1 А калі прыбліжаліся да Ерузаліму і падыйшлі да Бэтфагэ на Аліўнай Гары, Езус тады паслаў двух вучняў
2 і сказаў ім: "Ідзіце ў сяло, якое перад вамі а зараз знойдзеце асліцу прывязану і з ёй асьлянё. Адвяжыце і прывядзіце да Мяне.
3 А калі б вам хто што казаў, скажыце, што іх Госпад патрабуе, а зараз пусьцяць іх.
4 Усё гэта сталася, каб выпаўнілася сказана Прарокам:
5 "Скажыце дачцы Сыёнскай: Вось едзе да Цябе кароль твой ціхі, седзячы на асьліцы (Зах. 9:9) і на асьляці, сыне пад'ярэмнай."
6 Пайшоўшы, вучні зрабілі як ім загадаў Езус.
7 І прывялі асьліцу з асьлянём, усклалі адзеньне сваё, а Езуса пасадзілі на яго.
8 А грамады, што на перадзе і што за Ім ішлі, гаманілі, кажучы:
9 "Гозанна Сыну Давідаваму, багаслаўлены, хто прыходзіць у імя Госпада. Гозанна на вышынях! (Пс. 117:26)
10 А калі ўвайшоў у Ерузалім, узварухнуўся ўвесь горад, кажучы: "Хто гэта?"
11 А народ казаў: "Гэта Езус, Прарок з Назарэту Галілейскага."
12 І ўвайшоў Езус у сьвятыню і павыганяў усіх прадаўцоў і купцоў у сьвятыні, а сталы банкераў і лаўкі прадаўцоў галубоў перавярнуў.
13 Ды сказаў ім: "Напісана: Дом мой, домам маленьня будзе названы, а вы зрабілі яго пячорай разбойнікаў.
14 Затым падыйшлі да Яго ў сьвятыні сьляпыя і храмыя, а Ён аздаравіў іх.
15 А архісьвятары і вучоныя, бачачы цуды, якія чыніў, ды дзеці гамонячыя ў сьвятыні і кажучыя: Гозанна сыну давідаваму! Злаваліся.
16 І казалі Яму: "Ці чуеш, што яны кажуць?" А Езус сказаў ім: "Чую, ці вы не чыталі: "З вуснаў немаўлятак і сысуноў дасканалаю ўчыніў Ты хвалу?" (Пс. 8:3).
17 Затым пакінуўшы іх, пайшоў за горад у Бэтанію і там застаўся.
18 Нараніцы вяртаючыся ў горад пачуў голад (захацеў есьці).
19 Дык убачыўшы пры дарозе адно дрэва фігі, падыйшоў да яго, але не знайшоў на ім нічога, апрача ліствы. Сказаў яму: "Няхай ніколі навек не родзіцца больш з цябе плод." І адразу фіга ссохла.
20 Дык бачачы гэта вучні дзівіліся і казалі: "Якім чынам так скора ссохла?"
21 У адказ Езус сказаў ім: "Сапраўды кажу вам, каб мелі вы веру, і не сумневаліся, зрабілі б гэта не толькі з дрэвам фігі, але нават, каб сказалі гэтай гары: падыміся і кінься ў мора." Сталася б.
22 А б што будзеце прасіць у мальбе з вераю — атрымаеце."
23 А калі Езус увайшоў у сьвятыню прыйшлі да Яго, калі вучыў архісьвятары і старэйшыны народу і казалі: "Якім правам гэта робіш? Хто табе даў такую ўладу?"
24 Езус у адказ сказаў ім: "І Я спытаюся таксама ў вас у адной справе, а калі адкажыце Мне, дык і Я тады скажу вам, якім правам Я гэта раблю.
25 Хрост Янаў адкуль быў: З неба, ці ад людзей?" А яны застанаўляліся і гаварылі між сабой:
26 Калі скажам: з неба, — скажа нам: Дык чаму вы не паверылі? А калі скажам: з людзі — баімся людзей, бо ўсе Яна маюць за Прарока.
27 Дык у адказ Езусу сказалі: "Не ведаем." І Ён сказаў: "Дык і Я вам не скажу, якім правам Я гэта раблю."
28 Як вам відзіцца? Адзін чалавек меў двух сыноў. Прыходзячы да першага сказаў яму: "Сыне, ідзі папрацуй сягоньня ў маім вінаградніку".
29 А ён адказаў: "Не пайду". А потым разкаіўся і пайшоў.
30 Зьвяртаючыся да другога сказаў яму падобна. А той адказваючы сказаў: "Іду, гаспаду", але не пайшоў.
31 Хто з тых двух споўніў волю бацькі? Кажуць: Першы. Дык сказаў ім Езус: Сапраўды кажу вам, што мытнікі і распусьніцы ўпярэдзяць вас у Каралеўства нябеснае.
32 Бо прыйшоў да вас Ян дарогай справядлівасьці, а вы не паверылі яму: мытнікі жа і распупусьніцы паверылі яму. Вы аднак, бачачы гэта, нават потым не апомніліся, каб яму паверыць."
33 Паслухайце іншую прыповесьць. Быў гаспадар сямейны, які завёў вінаграднік, загарадзіў яго плотам, выкапаў у ім вінатоку, пабудаваў вежу і аддаў яго вінаградарам і выехаў.
34 А калі надыйшоў час пладоў, паслаў ён слугаў сваіх да вінаградараў узяць свае плады.
35 А вінаградары схвацілі слугаў яго, аднаго пакалечылі, другога забілі, а іншага ўкаменавалі.
36 Дык зноў паслаў іншых слугаў, больш чым раней, але і ім зрабілі падобна.
37 Наканец паслаў да іх сына свайго, кажучы: "Ушануюць сына майго".
38 Але вінаградары, бачачы сына гаварылі між сабой: Гэта спадкаемец (насьледнік), ідземце, заб'ём яго, а заваладаем ягонай спадчынаю".
39 Ды схапіўшы яго, выкінулі з вінаградніка і забілі.
40 Дык калі прыбудзе гаспадар вінаградніка, што зробіць тым вінаградарам?
41 Кажуць Яму: "Разбойнікаў срога выгубіць, а вінаграднік выарэндуе іншым вінаградарам, каторыя будуць аддаваць плод у вызначаны час."
42 Сказаў ім Езус: "Ці ж ніколі не чыталі вы Пісаньні: Камень, каторы адкінулі будаўнікі, стаўся галавою вугла. З волі Госпада гэта сталася ды дзіўным у вачах нашых. (Пс. 117:22−23)
43 Дзеля таго кажу вам, што Каралеўства Божае будзе аднята ад вас, а дадзена народу прыносячаму яму плады.
44 Хто падзе на гэты камень, будзе разбіты, а на каго б ён паў, сатрэ яго."
45 Пачуўшы гэту Яго прыповесьць архірэі і фарызэі зразумелі, што гэта аб іх гаварыў.
46 Ды стараліся Яго ўзяць, але баяліся народу, бо меў Яго за Прарока.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Эвангельле паводле Матэвуша, 21 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
