Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага — арыгінал

Матэвуша 12 Паводле Матэвуша 12 разьдзел

1 Аднойчы ў шабат праходзіў Езус каля збожжа. Вучні ж Ягоны галодны пачалі зрываць каласы і есьці.
2 Убачыўшы гэта фарызэі, казалі Езусу: "Глядзі, вось жа вучні Твае робяць, чаго не належыцца рабіць у дні суботнія".
3 Тады кажа ім Езус: "Ці не чыталі , што зрабіў Давід, калі чуў голад, ды тыя, што з ім былі?
4 Як увайшоў у дом Божы і еў хлябы пакладныя, каторых есьці не належыцца, ды і тым, што з ім былі, але толькі самым сьвятарам?
5 Няўжо не чыталі ў Законе, што ў шабат сьвятары ў сьвятыні нарушаюць шабат, але без віны.
6 А Я вам кажу, што нехта тут большы (важнейшы), чым сьвятыня.
7 Калі б вы ведалі, што значыць: "Міласердзя хачу, а не ахвяры (Оз. 6:6), дык ніколі не асуджалі б нявінных.
8 Бо Госпадам Сын Чалавечы, Ён таксама Госпадам і шабату.
9 Адышоўшыся адтуль, прыйшоў Езус у іхнюю сынагогу.
10 Тут быў чалавек сухарукі. Дык пыталіся ў Езуса: "Ці выпадае аздараўляць у шабат?" А гэта таму, каб магчы Яго абвінаваціць.
11 Езус жа сказаў ім: "Калі б хто з вас меў адну толькі авечку і тая ўвалілася б у дол у дзень суботні, ці ж ён ня схопіць яе і ня выцягне.
12 О колькі раз даражэйшы чалавек, чым авечка. Таму выпадае добра рабіць і ў шабат."
13 Затым кажа гэнаму чалавеку: "Выцягні сваю руку". І ён выцягнуў і сталася яна здаровай, як другая.
14 А фарызэі выйшаўшы раіліся адносна Езуса як загубіць.
15 А Езус адчуваючы гэта пайшоў адтуль. А за Ім ішло многа людзей і аздараўляў іх усіх.
16 І загадваў ім, каб Яго не выяўлялі.
17 Каб споўнілася тое, што сказана Ізаіям Прарокам, які сказаў:
18 "Вось жа Слуга Мой, Якога Я выбраў, мілы Мой, у Якім мае упадабаньне душа Мая. Сашлю на Яго Духа Майго, Ён абвесьціць суд паганам.
19 Ня будзе вадзіцца і ня будзе крычаць: ніхто не пачуе голасу Яго на вуліцах.
20 Трысьцінкі надломленай — ня зломіць і дымячага лёну — не патушыць, аж пакуль давядзе суд да перамогі,
21 ды ў Яго імю народы надзею мець будуць (Із. 42:1−4)."
22 Затым прывялі да Яго апанаванага ліхім, разам ён быў сьляпы і нямы. А Езус яго аздаравіў, так што гаварыў і відзеў.
23 Усе грамады дзівіліся і казалі: "Ці ж не Ён сын Давіда?"
24 А фарызэі, чуючы гэта, казалі: "Гэты толькі праз бельзэбуба, князя дэманаўскага выганяе д'яблаў."
25 Езус — жа, знаю чы іхнія думкі казаў ім: "Усякае Каралеўства разьдзіранае раздорам разваліцца ды кожны горад або дом разьдзіраны нязгодай — не ўстаіць.
26 Дык калі шатан шатана выганяе і яго разьдзірае нязгода. Як жа ўтрымаецца яго каралеўства (панаваньне)?
27 А калі праз бельзэбуба выганяю шатанаў, дык праз каго выганяюць сыны вашыя? Дзеля таго яны будуць вашымі суддзямі.
28 Але калі Я Духам Божым выганяю шатанаў, значыць прыйшло да вас Каралеўства Божае.
29 Або як можа хто ўвайсьці ў дом сілача і заграбіць яго рэчы, калі перш ня звяжа сілача, а толькі тады дом яго абрабуе.
30 Хто не са Мною, той проціў Мяне, ды хто са Мною не сабірае, той разкідае.
31 Таму кажу вам: кожны грэх і блюзьнерства будуць людзям адпушчаны, але блюзьнерства на Духа не будзе адпушчана.
32 Хто скажа што супроць Сына Чалавечага, будзе яму адпушчана, а хто што казаў бы супроць Духа Сьвятога ня будзе адпушчана ані ў гэтым, ані ў будучым веку.
33 Калі пасадзіце (робіце) дрэва добрае дык і плод яго добры, а калі ліхое, дык і плод яго ліхі, бо з плоду пазнаецца дрэва.
34 Зьмяіны род! Як жа вы можаце што добрае гаварыць, калі самі ліхія (благія). Са шчодрасьці сэрца і вусны гавораць.
35 Добры чалавек са скарбца, сэрца, добрыя дастае рэчы, а ліхі чалавек з благога скарбца-сэрца дабывае ліхія рэчы.
36 Кажу вам, што з кожнага пустога слова, што людзі кажуць, здадуць справаздачу ў судны дзень.
37 Бо па словах тваіх будзеш апраўданы, дый па словах сваіх будзеш асуджаны."
38 Тады некаторыя па Пісаньню і фарызэі казалі Яму: "Вучыцелю, хацелі б відзець ад Цябе знак."
39 Ён у адказ сказаў ім: "Ліхі род (племя) і чужаложны знаку патрабуе, але не будзе яму дадзены знак, адно знак Ёны Прарока.
40 Бо як Ёна быў у жываце вялікай рыбы тры дні і тры ночы, так Сын Чалавечы будзе ў сэрцы зямлі тры дні і тры ночы.
41 Нінівіты ўскрэснуць разам з гэтым племям на судзе ды асудзяць іх. Бо яны пакутавалі на прызыў Ёны: а вось тут большы, чым Ёна.
42 Каралева з паўдня ўскрэсьне з гэтым родам суд ды асудзіць іх. Бо прыбыла з канца зямлі паслухаць мудрасьці Салямона, а вось тут больш, чым Салямон.
43 А калі нячысты дух пакіне чалавека, бадзяецца па безводных мясцох, шукаючы адпачынку, ды не знаходзіць.
44 Тады кажа: "Вярнуся ў дом свой, скуль выйшаў". Ды прыйшоўшы знаходзіць яго пустым, вымеценым і прыбраным.
45 Тады ідзе і бярэ з сабой сем іншых духаў, горшых ад сябе, ды ўвайшоўшы пражываюць там. Так бываюць пазьнейшыя справы таго чалавека, горшыя за папярэднія. Так таксама станецца з гэтам родам крывадушным.
46 Калі Езус яшчэ гаварыў да народу, вось жа маці Ягоная і браты стаялі перад домам, хочучы з Ім пагаварыць.
47 Хто-то сказаў Езусу: "Во маці Твая і браты стаяць перад домам, шукаюць Цябе."
48 А Ён у адказ сказаў паведамляючаму: "Хто маці Мая і хто браты Мае?"
49 І паказваючы рукой на вучняў Сваіх, казаў: "Во маці Мая і браты Мае!
50 Хто вось спаўняе волю Айца Майго, Які ў небе, той Маім братам, і сястрой, і маткаю."
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Эвангельле паводле Матэвуша, 12 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.