Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага — арыгінал

Матэвуша 11 Паводле Матэвуша 11 разьдзел

1 Калі Езус закончыў даваць дванаццаці вучням Сваім напамінаньні, пайшоў адсюль далей у іхнія гарады навучаць і вясьціць Эвангелію.
2 Ян, будучы ў вязьніцы, пачуў аб дзейнасьці Хрыстовай, паслаў двух вучняў сваіх,
3 запытацца Езуса: "Ты Той, Што мае прыйсьці, ці другога чакаць?"
4 У адказ сказаў ім Езус: "Ідзіце і паведаміце Яну, што вы чулі і бачылі.
5 Сьляпыя відзяць, храмыя ходзяць, пракажоныя ачышчаюцца, глухія — чуюць, памёршыя ўваскрасаюць, убогім абвяшчаецца (весьціцца) Эвангелія,
6 а багаслаўлены, хто з Мяне ня згоршыцца."
7 А калі пасланцы адыйшліся, Езус пачаў гаварыць да людзей пра Яна: "Што вы выйшлі пабачыць у пустыню? Трасьнаг хістаючыся ад ветру?
8 Ды што вы выйшлі пабачыць? Можа чалавека ў мягкія шаты (вопратку) адзетага? Вось жа тыя, што ў мягкае адзеньне апранаюцца жывуць у каралеўскіх дамах.
9 Ды ж каго вы выйшлі паглядзець? Прарока? Затым вам кажу: больш чым, Прарока.
10 Бо ён тым, пра каго напісана: "Вось жа Я пасылаю Анёла Майго перад Сваім воблікам. Ён прыгатуе Табе дарогу (Мц. 3:11).
11 Сапраўды кажу вам, сярод народжаных жанчынамі не яўвіўся большы (важнейшы), чым Ян Хрысьціцель. А найменшы ў Каралеўстве Нябесным большы чым ён.
12 А ад днёў Яна Хрысьціцеля аж дасюль Каралеўства Нябеснае сілай здабываецца ды толькі сілачы здабываюць яго.
13 Усе бо Прарокі і Закон аж да Яна
14 і калі хочаце прызнаць — ён тым Галіяшам, каторы мае прыйсьці.
15 Хто мае вушы слухаць, хай слухае.
16 Да каго маю прымяркаваць гэты род (племя)? Ён падобны да хлапчукоў, седзячых на рынку, гамонячых сваім равесьнікам:
17 "Мы вам сьпявалі, а вы ня танчылі, мы галасілі, а вы ня плакалі".
18 Бо явіўся Ян, які ня еў і ня піў, а тыя кажуць: "Дэмана ён мае."
19 Затым прыйшоў Сын Чалавечы, Які есьці і п'е, а яны кажаць: "Во абжора і п'яніца, сябра мытнікаў і грэшнікаў." Ды ўсё ж такі апраўданы сваімі сынамі."
20 Затым Езус пачаў дакараць (выкідаць) гарадам, у каторых даканана найбольш цудаў Яго, а яны не ўзяліся за пакуту.
21 "Гора табе, Корозаін! Гора табе Бэтсайда! Бо, каб у Тыры і Сыдоне адбыліся такія цуды, як у вас, даўно яны ў зрэбніцы і попеле пакутавалі б.
22 А ўсё ж кажу вам: лягчэй будзе Тыру і Сыдону ў дзень суду, чым вам.
23 А ты, Кафарнаўм! Ці жы аж над неба не выносішся? А спадзеш аж у пекла. Бо каб такія цуды адбыліся ў Садоме, як у цябе, можа засталася б па сёньняшні дзень.
24 Аднак кажу вам: лягчэй будзе зямлі Садомаў у дзень суду, чым табе."
25 У сувязі са сказаным Ім, Езус маліўся: "Слаўлю Цябе, Ойча, Госпадзе неба і зямлі, што Ты скрыў гэтыя рэчы ад мудрых і празорлівых, а аб'явіў іх прастадушным.
26 Так Ойча, бо так Табе падабалася.
27 Усё Мне дадзена Айцом маім. Ды ніхто ня знае Сына, толькі Айцец, і ніхто ня знае Айца — толькі Сын і каму сын захоча аб'явіць.
28 Хадзіце да Мяне, што трудзецеся і зьняможаны пад цяжарам, а Я вас спасілю.
29 Вазьміце ярмо Маё на сябе ды вучыцеся ад Мяне, што Я ціхі ды пакорнага (сьціплага) сэрца, а знойдзеце ўспакаеньне душам вашым.
30 Бо ярмо Маё салодкае, а цяжар Мой лёгкі."
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Эвангельле паводле Матэвуша, 11 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.