Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага — арыгінал

Матэвуша 24 Паводле Матэвуша 24 разьдзел

1 Пакінуўшы сьвятыню, калі Езус ішоў дале, прыступіліся вучні Ягоныя, каб паказаць Яму пабудовы сьвятыні.
2 Ён ім у адказ сказаў: "Відзіце гэта ўсё? Сапраўды кажу вам, не застанецца з гэтага камень на камені, які б ня быў развалены".
3 А калі Езус сядзеў на Аліўнай Гары, прыйшлі вучні толькі самі да Яго і пыталіся: "Скажы, калі гэта будзе, ды што за знак папярэдзіць прыход Твой і канец сьвету?"
4 У адказ сказаў ім Езус: "Глядзіце, каб хто вас не зьвёў.
5 Бо многа прыйдзе ў імя Маё і скажа: "Я Хрыстус" і многіх зьвядуць.
6 Калі вы пачуеце аб войнах і паведамленьнях ваенных, глядзіце, не трывожцеся, бо гэта адбыцца павінна, але не на гэтым канец.
7 Падымецца народ на народ, каралеўства на каралеўства, будуць пошасьці, голад, месцамі землятрусы.
8 А гэта ўсё толькі пачатак мукаў.
9 Тады будуць выдаваць вас на мукі і забіваць вас будуць, ды будзеце ненавіджаны ўсімі народамі дзеля імя Майго (Хрыстус — Хрысьціяне).
10 Тады многія паддадуцца згаршэньню і будуць выдаваць адзін другога і ненавідзець будзе адзін другога.
11 Паявяцца многія фальшывыя прарокі і будуць зводзіць многіх.
12 Таму што ўзрасьце несправядлівасьць астыне любоў у многіх.
13 А хто ўстаіць да канца — будзе збаўлены.
14 І будзе прапаведана Эвангелія Каралеўства па ўсім сьвеце на пасьведчаньне ўсім народам і тады настане канец.
15 Дык калі ўбачыце агіду спусташэньня, дакрануўшую і сьвятыя месцы, прадсказаную Даніелем Прарокам (хто чытае, хай разумее)
16 тады тыя, што ў Юдэі хай уцякаюць у горы,
17 а хто на даху, хай не сыходзіць узяць штосьці з дому;
18 а хто на полі, хай не варачаецца забраць свой плашч.
19 Гора бярэменным і соючым у тыя дні.
20 Дык прасіце, каб ваша бегства ня была ў зіму, ці ў шабат.
21 Бо тады будзе вялікі прыгнёт, якога не было ад пачатку сьвету аж дасюль дый ня будзе.
22 І каб не былі скарочаны тыя дні, ніхто б не захаваўся, але дзеля выбраньнікаў будуць скарочаны тыя дні.
23 Тады, калі б вам казаў: "Тут Хрыстус, або там, ня верце."
24 Паявяцца вось фальшывыя хрыстусы і фальшывыя прарокі і будуць тварыць вялікія знакі і цуды, каб у блуд увесьці (калі гэта магчыма) нават выбраньнікаў.
25 Таму Я вам гэта прадсказаў (паперадзіў).
26 Дык калі б вам затым сказалі: "Во ў пустыні — не выходзьце: во ў нутры дамоў — ня верце.
27 Бо як маланка засьвеціцца з Усходу і бачнай будзе і на Захадзе, так будзе з прыходам Сына Чалавечага.
28 Дзе б было цела, там сабяруцца і арлы.
29 А зараз па муках тых дзён сонца зацьмее і месяц не дасьць сьвятла свайго, а з неба зоркі падаць будуць і сілы нябесныя скалыхнуцца (захістаюцца).
30 А затым паявіцца на небе знак Сына Чалавечага ды тады заплачуць усе пакаленьні зямныя. І ўвідзяць Сына Чалавечага прыходзячага ў ваблоках нябесных з магутаю вялікай і веліччу, маестатам.
31 Ён пашле анёлаў Сваіх з трубою і голасам громкім, ды сабяруць выбраньнікаў яго з чатырох старон сьвету ад скраю неба аж да краю яго.
32 А ад фіговага дрэва вучыцеся падабенства. Калі ўжо сучок яго пукаецца і пускае лісты, ведаеце, што ўжо блізка лета.
33 Так і вы, калі ўбачыце ўсё гэта, ведайце, што ўжо блізка ў дзьвярах.
34 Сапраўды кажу вам, не праміне гэтае пакаленьне, пакуль усё гэта станецца.
35 Неба і зямля зчэзнуць, але слова Маё не праміне.
36 Што да дня таго і хвіліны ніхто ня ведае, нават анёлы ў небе, а толькі Сам Бог.
37 А як было ў дні Ноя, так будзе і прыйсьце Сына Чалавечага.
38 Бо як у той час перад патопам елі і пілі, жаніліся і замуж аддавалі, аж да таго дня, у які Ной увайшоў у арку,
39 і не агледзіліся, як нахлынуў патоп і патапіў усіх. Так ім будзе і прыход Сына Чалавечага.
40 Тады двух будзе ў полі: аднаго забяруць, а другога пакінуць.
41 Дзьве будуць малоць у жорнах: адну возьмуць, другую пакінуць.
42 Дык пільнуйцеся, бо ня ведаеце, у якую пару прыйдзе Госпад ваш.
43 А гэта ведайце, што, каб гаспадар ведаў, у якую пару злодзей мае прыйсьці, пільнаваўся б і не пазволіў бы ўламацца ў дом свой.
44 Таму і вы будзьце прыгатаваны, бо ў пару, аб якой вы ня думаеце, Сын Чалавечы прыйдзе.
45 Хто, думаеш, ёсьць верным слугою і разтаропным, якога паставіў пан над сямействам сваім, каб ён у вызначаны час зааглядаў яго харчамі?
46 Багаслаўлены слуга той, якога прыйшоўшы гаспадар знайдзе ў добрай дзейнасьці.
47 Сапраўды кажу вам, што паставіць яго валадаць усёю сваёю маёмасьцю.
48 А каб сказаў той благі слуга ў сваім сэрцы: марудзіць пан мой з прыбыцьцём,
49 і пачаў біць сяброў сваіх, есьці і піць з п'янюгамі,
50 а калі прыбудзе пан ягоны ў дзень неспадзяваны, у невядомую пару,
51 дык выгане яго, ды прызначыць яму долю з крывадушнікамі: там будзе плач і скрыгатаньне зубамі."
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Эвангельле паводле Матэвуша, 24 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.