Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага — арыгінал

Матэвуша 4 Паводле Матэвуша 4 разьдзел

1 Пасьля Езус быў заведзены Духам у пустыню для спакушаньня д'яблам.
2 Ён па саракадзённым і соракночным посьце чуўся галодным.
3 Дык прыступіўся да Яго звадыяш і сказаў Яму: "Калі Ты — Сын Божы, скажы, каб гэтыя каменьні перамяніліся ў хлеб."
4 Езус у адказ сказаў яму: "Напісана: ня толькі хлебам жыве чалавек, але і кожным словам, якое паходзіць з вуснаў Божых." (Паўт. 8:3)
5 Затым бярэ (пераносіць) Яго д'ябал у сьвяты горад і ставіць на версе сьвятыні,
6 і кажа яму: "Калі Ты — Сын Божы, дык спусьціся на ніз; бо напісана: "Анёлам сваім паручыў (Бог) Цябе, і яны на руках панясуць Цябе, каб часам аб камень не скалечыў сваёй нагі" (Пс. 90:11−12)
7 Езус сказаў: "Ня зводзь Госпада Бога твайго (Паўт. 6:16)
8 Дык зноў пераносіць Яго д'ябал на вусокую надта гару, ды паказвае Яму ўсе каралеўствы сьвету і іх пышнасьць,
9 і кажа Езусу: "Усё гэта аддам табе, калі ўпадзеш і паклонішся мне."
10 Затым Езус сказаў яму: "Ідзі ад Мяне, шатан, бо напісана: Госпаду твайму Богу кланяцца будзеш, і аднаму Яму служыць будзеш" (Паўт. 6:13).
11 Тады пакінуў Яго д'ябал а прыступіліся анёлы і служылі Яму.
12 Калі Езус пачуў, што Ян увязьнены, перанёсся ў Галілею.
13 Затым пакінуўшы горад Назарэт прыйшоў і абжыўся ў Кафарнаўм надморскім, на рубяжы плямён Забулён і Нэфталі.
14 Каб збылося прадсказана Прарокам Ізаям:
15 "Зямля Забулён і зямля Нэфталі, дарога марская за Ярданам, Галілея паганская.
16 Народ, які сядзеў у пацемках, убачыў сьвятло вялікае. Сьвятло ўзыйшло седзячым у краі засеня сьмерці" (Із. 9:1−2).
17 Адсюль пачаў Езус вучыць і напамінаць: Пакутуйце, бо прыблізілася Каралеўства нябеснае."
18 А калі Езус ішоў каля Мора ў Галілеі, убачыў двух братоў Сымона, каторага завуць Пятром, і Андрэя, брата яго, як запускалі сеткі ў мора, бо былі рыбакамі.
19 Сказаў ім: "Хадзіце за Мной! Зраблю вас рыбакамі людзей".
20 Яны, адразу кінуўшы сеткі, пайшлі за Ім.
21 Падыйшоўшы адтуль, ўбачыў двух іншых братоў: Якуба Забэдэявага і Яна, брата ягонага, як з бацькам сваім, Забэдэям, правілі сеткі ў лодцы. Езус і іх паклікаў.
22 А яны адразу, пакінуўшы сеткі і бацьку, пайшлі за Ім.
23 Затым абходзіў Езус усю Галілею і вучыў у сынагогах, і вясьціў Эвангелію Каралеўства ды аздараўляў сярод людзей усякую хваробу і ўсякую немач.
24 І аб Ім разыйшлася слава па ўсёй Сырыі. Дык прыносілі да Яго ўсіх рознымі немачамі хварэючых і церпячых, дый апанаваных ліхім, люнатыкаў, спараліжаваных, і Езус аздараўляў іх.
25 І хадзілі за Ім вялікія грамады: з Галілеі, і з Дэкаполя, з Ерузаліма, і з Юдэі, дый з-за Ярдана.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Эвангельле паводле Матэвуша, 4 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.