Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага — арыгінал

Матэвуша 13 Паводле Матэвуша 13 разьдзел

1 Аднойчы Езус выйшаўшы з дому сядзеў ля мора.
2 Пры Ім сабраліся вялікія грамады, так што ўвайшоў у лодку, сеў, а ўвесь натоўп людзей стаяў на беразе.
3 І пачаў іх Езус навучаць у многіх прыповесьцях: Вось жа адзін сяўбіт пайшоў сеіць насеньне.
4 А калі сеіў, адны зярняты ўпалі пры дарозе. І наляцелі нябесныя птушкі і выдзюбалі іх.
5 Другія жа палі на камяністаю зямлю, не мелі шмат зямлі, і ўзышоўшы зараз, бо глеба была не глыбокая.
6 Калі ж узыйшло сонца — павялі, бо не мелі карэньня, высахлі.
7 Яшчэ іншыя ўпалі між церняў, а церні вырасьлі і заглушылі іх.
8 Іншыя ж упалі на добрую зямлю і прынесла плён: адно — соты, другое — шэсьдзесяты а іншае трыццаты.
9 Хто мае вушы слухаць, хай слухае!
10 Затым падыйшоўшы вучні спыталіся ў Яго: "Чаму гаворыш да іх у прыповесьцях?"
11 А Езус у адказ сказаў ім: "Вам дадзена пазнаць тайны Каралеўства Нябеснага, а ім гэта не дадзена.
12 Бо таму, хто мае, будзе яшчэ больш дабаўлена, каб меў шчодра; а таму, хто ня мае, дык і тое, што мае будзе аднята.
13 Таму гавару ім у прыповесьцях, каб гледзячы — ня бачылі, а слухаючы — ня чулі ды не разумелі.
14 Так спаўняецца на іх прароцтва Ізаія, які кажа: "Чуць будзеце чуць, але не зразумееце. Глядзець будзеце глядзець, але не ўвідзеце.
15 Бо сэрца гэтага народу абжырэла, вушмі слаба чулі, вочы свае заплюшчылі, каб часам вачмі не ўвідзець і вушмі не пачуць, каб сэрцам не зразумець ды не навярнуцца, каб не аздаравіў Я іх."
16 Вашыя ж вочы шчасьлівыя, бо відзяць, а вушы вашыя, бо чуюць.
17 Сапраўды кажу вам: "Многія прарокі і справядлівыя прагнулі бачыць, што вы бачыце, але ня бачылі, дый чуць, што вы чулі, але ня чулі.
18 Вы ж слухайце прыповесьці пра сяйбіта;
19 Да кожнага, хто слухае слова пра Каралеўства, а не разумее яго, прыходзіць злыдня і хватае пасеў у сэрцы ягоным. Гэта той, у якога пры дарозе пасеяна.
20 А ў каго пасеяна на камяністай зямлі, той слухае слова і адразу з радасьцю яго прымае.
21 Але ня мае кораня, ёсьць зьменны. І калі настане прыгнёт і прасьледаваньне слова, скора адпадае.
22 А ў каго пасеяна між церняў, той, хто што праўда слова слухае, але хлопат аб справы гэтага сьвету і прывабнасьць багацтва заглушаюць слова і не прыносяць плёну.
23 У каго ж на добрую зямлю пасеяна, той слова слухае, і разумее і прыносіць (дае) плён: адно — соты, другое — шесьцьдзесяты, а іншае — трыццаты.
24 Іншую прыповесьць прадставіў ім, кажучы: "Падобным сталася Каралеўства Нябеснае чалавеку, як пасеіў добрае насеньне на сваёй ральлі.
25 Але калі людзі спалі, прыйшоў непрыяцель ягоны і насеіў кукалю ў пшаніцу і пайшоў.
26 А калі вырасла збожжа і дало плод, тады паказаўся і кукаль.
27 Прыйшлі тады слугі да гаспадара і сказалі яму: "Гаспадару, ці ж ты не добрае пасеіў насеньне на сваёй ральлі? Адкульжа ўзяўся кукаль?
28 Сказаў Ён ім: "Варожы чалавек гэта зрабіў. Сказалі яму слугі: "Хочаш, пойдзем і сабярэм яго.
29 Але ён сказаў: "Не, каб часам сабіраючы кукаль не выкаранілі з ім і пшаніцу.
30 Дазвольце абаім расьці да жніва. А ў час жніва скажу жнеям: Сабярыце раней кукаль, зьвяжыце ў пучкі на спаленьне, а пшаніцу сабярыце ў маё гумно".
31 Іншую прыповесьць прадставіў ім, кажучы: "Падобна Каралеўства Нябеснае да гарчычнага зярняці, якое ўзяўшы чалавек пасеіў на сваёй ральлі.
32 Яно з усіх зярнят найменшае, але калі вырасьце становіцца большым за ўсякую гародніну. Стаецца дрэўцам, дык прылятаюць нябесныя птушкі і абжываюцца на яго галінках".
33 Іншую прыповесьць разказаў ім: "Падобнае Каралеўства Нябеснае да квасу, які жанчына ўзяўшы ўмішала ў тры меркі мукі, аж усё закісла".
34 Гэта ўсё разказваў Езус людзям у прыповесьцях, а без прыповесьцяў не гаварыў да іх.
35 Каб споўнілася сказана Прарокам (Пс. 77:2), які казаў: "Адкрыю вусны Свае ў прыповесьцях. Высказаваць буду рэчы, скрытыя ад аснаваньня сьвету."
36 Затым адпусьціўшы людзей Езус вырнуўся дамоў. Тады прыйшлі да Яго Ягоныя вучні і прасілі: "Выясьні нам гэну прыповесьць пра кукаль на ральлі".
37 Езус у адказ выясьніў ім: "Тым, хто разсяе добрае насеньне — Сын Чалавечы.
38 Ральлю — сьвет. Добрым насеньнем — сыны Каралеўства, а кукалем — сыны злыдні.
39 Непрыяцелем жа, што яго пасеіў д'ябал. Жніво — канец сьвету, а жнеямі — анёлы.
40 Як затым сабіраюць куколь ды ў агні паляць, так будзе пры канцы сьвету.
41 Пашле Сын Чалавечы анёлаў Сваіх. Яны сабяруць з Каралеўства Яго ўсе згаршэньні і тых, што дапускаюцца беззаконьня.
42 І ўкінуць іх у печ агністы. Там будзе плач і скрыгатаньне зубамі.
43 Тады справядлівыя будуць ясьнець як сонца ў Каралеўстве Айца свайго. Хто мае вушы, каб слухаць — хай слухае.
44 Падобнае Каралеўства Нябеснае да скарбу схаванага ў зямлі. Калі яго знайшоў чалавек, схаваў і праняты радасьцю ідзе і прадае ўсё, што мае і купляе тую зямлю.
45 Таксама падобнае Каралеўства Нябеснае чалавеку купцу, шукаючаму прыгожых жамчужын (пэрлаў).
46 Ён знайшоўшы адну каштоўную жамчужыну, пайшоў, прадаў усё, што меў і купіў яе.
47 Падобнае таксама Каралеўства Нябеснае да сеткі, закінутай у мора ды захапляючай рыбы ўсякіх сартоў.
48 Калі ўжо поўнай была, выцягнуўшы яе на бераг, ды сеўшы на беразе: добрыя адбірае ў пасудзіну а благія вон выкінулі.
49 Так будзе на канцы сьвету. Выйдуць анёлы і вылучаць благіх спасярод справядлівых,
50 ды ўкінуць іх у агністую печ. Там будзе плач і скрыгатаньне зубамі.
51 Ці ўсё зразумелі?" Кажуць Яму: "Так."
52 Сказаў ім: "Таму кожны вучоны па Пісаньню, умелы ў навуцы аб Каралеўстве Нябесным, падобны да чалавека гаспадара, які дастае са скарбца (скарбоўні) свайго рэчы новыя і старыя."
53 Калі кончыў Езус гэтыя прыповесьці, пайшоў адтуль.
54 А прыйшоўшы ў бацькаўшчыну сваю, навучаў людзей у сынагогах, а яны дзівіліся і казалі: "Адкуль жа гэта мудрасьць і моц?
55 Ці ж гэта не сын цесьлі (столяра) ды ці ж маці Яго не завуць Марыяй, а братоў яго — Якубам, і Юзэфам, Сымонам і Юдай?
56 А сёстры Ягоны, ці ж не ўсе знаходзяцца сярод нас? Скуль жа Яму гэта ўсё?"
57 Ды горшыліся з Яго. А Езус сказаў ім: "Толькі ў бацькаўшчыне і ў доме Сваім Прарок без пашаны."
58 Дзеля іхняга няверства ўчыніў Езус нямнога цудаў.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Эвангельле паводле Матэвуша, 13 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.