1 Затым зьвярнуўся Езус да людзей і да вучняў Сваіх і казаў:
2 На пасадзе Майсеевым заселі кніжнікі (вучоныя па Пісаньню) і фарызэі.
3 Дык усё, што яны вам скажуць, беражыце і рабіце, але не паступайце па іхніх учынках, бо яны вучаць, а так ня робяць.
4 Бо яны вяжаць цяжкія і непасільныя бярэмі ды ўскладаюць на плечы людзей, а самі і пальцам сваім не хочуць за іх узяцца.
5 Яны ўсё робяць, каб паказацца людзям. Павялічаюць малітвенныя паясы і апускаюць краі адзеньня свайго.
6 Ахвотна займаюць першыя мейсцы на балях і ў сынагогах.
7 Любяць прывітаньні на рынку, ды каб іх людзі Раббі называлі.
8 Вы не хаціце, каб вас настаўнікамі называлі, бо адзін Настаўнік ваш, а вы ўсе братамі.
9 Ані айцом не называйце нікога на зямлі, бо адзін ваш Айцец у небе.
10 Ані настаўнікамі не называйцеся, бо адзін ваш Настаўнік — Хрыстус.
11 Хто большы — важнейшы ў вас, хай будзе вашым слугой.
12 Бо хто сябе павышае, будзе паніжаны, а хто сябе паніжае — будзе павышаны.
13 Гора вам, кніжнікі і фарызэі, крывадушнікі, што зачыняеце Каралеўства Нябеснае людзям; і самі не ідзіцё і ідучых не пускаеце ўвайсьці.
14 Гора вам кніжнікі і фарызэі, крывадушнікі, што аб'ядаеце дамы ўдоваў пад відам доўгіх маленьняў, дзеля таго напаткае вас жорсткі прысуд.
15 Гора вам, кніжнікі і фарызэі, крывадушнікі, што абяжджаеце моры і сушы (сухмяні), каб здабыць аднаго спаўверніка. А калі ім станецца, робіце яго сынам пекла, у два разы горшым за сябе.
16 Гора вам, сьляпыя праваднікі, што кажаце: хто прысяг (пакляўся) на сьвятыню — гэта нічога, а калі б хто прысяг на золата сьвятыні, споўніць павінен.
17 О дурныя і сьляпыя! Бо што важнейшае: золата ці сьвятыня, якая ўсьвячае золата?
18 Ды хто б прысяг (пакляўся) на аўтар, гэта нічога, але хто б прысягнуў на ахвяру на ім складзеную, споўніць павінен.
19 Сляпіндзі! Што ж важнейшае: ахвяра ці аўтар, які яе ўсьвячае?
20 Хто затым прысягае на аўтар, прысягае на яго ды на ўсё, што на ім.
21 Бо хто прысягнуў на сьвятыню, прысягае на яе ды на Таго, Хто ў ёй пражывае (Бог).
22 А хто прысягае на неба, прысягае на трон Божы і на Таго, Хто на ім сядзіць.
23 Гора вам, кніжнікі і фарызэі, крывадушнікі, што даіцё дзесяціну з мяты, кропу і кмену, а прапускаеце тое, што больш важнейшае ў Законе: суд, міласэрдзе і веру. І гэта трэба выпаўніць і тога не апускаць.
24 Сьляпыя правадыры, што працэджваеце камара, а глытаеце вярблюда.
25 Гора вам, кніжнікі і фарызэі, крывадушнікі, што абмываеце чашу і місу з навонку, а самі ў сабе поўныя зьдзерства ды нячыстасьць.
26 Сьляпы фарызэю! Абмый перш нутро чашы і місы, каб тое, што навонкі — сталася чыстым.
27 Гора вам, кніжнікі і фарызэі, крывадушнікі! Бо вы падобныя да грабоў пабеляных, што навонкі паказваюцца людзям прыгожымі, а ў нутры поўныя касьцей, трупаў і ўсякага гнільля.
28 Так і вы навонкі (знадворку) выдаіцёся людзям справядлівымі, а ў нутры поўныя крывадушнасьці і беззаконьня.
29 Гора вам, кніжнік і фарызэі, крывадушнікі, каторыя будуеце грабніцы Прарокам і аздабляеце (упрыгожваеце) помнікі справядлівых,
30 кажучы: "Каб мы жылі ў дні бацькоў нашых, не былі б супольнікамі тых, што пралівалі кроў Прарокаў".
31 І так вы самі сьведчыце, што вы сынамі тых, што забілі Прарокаў.
32 І вы дапоўніце мерку бацькоў вашых.
33 Гадзіны! Зьмяінае племя! Няўжо ўсьцеражыцёся прысуду пекла?
34 Таму то пасылаю Я да вас Прарокаў і мудрых і знаўцаў Пісаньня, а многіх з іх зб'іцё, а іншых будзеце бічаваць у сынагогах вашых. Ды будзеце сьцігаць іх з гораду ў горад
35 аж спадзе на вас кроў усіх справядлівых, разліта на зямлі, ад крыві справядлівага Абеля аж да крыві Захара, сына Барахія, якога вы забілі між сьвятыняй і аўтаром.
36 Сапраўды кажу вам, спадзе гэта ўсё на гэтае племя.
37 О Ерузалім, Ерузалім, каторае забіваеш Прарокаў ды каменуеш тых, што да цябе пасланыя. Колькі раз хацеў сабраць сыноў тваіх як кураводка сабірае пісклянят сваіх пад свае крыльлі, але ты не захацеў.
38 Таму дом ваш стане пустым.
39 Бо кажу вам, не ўвідзіце Мяне датуль, пакуль ня скажаце: Багаслаўлены, хто прыходзіць у імя Госпада (Пс. 117:26).
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Эвангельле паводле Матэвуша, 23 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.