1 Сьцеражыцеся, каб вы вашай справядлівасьці не рабілі (не спаганялі) перад людзьмі, каб яны вас відзелі. Інакш узнагароды не будзеце мець у Айца вашага, Каторы ў небе.
2 Дык калі ты даеш дарэньне, не трубі перад сабою, як робяць крывадушнікі ў сынагогах і на вуліцах, каб іх людзі хвалілі, сапраўды кажу вам, што яны атрымалі сваю ўзнагароду.
3 Але калі даеш дарэньне, хай левая рука твая не ведае, што робіць твая правая,
4 каб дарэньне тваё было ў скрытасьці. А Бог твой, каторы бачыць у скрытасьці, адплаціць табе."
5 А калі вы моліцеся, ня будзьце як крывадушнікі, якія любяць маліцца стоячы ў сынагогах на скрыжаваньнях (вуглах) вуліцаў, каб іх людзі бачылі. Сапраўды кажу вам, што яны ўжо атрымалі сваю ўзнагароду.
6 А ты, калі будзеш маліцца, увайдзі ў сваю бакоўку (комнату), а запёршы дзьверы маліся да Айца свайго ў скрытасьці (схаваўшыся). А Айцец твой, Каторы пранікае тайнасьці, аднагародзіць табе.
7 А калі молішся не гавары многа, як робяць паганцы, якія думаюць, што дзеля шматслоўя свайго будуць выслуханы.
8 Дык не будзьце падобнымі ім. Айцец ваш нябесны ведае, што вам патрэбна, перш, чым вы Яго просіце.
9 Затым так вы будзеце маліцца: "Ойча наш, каторы ў небе, сьвятым будзь імя Тваё.
10 Прыдзі валадарства Тваё. Будзь воля Твая, як ў небе, так і на зямлі.
11 Хлеба нашага штодзённага дай нам сёньня.
12 І адпусьці нам нашыя грахі, як і мы адпушчаем нашым вінаватым.
13 І не ўвадзі нас у спакусу. Але збаў нас ад ліхога.
14 Бо калі вы адпусьціце людзям грахі іхнія, дык і ваш Айцец нябесны адпусьціць таксама грахі вашыя.
15 Але калі вы не адпусьціце людзям, дык таксама Айцец ваш не адпусьціць вам вашых грахоў.
16 Калі посьціце, не будзьце сумныя як крывадушнікі. Бо яны твары свае выкрыўляюць, каб паказацца людзям, што посьцяць. Сапраўды кажу вам, яны ўзялі ўжо ўзнагароду сваю.
17 А ты, калі посьціш, намасьці сваю галаву ды абмый твар свой,
18 каб не паказацца людзям, што посьціш, але Айцу свайму, Каторы ў скрытасьці (у тайнасьці). Затым Айцец твой, Які бачыць у скрытасьці, адгодзіць табе.
19 Не сабірайце сабе скарбаў — багацьцяў на зямлі, дзе ржа ды моль з'ядае і дзе зладзеі ўбіваюцца і крадуць.
20 Але сабірайце сабе скарбы — багацьці ў небе, дзе ані ржа, ані моль не з'ядае і дзе ані зладзеі выкапаюць і ўкрадуць.
21 Бо дзе скарб твой, там і сэрца тваё.
22 Сьвятлом цела твайго — вока тваё. Калі б вока тваё было б шчырае, дык і ўсё цела тваё будзе сьветлае.
23 А калі б вока тваё было нягоднае, дык і ўсё цела тваё ахутае цемра. Калі вось сьвятло, што ў табе, цемрай стаецца, дык як жа сама цемра будзе вялікай?
24 Ніхто ня можа двом панам служыць (падчыняцца), бо або аднаго будзе ненавідзець, а другога любіць, або аднаго трымацца будзе а другім брыдзіцца, узгардзіць. Не можаце Богу служыць і мамоне.
25 Дзеля таго кажу вам, не рупцеся пра жыцьцё вашае, што будзеце есьці, ані пра цела вашае, у што адзявацца будзеце. Ці ж жыцьцё не важнейшае за яду, а цела — за адзеньне?
26 Паглядзіце на нябесныя птушкі. Яны ані сеюць, ані жнуць, ані сабіраюць у гумны, а Айцец ваш нябесны корміць іх.
27 Ці ж вы не на шмат важнейшыя за іх? Ды хто ж з вас перадумоўваючы можа дабавіць да росту свайго адзін локаць?
28 А чаму хлапочацеся пра адзеньне? Прыглядзьцеся палявым леліям, як яны растуць: ані працуюць, ані прадуць.
29 А Я кажу вам, што нават Салямон ва ўсёй славе не быў так адзеты, як адна з іх.
30 Дык калі гэтую палявую траву, што сягоньня ёсьць, а заўтра будзе ў печ укінута, Бог так адзяе, ды непараўнальна вас, малой веры.
31 Дык не рупцеся таму, кажучы: "Што будзем есьці або што будзем піць, або ў што будзем адзявацца?"
32 Бо пра гэта і паганцы дужа стараюцца. Бо Айцец ваш нябесны ведае чаго вы ўсяго патрабуеце.
33 Ды шукайце ж перш Каралеўства Божага і яго справядлівасьці, а ўсё іншае будзе дабаўлена.
34 Дык не хлапаціцеся аб заўтра, бо дзень заўтрашні сам пра сябе будзе рупіцца. Шмат перажываньня мае кожны дзень.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Эвангельле паводле Матэвуша, 6 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
