, і затым пайшоў.
61 А Мар'я Магдалена, і другая Мар'я сядзелі напроціў гроба.
62 А на другі дзень значыць па прыгатаваньні дню сабраліся перадавыя сьвятары і фарызэі ў Пілата,
63 і казалі: Гаспадзіне, прыпомнілі мы, што звадыяш гэты яшчэ жывы казаў: "Па трох днях уваскрэсну."
64 Дык загадай сьцерагчы гроб аж да трэцяга дня, каб часам не прыйшлі вучні Яго і ня выкралі Яго ды не сказалі людзям: "Паўстаў з умёршых," бо тады апошні абман будзе горшы за першы."
65 Пілат сказаў ім: "Маеце варту, ідзіце і сьцеражыце, як умееце".
66 Яны пайшоўшы, забясьпечылі гроб вартай, апечатавалі камень.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Эвангельле паводле Матэвуша, 27 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.