Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага — арыгінал

Матэвуша 15 Паводле Матэвуша 15 разьдзел

1 Затым падыйшлі да Яго вучоныя па Пісаньню і фарызэі з Ерузаліма, кажучы:
2 "Чаму вучні Твае парушаюць традыцыі старэйшын? Ядуць хлеб нямытымі рукамі".
3 "Ён у адказ сказаў ім: "Чаму і вы нарушаеце пастановы Божыя дзеля вашае традыцыі? Бо Бог сказаў:
4 "Шануй бацьку твайго і маці, (Вых. 20:12) і таксама: "Хто праклінаў бы бацьку або маці — хай будзе сьмерцю пакараны".
5 Вы ж кажаце: "Хто б сказаў бацьку або маці: Ахвярай ёсьць, што належыцца ад мяне табе.
6 Не шануй бацькш свайго або маці сваёй. Так скасавалі прыказаньне Божае дзеля вашае традыцыі.
7 Крывадушнікі, добра пра вас праракаваў Ізаій, кажучы:
8 "Гэты народ шануе Мяне вуснамі, але сэрца іхняе далёка ад Мяне,
9 але на дарма пашану аддаюць, калі вясьцяць навукі і пастановы людзкія (Із. 29:13).
10 Затым прызваўшы людзей да Сябе, казаў ім: "Слухайце і разумейце:
11 Не тое пляміць, паганіць чалавека, што ўваходзіць у вусны, але тое паганіць чалавека, што тое, што з вуснаў выходзіць
12 Затым падыйшлі вучні Яго і сказалі Яму: "Ведаеш, што фарызэі пачуўшы гэтае слова згоршыліся".
13 А Ён адказаў ім: "Усякі род, расьліна, якой не пасадзіў Айцец Мой Нябесны — выкарчавана будзе.
14 Пакініце іх, бо яны сьляпыя правадыры сьляпых: а калі сьляпы сьляпога вядзе, дык абодвы ўваляцца ў яму.
15 Дык Пётр у адказ сказаў Яму: "Выясьні нам гэту прыповесьць".
16 А Ён сказаў: "Ды і вы таксама не разумееце?
17 Не разумееце, што ўсё, што ў вусны ўходзіць, ідзе ў жывот і выдзяляецца навонкі, на двор.
18 А што з вуснаў выходзіць, паходзіць ад сэрца і гэта паганіць, пляміць чалавека:
19 бо з сэрца паходзяць благія думкі, забойствы, чужаложствы, нячыстасьці, пакражы, фальшывыя сьведчаньні, блюзьнерствы.
20 Гэта вось, што паганіць чалавека: Але есьці немытымі рукамі, гэта не паганіць, не пляміць чалавека"
21 А выйшаўшы адтуль Езус направіўся ў мясцовасьці Тыру і Сыдону.
22 І якраз жанчына — хананейка выйшаўшы з тых мясцоў крычала Езусу: "Сыне Давідаў, Госпадзе, зжалься нада мной: дачка мая страшна мучана шатанам."
23 А Ён не адказаў ёй ані слова. Дык падыйшлі вучні Яго і прасілі Яго і казалі: "Адпусьці яе, бо яна прызывае нас."
24 Езус у адказ сказаў: "Пасланы Я толькі да авец, каторыя прапалі з дому Ізраеля."
25 Але яна падыйшла і пакланілася Яму, просячы: "Госпадзе, ратуй мяне!"
26 А Езус адказаў: "Ня добра браць хлеб ад сыноў і кідаць сабакам."
27 А яна сказала: "Так, Госпадзе, але аднак і шчаняты ядуць крошкі, якія падаюць са стала гаспадароў іх."
28 Тады Езус у адказ сказаў ёй: "О жанчына! Вялікая вера твая, няхай станецца, як хочаш." І ў тую хвіліну дачка яе была аздароўлена.
29 Затым выйшаўшы адтуль, Езус прыбыў да мора Галілескага і ўзыйшоўшы на гару, сядзеў тамака.
30 Дабраліся да Яго вялікія грамады, маючы з сабой храмых, сьляпых, калекіх ды многа іншых. І даставілі іх да Яго, а Ён аздаравіў іх.
31 Усе жа дзівіліся, бачачы, што нямыя — гавораць, храмыя — ходзяць, сьляпыя — відзяць. Дык славілі Бога Ізраеля.
32 Езус паклікаўшы вучняў Сваіх, казаў ім: "Шкада мне людзей, бо ўжо тры дні прабываюць пры Мне і ня маюць чаго есьці. А Я не хачу адправіць іх галодных, каб не самлелі ў дарозе".
33 Сказалі Яму вучні: "Скуль у пустыні набяромся столькі хлеба, каб накарміць такі натоўп людзей?"
34 Пытаецца ў іх Езус: "Колькі маеце хлябоў?" Яны ж сказалі: "Сем і крыху рыбаў."
35 Дык загадаў Езус людзям пасесьці на зямлі.
36 А ўзяўшы сем хлябоў і рыбы, падзяку складаючы, ламаў і даваў вучням Сваім, вучні раздавалі людзям.
37 І елі ўсе і наеліся. А з кавалкаў, якія засталіся сабралі сем поўных кашоў.
38 А тых, што елі было чатыры тысячы, апрача дзяцей і жанчынаў.
39 Адпусьціўшы людзей Езус сеў у лодку і прыплыў у край Магэдан.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Эвангельле паводле Матэвуша, 15 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.