Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага — арыгінал

Матэвуша 7 Паводле Матэвуша 7 разьдзел

1 Не судзіце, каб вы не былі суджаны.
2 Бо якім судам вы будзіце судзіць, такім і вас асудзяць, ды якою меркай вы будзеце мераць, такою вам адмераць.
3 Чаму ж гэта ў воку брата свайго стрэмку відзеце, а бэлькі ў сваім воку не бачыце?
4 Або як маеш адвагу сказаць брату свайму: пазволь выняць стрэмку з вока твайго, а вось бэлька ў тваім воку.
5 Крывадушніку, выкінь перш бэльку з свайго вока, а затым праглянеш, каб выкінуць стрэмку з вока брата свайго.
6 Не кідайце сабакам таго, што сьвятое, ды ня кідайце жамчужын пад ногі сьвіней, каб яны іх не патапталі сваімі нагамі дый адвярнуўшыся не разарвалі вас.
7 Прасіце а будзе вам дадзена. Шукайце, а знойдзеце. Стукайце, а адчыняць вам.
8 Бо кожны, хто просіць — атрымоўвае, а хто шукае — знаходзіць. А хто стукае — таму адчыняюць.
9 Ці ня ёсьць хто між вамі, каб даў сыну свайму камень, калі ён просіць хлеба?
10 Або, каб хто просіць аб рыбу, а даў яму хто зьмяю?
11 Дык калі вы будучы благімі, умееце даваць дзецям сваім добрыя дарункі, дык куды больш Айцец ваш, Каторы ў небе, дае добрыя рэчы тым, якія Яго просяць.
12 Дык усё, што хочаце, каб вам рабілі людзі і вы самі ім рабіце. На гэтым Закон і Прарокі.
13 Уваходзьце праз вузкую браму, бо шырокая брама і прасторная дарога вядзе на загубу, ды многа такіх, што праз яе ўваходзяць.
14 А як цесная аднак брама і вузкая дарога, што вядзе ў жыцьцё, дык як нямнога такіх, якія яе знаходзяць.
15 Сьцеражыцеся фальшывых прарокаў, што да вас прыходзяць у авечым адзеньні, а ў нутры драпежныя ваўкі.
16 Па пладах іхніх — пазнаеце іх. Няўжо з церна сабіраюць вінаград або з асоту — фігі?
17 Так кожнае дрэва добрае родзіць добрыя плады, а благое дрэва родзіць ліхія плады.
18 Добрае дрэва ня можа радзіць благіх пладоў, а благое дрэва ня родзіць добрых пладоў.
19 Кожнае дрэва, каторае ня родзіць добрага плоду, будзе выкарчавана і кінута ў агонь.
20 Дык вось па пладах іхніх пазнаеце іх.
21 Ня кожны, хто Мне кажа: Госпадзе, Госпадзе — увойдзе ў Каралеўства Нябеснае. Але той, хто спаўняе волю Айца майго, Які ў небе, той увойдзе ў Каралеўства Нябеснае.
22 У той дзень многія мне скажуць: Госпадзе, Госпадзе! Няўжо мы не праракавалі ў імя Тваё? Ды ці не ў імя Тваё выганялі дэманаў? Ды ці не ў імя Тваё чынілі цуды?
23 А Я тады скажу ім: Ніколі Я вас не знаў. Ідзіце проч ад Мяне, вы, што творыце беззаконьня.
24 Кожны тады, хто слухае Мае словы ды спаўняе іх, падобны да разумнага чалавека, які збудаваў свой дом на скале.
25 Пайшлі дажджы, разьліліся рэкі, падулі віхры, нахлынулі на той дом і ён не заваліўся, бо быў пабудаваны на скале.
26 А гэтых слоў Маіх не слухае і не спаўняе іх, падобны да неразумнага чалавека, які збудаваў свой дом на пяску.
27 Лінулі дажджы, падняліся рэкі, падулі гураганы і ўдарылі ў той дом. І заваліўся ён, і падзеньне яго страшнае.
28 І калі Езус закончыў гэтыя словы (павучэньні), захапляліся грамады дзеля павучэньняў Яго.
29 Бо вучыў Ён, як Той, Хто мае ўладу, а не як іх вучоныя па Пісаньню і фарызэі вучылі.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Эвангельле паводле Матэвуша, 7 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.