Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага — арыгінал

Матэвуша 10 Паводле Матэвуша 10 разьдзел

1 Затым сазваўшы дванаццаць вучняў Сваіх, даў ім уладу над духамі нячыстымі, выганяць іх, аздараўляць усякую хваробу ды ўсякую немач.
2 А імёна Дванаццаці Апосталаў такія: першы Сымон, якога завуць Пятром, і Андрэй, брат яго.
3 Якуб, сын Зэбэдэяў ды Ян, брат ягоны; Філіп і Баўтрамей, Тамаш і Матэвуш, мытнік, Якуб, сын Алфея, і Тадэвуш.
4 Сымон Хананеец і Юда Іскарыёт, які яго выдаў.
5 Гэтых Дванаццаць паслаў Езус загадваючы ім ды кажучы: "На дарогу паган не заходзьце і ў гарады самар'янаў не ўваходзьце.
6 Але перш ідзіце да авец, якія прапалі з дому Ізраеля.
7 А ідучы прапаведайце і кажыце, што прыблізілася Каралеўства Нябеснае.
8 Аздараўляйце хворых, ускрашайце памёршых, ачышчайце пракажоных, выганяйце дэманаў. Дарма атрымалі, дарма давайце.
9 Не мейце ў капшукох вашых ані золата, ані серабра, ані грошай,
10 ані торбы, ані двух вопраткаў, ані сандалаў, ані кія. Бо працаўнік варт сваёй стравы.
11 А ў які горад зойдзеце або вёску, спытайцеся, хто ў ім дастойны ды там абжывайцеся аж да свайго адыходу.
12 Уваходзячы ў дом вітайце яго і кажыце: "Супакой гэтаму дому."
13 А калі б дом той быў бы годны, хай сыйдзе на яго супакой ваш. А калі б не быў годзен, хай супакой ваш вернецца да вас."
14 А калі б хто вас не прыняў ды ня слухаў слоў вашых, выйшаўшы на двор (на вонкі) з дому або горада абтрасіце пыл з ног вашых.
15 Сапраўды кажу вам, лягчэй будзе зямлі Садомскай і Гаморскай у дзень суду, чым таму гораду (або дому)."
16 Вось жа пасылаю Я вас як авец у ваўкі: дык будзьце прадбачлівыя як зьмеі, а прастадушныя як галубкі.
17 Сьцеражыцеся людзей. Павядуць бо вас на суды і ў сынагогах бічаваць вас будуць.
18 Дзеля Мяне (Бога) будуць цягаць вас да ўладаў і каралёў на пасьведчаньне (на доказ) ім і паганцам.
19 А калі вас выдаваць будуць ня думайце як і што гаварыць маеце, бо ў той час, што маеце гаварыць, будзе дадзена вам.
20 Бо ня вы, якія гаворыце, але Дух Айца вашага, Каторы праз вас гаворыць.
21 Ды выдасьць на сьмерць брат брата, а бацька сына і збунтуюцца сыны супроць бацькоў і будуць прычынай іхняй сьмерці.
22 Ды будзеце ў нянавісьці дзяля Імя Майго ўва ўсіх. Але хто выстаіць да канца, будзе збаўлены.
23 Калі вас прасьледаваць будуць у тым горадзе, пераходзьце ў другі. Сапраўды кажу вам, што не пройдзеце гарадоў Ізраеля, як прыйдзе Сын Чалавечы.
24 Вучань не над Вучыцеля, ані над пана свайго.
25 Хопіць вучню, каб быў як ягоны настаўнік, а слуга як ягоны пан. Калі гаспадара дому назвалі бельзэбубам, тым больш дамаўнікоў ягоных.
26 Дзеля таго не бойцеся іх. Бо німа нічога скрытага, каб не было выяўлена, і нічога тайнага, чаго б ня ведалі.
27 Што гавару вам у поцемках, прапавядайце ў сьвятле, а што чуеце на вуха, разгалашайце на дахах.
28 Не бойцеся тых, якія забіваюць цела ваша, а душы забіць не могуць. Бардзей бойцеся Таго, хто можа і душу і цела загубіць у пекле.
29 Ці ж за медзяка не прадаюць двух вераб'ёў? А ніводзін з іх не ўпадзе на зямлю, без Айца вашага.
30 Нават валасы вашы на галаве палічаны.
31 Дык не бойцеся, лепшыя (важнейшыя) вы чым вераб'і.
32 Кожнага затым, хто Мяне прызнае перад людзьмі, і яго прызнаю перад Айцом Маім, Які ў небе.
33 А хто Мяне вырачэцца перад людзьмі выракуся і Я перад Айцом Маім, Які ў небе."
34 Не думайце, што прыйшоў на зямлю прынесьці мір (супакой). Не прынёс Я мір — супакой, але меч.
35 Бо прыйшоў Я аддзяліць чалавека — сына ад яго бацькі, дачку ад маткі ейнай, сынавую ад сьвякрухі ейнай.
36 Ды будуць непрыяцелямі чалавек і дамаўнікі ягоныя.
37 Хто любіць больш бацьку, ці матку, чым Мяне, той не варт Мяне (не дастойны). І хто больш любіць сына ці дачку, чым Мяне, той не годзен Мяне.
38 Ды хто не бярэ крыжа свайго, і не насьледуе Мяне, той ня варт (не дастоен) Мяне.
39 Хто ўсьцеражэ душу сваю — загубіць яе, а хто б аддаў душу сваю дзеля Мяне — аднойдзе яе.
40 Хто вас прымае — Мяне прымае, а хто Мяне прымае, прымае Таго, Хто Мяне паслаў.
41 Хто прымае прарока ў імя прарока, возьме заплату прарока. Хто прымае справядлівага ў імя справядлівага, заплату справядлівага атрымае.
42 А хто б аднаму з гэтых найменшых, дзеля таго, што ён вучань, даў бы кубак халоднай вады напіцца, сапраўды кажу вам, не міне яго ўзнагарода.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Эвангельле паводле Матэвуша, 10 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.