1 Езус скончыў гэтыя павучэньні і выйшаў з Галілеі і прыйшоў да граніц Юдэі за Ярдан.
2 За Ім ішлі вялікія грамады, каторыя там аздаравіў.
3 Затым падыйшлі да Яго фарызэі і зводзячы (кушачы) Яго, пыталіся: "Ці выпадае чалавеку з якой колечы прычыны адправіць жонку сваю?"
4 А Езус у адказ сказаў ім: "Ці не чыталі, што Той, Хто стварыў на пачатку "мужчыну і жанчыну стварыў іх"
5 і сказаў: "Таму пакіне чалавек бацьку і маці і злучыцца з жонкаю сваёй, ды будуць двое ў адным целе.
6 І так ужо не двое, але адно цела (Род. 2:24). Дык што Бог злучыў, чалавек хай не разлучае."
7 Сказалі Яму: "Дык чаму Майсей загадаў даць ёй ліст разводны і адправіць?"
8 Сказаў ім: "Дзеля цьвёрдага сэрца вашага дазволіў вам Майсей адправіць жонку вашую, але не было так напачатку.
9 Затым кажу вам, што хто разводзіцца з жонкаю сваёй, з выняткам чужаложства, а жэніцца з іншаю — чужаложыць. І хто з разьведзенай ажаніўся б — чужаложыць.
10 Дык сказалі Яму вучні Ягоныя: "Калі такі абавязак мужчыны да жанчыны, то лепш не жаніцца."
11 А Езус сказаў ім: "Не ўсе разумеюць гэту навуку, а толькі тыя, каторым дадзена.
12 Бо ёсьць скапцы, што такімі з жывата маці нарадзіліся, але ёсьць скапцы, каторых такімі людзі зрабілі, ды ёсьць скапцы, што самі сябе скапцамі зрабілі для Каралеўства Нябеснага. Хто можа зразумець, няхай разумее."
13 Аднойчы прывялі да Яго дзеткі. Каб усклаў на іх рукі і памаліўся. Але вучні сварыліся на іх.
14 Дык Езус сказаў ім: "Пусьціце дзетак і не забараняйце ім прыходзіць да Мяне, бо такіх Каралеўства Нябеснае."
15 І ўсклаўшы на іх рукі Свае, пайшоў адтуль.
16 А вось хто-то падыйшоў да Яго і сказаў Яму: "Добры настаўніча, што маю добрага рабіць, каб здабыць жыцьцё вечнае?"
17 А Езус сказаў яму: "Што Мяне пытаешся аб добрым? Адзін толькі Бог добры. А калі хочаш увайсьці ў жыцьцё, спаўняй прыказаньні".
18 Спытаўся ў Яго: "Якія? Езус яму сказаў: "Не забівай, не чужалож, не крадзі, не сьведч фальшыва,
19 паважай бацьку свайго і сваю матку, ды любі бліжняга свайго як сябе самога (Вых. 20:12−15)"
20 Кажа Яму юнак: "Усё гэта бярог я ад свайго маленства, чаго мне яшчэ не хапае?"
21 Сказаў яму Езус: "Калі хочаш быць дасканалы, ідзі, разпрадай усё, што маеш, раздай ўбогім, а будзеш мець скарб у небе, а прыходзь і хадзі за Мной".
22 Калі юнак пачуў гэта слова, адыйшоў сумны, бо меў вялікую маёмасьць.
23 Затым Езус сказаў Сваім вучням: "Сапраўды кажу вам, што багацей з трудом увойдзе ў Каралеўства Нябеснае.
24 Зноў кажу вам: "Лягчэй вярблюду прасунуцца праз вушка іголкі, чым багацею ўвайсьці ў Карлеўства Нябеснае."
25 Пачуўшы гэта вучні надта дзівіліся і казалі: "Хто тады можа збавіцца?"
26 А Езус узглянуўшы, сказаў ім: "У людзей немагчыма, але у Бога ўсё магчыма."
27 Затым у адказ Пётр сказаў Езусу: "Вось жа мы пакінулі ўсё і пайшлі за Табой, дык што мы атрымаем?"
28 Езус сказаў ім: "Сапраўды кажу вам, што вы, каторыя пайшлі за Мною, у адраджэньні, калі засядзе Сын Чалавечы на Сталіцы велічы Сваёй, засядзіце і вы на дванацаці сталіцах, і будзеце судзіць дванаццаць пакаленьняў Ізраеля.
29 А кожны, хто б пакінуў дом або братоў, або сёстраў, або бацьку, або матку, або жонку, або сыноў, або зямлю дзеля імя Майго, у сто раз болей атрымае і здабудзе жыцьцё вечнае.
30 І многа першых будзе апошнімі, а апошнія — першымі.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Эвангельле паводле Матэвуша, 19 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
