Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага — арыгінал

Матэвуша 20 Паводле Матэвуша 20 разьдзел

1 Падобнае затым Каралеўства нябеснае чалавеку гаспадару, які выйшаў надта рана наймаць работнікаў у свой вінаграднік.
2 Зрабіўшы з работнікамі ўмову па дынару за дзень, паслаў іх у свой вінаграднік.
3 Ды выйшаўшы каля гадзіны трэцяй, убачыў іншых, стаячых на рынку без работы.
4 Ды і ім сказаў: "Ідзіце і вы ў мой вінаграднік і што будзе справядліва, дам вам."
5 І яны пайшлі. Ды зноў выйшаў каля шостай і каля дзевятай гадзіны, і зрабіў падобна.
6 Дый яшчэ каля гадзіны адзінаццатай і знайшоў іншых стаячых ды ім сказаў: "Чаму тут стаіцё, гультуючы ўвесь дзень?"
7 Кажуць Яму: "Бо ніхто нас не наняў". І ім сказаў: "І вы ідзіце ў мой вінаграднік".
8 А калі настаў вечар, сказаў гаспадар (пан) вінаградніка загадчыку свайму: "Скліч работнікаў і дай ім заплату, пачынаючы ад апошніх, а канчаючы першымі.
9 Дык калі прыйшлі тыя, што каля адзінаццатай гадзіны прыйшлі на работу, атрымалі па дынару.
10 А калі таксама прыйшлі першыя, думалі, што болей атрымаюць, але і яны атрымалі па дынару.
11 Дык узяўшы шэмралі (марматалі) на гаспадара,
12 і сказалі: "Гэтыя апошнія толькі адну гадзіну працавалі, а зраўняў іх з намі, якія пераносілі цяжар дня і сьпякоту".
13 А ён у адказ аднаму з іх сказаў: "Дружа, не зрабіў я табе крыўды. Ці ж ты не ўмовіўся са мной за дынар?
14 Дык вазьмі, што тваё, а ідзі, бо хачу і апошняму даць як табе.
15 Ці ж не можна мне рабіць, што хачу? І ці ж крывым вокам глядзіш на тое, што я добры?"
16 Так вось гэтыя апошнія будуць першымі, а першыя апошнімі. Бо многа пакліканых, а мала выбраных.
17 Уваходзячы ў Ерузалім Езус узяў адзельна Дванаццаць вучняў і сказаў ім па дарозе:
18 "Ужо ўваходзім у Ерузалім і Сын Чалавечы будзе выдадзены архісьвятарам і кніжнікам.
19 Асудзяць Яго на сьмерць, ды выдадуць на пасьмешышча паганам, на ўбічаваньне і ўкрыжаваньне. А тэцяга дня ўваскрэсьне."
20 Затым падыйшла да Езуса матка сыноў Забэдэявых з сынамі сваімі, пакланілася і прасіла нечага.
21 Езус спытаўся ў яе: "Чаго хочаш?" Яна сказала: "Загадай, каб гэтыя два сыны мае ў Каралеўстве Тваім сядзелі: адзін з правай стараны ў Цябе а другі з левай."
22 А Езус адказаў ёй: "Ня ведаеце, чаго просіце. Ці можаце піць чашу (келіх), каторую Я піць буду? Кажуць Яму: "Можам."
23 Сказаў ім: "Чашу маю праўда піць будзеце, але сядзець у Мяне па правай у Мяне старане ці па левай, не Мне вам даваць, але толькі тым, каторым прыгатаваў Айцец Мой."
24 Пачуўшы гэта дзесяць іншых разгневаліся на двух братоў.
25 Але Езус паклікаў іх да сябе і сказаў: "Ведаеце, што князі народаў пануюць над імі, а валадары маюць уладу над імі.
26 Паміж вас так не будзе. Але хто з вас хацеў бы быць важнейшым (большым), будзе вашым слугою.
27 А хто з вас хацеў бы быць першым, мае быць вашым слугою.
28 Так як і Сын Чалавечы не прыйшоў, каб Яму служылі, але каб Ён служыў ды аддаў душу Сваю на адкупленьне многіх.
29 Калі выходзілі з Ерыха праводзіла іх вялікая грамада.
30 А вось два сьляпых пры дарозе пачулі, што праходзіць Езус. Дык пачалі крычаць: "Госпадзе, зжалься над намі, Сыне Давідаў!"
31 А людзі сварыліся на іх, каб маўчалі!
32 Дык Езус спыніўся, паклікаў іх і спытаўся: "Што хочаце, каб вам зрабіў?"
33 Кажуць Яму: "Госпадзе, каб адкрыліся нам вочы."
34 Пашкадаваў затым іх Езус, дакрануўся вачэй іхніх і яны адразу праглянулі ды пайшлі за Ім.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Эвангельле паводле Матэвуша, 20 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.