1 Езус затым і далей у прыповесьцях:
2 "Каралеўства Нябеснае падобнае чалавеку — каралю, як справіў вясельле для свайго сына.
3 Ён паслаў слуг сваіх склікаць запрошаных на вясельле, але тыя не хацелі прыбыць.
4 Дык паслаў ізноў іншых слугаў, кажучы: "Скажыце запрошаным: ужо банкет мой прыгатаваў, валы мае і што кормнае пабіты, ды ўсё прыгатавана, прыходзьце на вясельле!
5 Але яны занедбалі і разыйшліся: як хто ў пасяленьне сваё, другі ў таргоўлю,
6 а іншыя схвацілі слуг, назьдзекаваўшыся, замардавалі.
7 Калі пра гэта пачуў кароль, разгневаўся ды паслаўшы сваё войска, выгубіў тых забойцаў а горад іхні спаліў.
8 Затым сказаў слугам сваім: вясельле то прыгатавана, але запрошаныя не былі годныя.
9 Дык ідзіце на скрыжаваньні дарог, а каго толькі знойдзіце клічце на вясельле.
10 Слугі ягоныя, выйшаўшы на дарогі, сабралі ўсіх, каго напаткалі, ліхіх і добрых і напоўнілася вясельле гасьцьмі.
11 Затым увайшоў кароль паглядзець гасьцей, ды ўбачыў ён там чалавека не адзетага ў вясельную вопратку.
12 Дык спытаўся ў яго: "Прыяцелю, як жа ты ўвайшоў сюды, не маючы вясельнай вопраткі?" Але ён маўчаў.
13 Тады кароль загадаў слугам сваім: "Зьвязаўшы яму рукі і ногі, укіньце яго ў знешнюю цемру: там будзе плач і скрыгатаньне зубамі.
14 Бо многа пакліканых (запрошаных), але мала выбраных."
15 Затым сабраліся фарызэі і адышоўшы раіліся, як бы Езуса спахваціць у мове.
16 Дык паслалі да Яго двух вучняў сваіх з гэрад'янамі, каб спыталіся: "Вучыцелю, ведаем, што Ты справядлівы (праўдамоўны) і дарогі Божай па праўдзе вучыш, ды не аглядаешся на асобу людзей.
17 Скажы нам тады, як табе здаецца, належыцца плаціць падатак цэзару, ці можа не?"
18 Езус жа пазнаўшы іх крывадушнасьць, сказаў: "Чаму Мяне зводзіце, крывадушнікі?
19 Пакажыце мне манэту падатковую. Дык падалі Яму дынар.
20 Спытаўся ў іх Езус: "Чый гэта адмалюнак і напіс?"
21 Кажуць Яму: "Цэзараў." Дык Езус сказаў ім: "Тое, што Цэзара — аддайце Цэзару, а што Божае — Богу."
22 Пачуўшы гэта, яны зьдзівіліся ды пакінуўшы Езуса — адыйшліся.
23 У той дзень прыступіліся да Яго садуцэі. Яны даказваюць, што няма ўваскрасеньня.
24 Яны спыталіся ў Езуса: "Вучыцелю, Майсей загадаў: Калі хто памрэ, не маючы сына, дык хай брат ягоны возьме яго жонку і хай займее патомства свайму брату (Паў. 25:5).
25 А было ў нас сем братоў: першы ажаніўся з ёй і памёр, не маючы патомства. Пакінуў жонку брату свайму.
26 Падобны другі і трэці аж да сёмага.
27 Наастатак па ўсіх памерла жанчына.
28 Дык у момант уваскрасеньня, чыёй з сямі будзе жонкаю. Так як усе яны мелі яе за жонку?
29 А Езус у адказ сказаў ім: "Памыляецеся, не знаючы Пісаньня, ані моцы Божай.
30 У ўваскрасеньні ня будуць жаніцца, ані замуж выходзіць, але будуць як анёлы Божыя ў небе.
31 Ці не чыталі, што сказана Богам пра паўстаньне з умёршых. Ён казаў:
32 Я Бог Абрагама, і Бог Ізаака, і Бог Якуба (Вых. 3:6) Бог ня ёсьць Богам мёртвых, але Бог жывых."
33 Чуючы гэта людзі дзівіліся дзеля навукі Ягонай.
34 Чуючы тады фарызэі, што садуцэяў змусіў замаўчаць, сыйшліся разам.
35 Затым адзін з іншых вучоных па закону, зводзячы Езуса, спытаўся:
36 "Вучыцелю, якое найважнейшае прыказаньне ў законе?"
37 Езус адказаў яму: "Мілуй Госпада Бога твайго ўсім сэрцам тваім, усёй душой тваёй, усім розумам тваім (Паўт. 6:5)
38 Гэта найважнейшае ды першае прыказаньне.
39 Другое падобнае гэтаму: "Любі бліжняга свайго як сябе самога (Сьвят. 19:18).
40 На гэтых двух прыказаньнях апіраецца ўвесь Закон і Прарокі."
41 Калі сабраліся фарызэі, спытаўся ў іх Езус:
42 "Што думаеце пра Хрыста? Чыім Ён сынам? Кажуць яму: "Давідаў."
43 Сказаў ім: "Як жа тады Давід у Духу называе Яго Госпадам, кажучы:
44 "Сказаў Госпад Госпаду майму, сядзь па прывіцы Маёй, аж пакладу непрыяцеляў Тваіх падножжам ног Тваіх!" (Пс. 109:1)
45 Дык калі Давід называе Яго Госпадам, дык як жа ёсьць сынам ягоным?"
46 І ніхто ня мог Яму адказаць слова, ані таксама адважыўся ад таго дня болей пытацца.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Эвангельле паводле Матэвуша, 22 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
